“Шмат чытае, малюе, займаецца спортам…”

Таццяна Шышкавец, адвакат Эдуарда Бабарыкі, распавяла сайту palitviazni.info пра сустрэчу з палітвязнем у ізалятары.

“Эдуард па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА КДБ, тэрмін знаходжання пад вартай яму працягнуты да 18 кастрычніка”, – кажа суразмоўца.

28 верасня адвакаты Эдуарда Бабарыкі Таццяна Шышкавец і Ірына Варанкова наведалі яго ў следчым ізалятары КДБ.

“Па сутнасці, у Эдуарда нічога не змянілася, – кажа Таццяна Шышкавец. – Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, тэрмін знаходжання пад вартай яму працягнуты да 18 кастрычніка. Мы, безумоўна, хадайнічаем аб змене меры стрымання, але пакуль сітуацыя не змяняецца”.

Са слоў адваката, Эдуард пачувае сябе добра.

“Здаровы, на ўмовы ўтрымання не скардзіцца, чытае шмат літаратуры, займаецца спортам, малюе, – дадае Таццяна Шышкавец. – Можна сказаць, што дух у яго бадзёры. Усе што просіць, яму перадаюць блізкія”.

***

Эдуард Бабарыка — кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Акрамя таго, сын Віктара Бабарыкі – бізнесмен. Заснавальнік краудфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнік пляцоўкі «MolaMola».

Эдуард Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня разам з бацькам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.

Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР “праводзіліся вучэнні”. У гэты ж дзень Эдуард Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Эдуарду Бабарыка было прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 243 (“Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры”).

Праваабарончай супольнасцю Эдуард Бабарыка прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Кім
  • Павал Вінаградаў
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Антон Сурапін
  • Уладзімер Кудзінаў