
Турэмнае начальства прадпрымае новыя спробы выбіць прашэнне аб памілаванні ад палітвязня.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.
«Зноў пачалася нейкая мітусня. Адчуванне, што шукаюць «спосабы». Успомніў, што ў Шклове, калі пачаўся ціск, мне пагражалі напісаць прашэнне аб памілаванні замест мяне, ды так, што «ніякая экспертыза не пакажа». Каб зберагчы ад спакусы, папярэджваю – у выпадку падробкі «пракаментую» так, што мала не падасца. Я ўмею», – адзначыў Мікалай Статкевіч у сваім лісце.
У сваю чаргу жонка палітычнага вязня падкрэсліла, што падобныя правакацыі ў шклоўскай калоніі пачаліся яшчэ ў ліпені-жніўні 2011 года.
«У горад прыехаў Лукашэнка і заявіў, што прадаставіць палітвязням цягнік і самалёт, толькі б яны напісалі прашэнне аб памілаванні і з’ехалі з краіны. Калі хлопцы, якія там сядзелі, адмовіліся пісаць прашэнне, то на іх пачаўся «пробны» ціск. Ім пагражалі, што за іх усё напішуць «майстры» і зробяць гэта так, што ніякая графалагічная экспертыза гэтага не вызначыць. Мне пра гэта распавядалі практычна ўсе, з кім я размаўляла пасля вызвалення», – паведаміла Марына Адамовіч.
Яна адзначыла, што на гэты раз мітусня пачалася ўжо вакол магілёўскай турмы.
«Мікалай лічыць, што чыноўнікі шукаюць выйсце з сітуацыі. Раней муж нават заявіў, каб да яго не звярталіся з такой прапановай. Зараз Мікалай прыгадаў падзеі двухгадовай даўніны і вырашыў папярэдзіць, што ён у курсе і гэтага не дапусціць», – упэўненая Марына Адамовіч.
Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.
26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Рашэннем суда ад 12 студзеня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 17 у Шклове ў турму № 4 Магілёва.
Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, па загадзе ўладаў у дачыненні да яго ажыццяўляюцца правакацыі.