Мікалай Статкевіч не атрымлівае прадметаў гігіены

Палітвязень Мікалай Статкевіч за час зьняволеньня ніводнага разу не атрымаў прадметаў гігіены ды іншых рэчаў, на якія для кожнага вязьня з бюджэту выдзяляюцца грошы.

Пра гэта кажа жонка палітыка Марына Адамовіч, якая спрабуе праз заявы ў адпаведныя ўстановы зьмяніць становішча.

«Кожны зьняволены мае права атрымоўваць сродкі гігіены: аднаразовыя станкі для галеньня, туалетную паперу, зубную пасту альбо парашок і шчоткі, мыла гаспадарчае і туалетнае. Нормы прадугледжаныя пастановай Савету міністраў. Наколькі мне вядома з кантактаў са сваякамі вязьняў і з нашага асабістага досьведу, гэтыя нормы не выконваюць у прынцыпе. Калі ёсьць пастанова ўраду, то грошы з бюджэту мусяць выдзяляцца, але куды яны ідуць, гэта пытаньне да пэнітэнцыярнай сыстэмы. Я пляную гэтую тэму не пакідаць».

Днямі Марына Адамовіч атрымала ліст ад Мікалая Статкевіча, у якім палітвязень паведаміў, што пачуваецца нармальна, навінаў у рэжыме ягонага ўтрыманьня няма.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 года. Больш за год палітыка трымаюць ў магілёўскай турме як злоснага парушальніка рэжыму адбыцьця пакараньня.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Леанід Сьвецік
  • Андрэй Жукавец
  • Юрый Бандажэўскі