
Беларус, паляк, журналіст і апазіцыянер у адной асобе. Пераследаваны на радзіме Андрэй Пачобут стаў галоўным героем дакументальнага польскага фільму. Прэзентаваную ў Варшаве стужку «Асуджаны на польскасць» наўрад ці пакажуць у нашай краіне.
АЛЕКСАНДРА ШЧЭПАНЬСКА, ФОНД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ:
«Гісторыя Андрэя Пачобута паказвае, як моцна такіх людзей рэпрэсуюць у Беларусі. А мы – палякі – мусім праявіць салідарнасць у сувязі з падзеямі ў вашай краіне. Мы павінныя ведаць, што адбываецца ў Беларусі, каб дапамагчы».
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА, РЭДАКТАРКА САЙТУ «CHARTER’97»:
«Рашэнне праблемаў беларускіх палякаў неаддзельнае ад рашэння праблемаў беларускай дэмакратыі. І калі любы чалавек любога паходжання спрабуе змагацца з гэтым бязмежжам, то адразу трапляе пад каток новых рэпрэсіяў».
Андрэю Пачобуту пагражае 5 гадоў турмы за паклёп на прэзідэнта – цяпер ідзе следства. Падставаю для абвінавачання сталі публікацыі журналіста ў інтэрнэце, дзе Пачобут распавядае пра рэпрэсіі ўладаў Беларусі супраць грамадзянаў. Мінулым летам Андрэя ўжо судзілі паводле таго ж артыкулу. Тады гарадзенскі суд прызначыў пакаранне 3 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання. Таму на сённяшняй прэзентацыі журналіст не прысутнічаў. Яму забаронена пакідаць Горадню.
belsat.eu