Марына Адамовіч непакоіцца, ці атрымае Статкевіч падарунак на дзень народзінаў

12 жніўня — дзень нараджэньня у палітвязьня, былога кандыдата на прэзыдэнта Міколы Статкевіча.

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч кажа, што акурат у дзень свайго нараджэньня ёй без тлумачэньня прычын вярнулі бандэроль: зьняволены ў крытай турме пазбаўлены спатканьняў і перадач, яму можна даслаць толькі адну бандэроль на год. Што да віншаваньняў Міколы з днём народзінаў, Марына кажа:

«Я, скажам так, зрабіла для гэтага ўсё, што магла. А ці атрымае ён гэта, я пакуль што ня ведаю. У мінулым годзе, калі з днём нараджэньня яго павіншавала ўся зона Шклоўская, нас на тры месяцы пазбавілі перапіскі і ўсяго астатняга. А ў калёніі сьпілавалі турнік… Таму я так і кажу: я зрабіла для гэтага ўсё, што магла. А калі і што ён атрымае, я ня ведаю».

Мікола Статкевіч — кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 г. Затрыманы 19 сьнежня 2010 г. пасьля акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

26 траўня 2011 г. судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла Статкевіча на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.

У калёніі Мікалай Статкевіч быў прызнаны злосным парушальнікам і адпраўлены судом ў крытую Магілёўскую турму,

Улетку Статкевічу працягнулі ўтрыманьне ў камэры крытай турмы.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Леванеўскі
  • Алег Сурган
  • Павал Шарамет
  • Зьміцер Паліенка
  • Міхась Субач