Іван Комар

Іван Комар нарадзіўся ў 2000 годзе, скончыў адну з мінскіх гімназій. Паводле палітычных перакананняў — анархіст. Па ладу жыцця — веган і стрэйтэйджэр.

Прыход да радыкальных ідэй Іван звязвае з дзіцячымі ўражаннямі і каляфутбольнай субкультурай. Быў заўзятарам сталічнага футбольнага клуба МТЗ-РІПО.

Хроніка пераследу

У 2016 годзе быў затрыманы за пашкоджанне камер відэаназірання, але крымінальная справа не заводзілася, у выніку вынеслі адміністрацыйнае пакаранне.

«Мы з таварышам гулялі па раёне, расклейвалі анархісцкія налепкі, – распавядаў Іван Комар novychas.by. – У ходзе гэтай прагулкі мы пашкодзілі відэакамеру. Хутка на нас была дадзеная арыенціроўка, а праз паўтары гадзіны нас затрымалі. Затрымаўшы, знайшлі ўлёткі і іншае.

Так што мы трапілі не проста за нейкае дробнае хуліганства — міліцыянты выклікалі людзей з больш «буйных» службаў. Адразу выклікалі іншых міліцыянтаў, з ГУБАЗіКа. Нас развялі па баках, не давалі размаўляць. Допыты, размовы… Нават не адпусцілі пасля таго, як за намі прыехалі бацькі. І нягледзячы на тое, што мы непаўналетнія, кінулі на суткі.

Першапачаткова да нас прыехаў ГУБАЗ, а потым ужо яго супрацоўнікі сказалі, што прыехала брыгада з КДБ, і калі мы зараз будзем працягваць маў­чаць, прывядуць іх, і з намі будуць «размаўляць інакш».

На пытанне, што ён адчуў, калі ўпершыню апынуўся сам-насам з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і ці не было страшна, Іван адказвае ўпэўнена: «Нічога новага я не адчуў, усё гэта было чакана, я ведаў, як што будзе. Адзінае, я не ведаў ніякіх законаў, што нам можа быць за тое, што мы зрабілі, што за артыкулы. Было хваляванне, што будзе далей, што з намі могуць зрабіць. Але ў асноўным — пагрозы, запужванні, — усё гэта я пераносіў даволі спакойна, бо гэтага чакаў. Пагражалі турмой, пагражалі іншыя артыкулы навесіць: «Вы анархісты, а ў Мінску графіці нядаўна намалявалі — усё на вас павесім. Усе апошнія акцыі будуць на вас вісець».

На малады ўзрост падазронага міліцыянты зніжку не рабілі: «З шасці вечара да дзевяці нас цягалі на допыты. Увечары зачынілі ў камеры, зранку — зноў на допыт. Пры гэтым нам нічога не казалі: ці распачатая крымінальная справа, ці не. Былі ўсялякія допыты, размовы незразумелыя. Але толькі на наступны вечар нас адпусцілі дамоў, потым зранку мы прыехалі на афіцыйны допыт, дзе быў адвакат і сацыяльны педагог са школы».

18 сакавіка 2018 года ў Івана быў праведзены вобшук нібы за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы інтэрнэт праз анархічную суполку. Але рэчы вярнулі і справу не ўзбуджалі.

У 2019 годзе Іван Комар працаваў на будоўлі, адкуль яго звольнілі пасля таго, як міліцыя паразмаўляла з начальствам, як ён сам паведамляў.

У ноч з 19 на 20 кастрычніка Іван Комар быў затрыманы разам з Мікітай Емяльянавым за атаку на СІЗА-1 у Мінску. На судзе ён агучваў пра выпадкі ціску ГУБАЗіКу і пагрозы згвалтавання на ІЧУ. Праз гэта падпісаў яўкі з павіннай і прызнанне ў эпізодзе закідвання чырвонымі лямпачкамі Мінгарсуда і першай (няўдалай) атакі на Валадарку.

12 лютага Іван Комар быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).

14 лютага Іван Комар быў прызнаны шэрагам праваабарончых арганізацый палітычным зняволеным.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Пракапенка
  • Аляксей Бондар
  • Алег Волчак
  • Яраслаў Грышчэня
  • Юрый Хадыка