“Ён у турме толькі за тое, што не пабаяўся сказаць праўду…”

30 снежня свой Дзень нараджэння сустрэў за кратамі яшчэ адзін палітвязень Арцём Сарокін – урач-анестэзіёлаг з Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску, якія зараз знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.

“Менавіта дзякуючы Арцёму не ўдалося прадставіць забойства Рамана Бандарэнкі, як забойства ў п’янай бойцы. І цяпер яны адыгрываюцца і помсцяць яму менавіта за гэта”, – кажуць паплечнікі Арцёма.

Нагадаем, што 19 лістапада па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Арцём Сарокін быў арыштаваны і змешчаны пад варту.

Пазней яму, а таксама журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч, было выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса Беларусі за выдаванне медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы, у сувязі з публікацыяй медыцынскіх дакументаў, якія тычацца памерлага ад траўмаў Рамана Бандарэнкі.

Інфармацыя, якая змяшчаецца ў гэтых дакументах, абвяргае заявы афіцыйных асобаў аб тым, што Раман Бандарэнка быў п’яны ў момант збіцця, пасля якога ён быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі. Пры гэтым блізкія сваякі Бандарэнкі не лічаць сябе пацярпелымі з-за іх апублікавання і пацвярджаюць іх сапраўднасць.

“У турму Арцём Сарокін трапіў толькі за тое, што не пабаяўся сказаць ўсяму свету ПРАЎДУ, – кажуць паплечнікі Арцёма. – Не пабаяўся выступіць супраць афіцыйнай версіі, агучанай на самым версе – пра тое, што Рома Бандарэнка быў п’яны (як быццам гэта апраўдвае сам факт забойства).

Менавіта дзякуючы Арцёму ім не ўдалося прадставіць гэта як забойства ў п’янай бойцы. І цяпер яны адыгрываюцца і помсцяць яму менавіта за гэта.

А сапраўдныя забойцы – па-ранейшаму на волі і ўсё гэтак жа адчуваюць сваю беспакаранасць у гэтай краіне крывых люстэркаў”.

Напісаць Арцёму Сарокіну можна па адрасе:

220030, г.Мінск, вул.Валадарскага, 2.

Сарокіну Арцёму Александравічу.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Завадскі
  • Максім Дашук
  • Андрэй Пратасеня
  • Вадзім Кабанчук
  • Міхаіл Пашкевіч