Халіп: Саннікаў падпісаў прашэнне аб памілаванні

«Муж выглядае так, нібыта прайшоў 10 гадоў сталінскіх лагераў».

Пра гэта Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, паведаміла сёння на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Саннікаў быў асуджаны на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у вечар прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Халіп паведаміла, што яе муж папярэдзіў: перад сустрэчай з ёй і яе маці 24 студзеня яго праінструктавалі, што размовы будуць адбывацца пад аўдыёзапіс. На сустрэчы побач з імі сядзеў чалавек з адміністрацыі калоніі. Таму Саннікаў шмат канкрэтнага сказаць не мог, лічыць жонка. Калі б Саннікаў «нешта расказаў не тое», то сустрэча адразу б спынілася.

«Муж выглядае так, нібыта прайшоў 10 гадоў сталінскіх лагераў», — кажа Халіп.

Ірына Халіп сцвярджае, што з 16 па 20 лістапада ў магілёўскай турме з ім адбывалася «нешта жахлівае», але ён не мог патлумачыць што.

Ірына напісала запіску і прыклала да шкла: «Пагражалі нашай сям’і?». Ён кіўнуў, кажа Халіп.

«Калі спадар Зайцаў яшчэ ў СІЗА КДБ не грэбаваў пагражаць забойствам мяне і нашага сына Даніка, чаму тады асобы рангам ніжэй не маглі пераняць гэтыя метады?» — выказвае здагадкі яна.

«Мая адседка скончылася ў верасні. Далей пачаліся пыткі», — перадае словы Саннікава ягоная жонка.

Халіп расказала, што Саннікаў падпісаў прашэнне аб памілаванні яшчэ 20 лістапада.

«І калі Лукашэнка яшчэ тады атрымаў так жаданую паперку за подпісам свайго самага моцнага суперніка, чаму ён не размахваў ёй на сваёй прэс-канферэнцыі ў канцы снежня? Варыянтаў толькі два. Альбо Лукашэнка даўно не кантралюе сітуацыю, ці ў рэальнасці Лукашэнку не патрэбныя гэтыя паперкі — а гэта толькі адмазка для журналістаў, якія задаюць пытанні наконт вызвалення палітвязняў».

«Гаворка ідзе аб выратаванні жыцця, мяне могуць забіць у любы момант» — такую запіску, па словах Халіп, Саннікаў прыклаў да шкла пры развітанні.

А Ірыне сказаў, што «хачу хаця б яшчэ раз убачыцца».

Са словаў Ірыны Халіп, маці Саннікава ўсе 4 гадзіны дарогі назад з калоніі праплакала. Бо першай фразай сына былі словы «Я не спадзяваўся, што яшчэ калісьці цябе пабачу».

Палітыкі і палітвязні — пра сітуацыю з Саннікавым.

Анатоль Лябедзька: «Сваю пазiцыю я агучыў у красавiку летась, адразу пасля выхаду з СIЗА КДБ. Трэба канцэнтравацца не на чалавечых слабасцях, а на змене сiстэмы, якая прымушае iх праяўляць. Гэта наша мэта i галоўны прыярытэт».

Аляксандр Казулін: «Я лічу, што не варта абмяркоўваць Саннікава як слабога чалавека. Думаю, што толькі пару працэнтаў людзей змаглі б вытрымаць тое, што на яго навалілася. Я сам прайшоў падобны шлях, і скажу, што трэба мець моцную веру ў вышэйшае, каб ісці да канца. Асабіста для мяне падпісаць такое прашэнне было проста немагчыма, бо разглядалася б як здрада».

Уладзімір Някляеў: «Я буду рады, калі Андрэй Саннікаў, які быў маім саюзнікам на прэзідэнцкіх выбарах, выйдзе з-за кратаў на свабоду. Але прашэнне яшчэ не ёсць воляй. Таму я асцярожны ў каментарах, каб не нашкодзіць Саннікаву. Што насцярожвае? Тое, што прашэнне было падпісана даўно. І пра гэта не было ніякай інфармацыі. Мы ведаем, што Саннікаў прапаноўваўся на Захад як „палітычны тавар“. Я не выключаю, што Лукашэнка, займеўшы прашэнне Саннікава, доўга маўчаў пра тое, бо хацеў забіць двух зайцоў. І адносіны змяніць, і грошы атрымаць.

Прашэнне Андрэй падпісаў не па сваёй волі. Гэта зразумела. Хутчэй за ўсё, асцерагаючыся за блізкіх людзей на волі. У вязніцы ты сядзіш на фізічных практыкаваннях, якія з табой праводзяць. Але самае страшнае — гэта псіхалагічны ціск.

Як лёс Саннікава павернецца далей? Мяркую, што Лукашэнку ў дадзеным выпадку не задаволіць прашэння. Маўляў, гэты ішоў свядома на некастытуцыйны пераварот. Таму хай ён сядзіць. Вось так можа апраўдвацца Лукашэнка».

Дзмітрый Ус: «Гэта яго права, яго ўчынак. Я шкадую, што так атрымалася, што не хапіла ў яго сілы духа. На яго ўскладалася столькі спадзяванняў. Калі Саннікаў адмовіўся ад сваіх ідэй, то гэта нешта ды значыць. Зламалі, атрымліваецца».

Наста Палажанка: «Саннікаў як быў для мяне годным і мужным чалавекам, так і застаўся. Спадзяюся, што ён хутка будзе дома са сваімі роднымі. Саннікаву цяпер важна ведаць, што мы як былі з ім, так і застаемся, мы падтрымліваем яго».

Аляксандр Атрошчанкаў: «Тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ — гэта быў нечалавечы ціск. Мелі месца катаванні, пагрозы ў адносінах да Саннікава. Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — сярэднявечнае дзікунства. Людзей павольна знішчаюць. Чаму яго так і не выпусцілі за гэтыя два месяцы? Мэта Лукашэнкі, як адзначыла Ірына Халіп, — не выбіць прашэнне, а знішчыць апанентаў, якіх ён баіцца».

Павел Севярынец: «Рэчы, якія робяць з сённяшнімі палітвязнямі нельга назваць інакш, як мярзота. Але перад Богам давядзецца адказаць усім, у тым ліку і Лукашэнку».

nn.by

Іншыя палітычныя вязьні