Марына Адамовіч: Мікалай удзячны ўсім, хто захацеў яго павіншаваць

Палітзняволены кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч атрымаў некалькі дзясяткаў віншаванняў на дзень свайго нараджэння, а каля сценаў магілёўскай турмы, дзе ён утрымліваецца, адбыўся феерверк. Пра гэта даведалася яго жонка Марына Адамовіч. Па яе словах, каля 70-ці тэлеграм і паштовак – гэта толькі невялікая частка віншаванняў, накіраваных зняволенаму палітыку, таму што практыка паказвае, што далёка не ўсе лісты даходзяць да яе мужа:

– Ён атрымаў каля 50-ці тэлеграм, каля 20-ці паштовак. Я вельмі радая, што Мікалай ведае пра тое, што феерверк, які быў у той дзень, быў прысвечаны яму. Турма ўспрыняла гэта вельмі бурна, зняволеныя крычалі “Віншуем!” і “Жыве Беларусь!”. Для мыне гэта вельмі нечакана і вельмі прыемна, таксама ад яго вельмі вялікая просьба, перадаць удзячнасць усім людзям, якія захацелі яго павіншаваць, якія яго падтрымліваюць.

За ўдзел у Плошчы 2010 года, Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі. Ужо падчас знаходжання палітыка ў Шклоўскай калоніі від пакарання яму быў заменены на больш жорсткі – на ўтрыманне ў турме. Яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, патрабуючы напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Статкевіч катэгарычна адмовіўся пісаць прашэнне, заявіўшы адміністрацыі турмы, што не зробіць гэтага ні пры якіх умовах.

12 жніўня зняволенаму палітыку споўнілася 56 год.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Натальля Радзіна
  • Алег Волчак