Аляксандра Раманцова: Ад беларускага боку мы да гэтага часу не атрымалі адказу, як украінец Павел Грыб, які паехаў у Беларусь, апынуўся ў руках ФСБ…

Выканаўчая дырэктарка ўкраінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод Аляксандра РАМАНЦОВА ў вялікім інтэрв’ю для сайта palitviazni.info распавяла пра тое, як у Расіі з украінцаў робяць “шпіёнаў” і “тэрарыстаў”, пра вялікі абмен, салідарнасць і гучныя палітычныя справы.

“Наша рэкамендацыя па вызваленні палітвязняў такая – пастаянная салідарнасць і інфармацыйны ціск, – адзначае Аляксандра. – Толькі так можна дасягнуць поспеху…”

З чаго ўсё пачыналася

– Наш цэнтр быў заснаваны ў 2007 годзе, – кажа Аляксандра Раманцова. – Ідэя нарадзілася ў расійскіх праваабаронцаў сумесна з украінскімі, ствараўся своеасаблівы адміністратыўны цэнтр для вялікіх праектаў, якія былі разлічаны на некалькі краін. Мы, дарэчы, да гэтага часу шмат увагі надаем транспамежным праектам, куды ўваходзіць Україна, Беларусь, Расія і іншыя постсавецкія краіны.

Але бліжэй да 2010 году акрамя адміністравання праектаў мы пачалі займацца правядзеннем ва Украіне розных кампаній. Напрыклад, падчас чэмпіяната Еўропы па футболе-2012 праводзілі кампанію супраць гвалту ў паліцыі, і яна мела досыць шырокі рэзананс.

Займаліся кампаніяй па доступе да публічнай інфармацыі, з 2008 года сумесна з калегамі з Беларусі і Расіі адкрылі Міжнародную школу па правах чалавека, і яна працуе да гэтага часу.

Таксама мы ўключаліся ў працу па ўкраінскаму заканадаўству, па рэакцыі на парушэнні правоў чалавека ва Украіне, і адзін з вялікіх нашых этапаў быў 2013 год.

– Калі пачаўся Еўрамайдан?

– Так, 30 лістапада 2013 году мы даведаліся, што ноччу студэнты, якія прыйшлі на дэманстрацыю і вырашылі правесці ноч на вуліцы, былі збітыя. Пасля гэтага ў нашым цэнтры была адкрыта гарачая лінія “Еўрамайдан SOS”, і мы сталі вельмі папулярнымі па ўсёй Украіне. На нашай старонцы ў Фэйсбук да гэтага часу 123 тысячы падпісчыкаў.

Такім чынам мы ўключыліся ў пратэсты з праваабарончага боку. Прадастаўлялі юрыдычную дапамогу тым, хто быў арыштаваны, іх родным, шукалі тых, хто знік без звестак. Нярэдка гэта былі людзі, якія за месяц знаходжання на Майдане згубілі тэлефон, а таму блізкія тэлефанавалі нам, каб скантактавацца з роднымі. Больш за 300 чалавек мы знайшлі за перыяд Майдана.

Майдан моцна пашырыў наш спектр дзейнасці, мы зразумелі, што ёсць некалькі вялікіх сістэмных праблем, якія прыводзяць да таго, што падчас мірных масавых дэманстрацый здараюцца выпадкі агрэсіі ў дачыненні да дэманстрантаў.

У 2012 годзе мы пачалі кампанію грамадскага назірання за мірнымі дэманстрацыямі, калі валанцёры на акцыях назіраюць за працай паліцыі па забяспячэнні права на мірныя сходы. Суадносна, мы рэагуем на тое, што адбываецца і даем ацэнку, згодна з міжнароднымі стандартамі.

У 2013 годзе, калі быў Майдан, наша праца змясцілася ў суды, якія часам працягваліся да чатырох гадзін раніцы. Быў геніяльны выпадак, калі судзілі 75-гадовага пенсіянера. Яго вінавацілі ў тым, што ён, маўляў, агрэсіўна нападаў на паліцыю. Суды працавалі пад капірку. Дзядулю па рашэнні суда адправілі ў СІЗА, праўда, затым яго змясцілі пад дамашні арышт.

Мы адсочвалі сітуацыю. І зараз займаемся не толькі маніторынгам судоў і мірных дэманстрацый, але працуем з паліцыяй і нават вучым паліцэйскіх. Пасля Майдана паліцыя стала больш адкрытай, таму і мы вырашылі змяніць свае падыходы да яе.

 

Як з украінцаў пачалі “ляпіць” ворагаў

– У 2014 годзе мы пачалі кампанію салідарнасці з палітвязнямі, – працягвае Аляксандра. – Тады распачалася крымінальная справа чатырох абсалютна розных людзей, якіх аб’ядноўвала толькі адно – што яны жывуць у Крыме. Гэта была справа Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанкі, Генадзя Афанасьева і Аляксея Чырнія.

Мы проста ўбачылі, як расійская прапаганда, нават на разбіраючыся ў гісторыі гэтых людзей, робіць з іх “тэрарыстаў”. Ды яшчэ і “Правы сектар” сюды прыцягнулі. Самае ціквае было з Аляксандрам Кольчанкам, бо ў апошні час ён наадварот займаўся актывізмам у прасоўванні левых ідыялогій. І ўжо зусім не ўпісваўся ў “тэрарысты” рэжысёр Алег Сянцоў.

Калі мы ўбачылі, як зляпілі гэтую справу і пачалі адсочваць сітуацыю, то заўважылі, што тэндэнцыя будзе нарастаць. Расійскай медыя-машыне патрэбны былі людзі, каб дамалёўваць ім карцінку і рабіць з іх ворагаў, ад якіх Расія як быццам абараняе жыхароў Крыма і грамадзян Расійскай Федэрацыі.

Да канца 2014 года такіх людзей было ўжо 11, затым іх колькасць толькі павялічвалася. І мы пачалі кампанію салідарнасці з палітвязнямі. Спачатку звярнуліся ў МЗС Украіны, бо гэтае ведамства дыпламатычна кантактавала з Расіяй па вызваленні вязняў. Але працавалі ў асноўным па Алегу Сянцову і Надзеі Саўчанка, бо пра астатніх украінскіх палітвязняў у Расіі альбо ў Крыме было асабліва не чуваць. І наша першая прапанова да МЗС была такая: каб і гэтых людзей уключылі ў спіс “палітычных”, тых, каго неабходна вызваліць.

Гэта была вельмі прадуктыўная кампанія. МЗС пачало з намі супрацоўнічаць дзеля таго, каб мы фарміравалі спісы палітвязняў, збіралі нейкія матэрыялы па іх справах. У пэўны момант і блізкія вязняў зразумелі, што можна звяртацца да нас. І гэтая кампанія ўжо працягваецца амаль шэсць гадоў.

— Колькі зараз палітвязняў ва Украіне?

— Нягледзячы на ўсе вызваленні, сёння мы маем 87 чалавек, якія асуджаны па палітычных матывах. Людзі затрыманы альбо знаходзяцца на тэрыторыі Расіі альбо Крыма. Акрамя таго, ёсць каля 200 зняволеных, якія знаходзяцца ў падвалах на тэрыторыі акупаваных тэрыторый Луганскай і Данецкай абласцей. Там сітуацыя яшчэ складаней, бо, калі на тэрыторыі Расіі ці Крыма існуе хаця б нейкая сістэма рэгістрацыі і выстаўлюць хоць нейкія абвінавачванні (звычайна – шпіёнства альбо тэрарызм), то на акупаваных тэрыторыях і гэтага няма.

– 87 “палітычных”, хто яны?

– Асноўная частка – гэта маладыя крымска-татарскія мужчыны, у якіх дома засталіся сем’і, дзеці. І мы падлічылі, што гэтых дзетак, чыіх бацькоў адправілі за краты, больш за 200. Ёсць малыя, якія нарадзіліся, калі тата быў ужо ў турме і пакуль нават не бачыў сваё дзіця.

Кідалі ў турму нават цэлыя сем’і. Ёсць выпадак, калі ў Крыме маці засталася адна з трыма дзеткамі на руках, бо асудзілі і мужа, і бацьку, і брата. Як правіла, людзей асуджаюць па артыкулах за экстрэмізм і тэрарызм і адпраўляюць з Крыма за сотні кіламетраў, а значыцца блізкім і адвакату нават праблематычна выехаць на спатканне.

Акрамя таго, у Крыме ўсе аўтаматычна атрымалі расійскае грамадзянства, таму не даюць украінскім консулам працаваць з гэтымі палітвязнямі. І вельмі вялікая праблема – гэта катаванні.

 

“Больш чым у 80 выпадках былі катаванні токам…”

–  Збіццё, псіхалагічны ціск – гэта для расійскіх следчых і турмаў норма. Больш за тое! Маюцца пацвярджэнні, што больш чым у 80 выпадках былі катаванні токам. З-за гэтага першая сустрэча палітвязня з адвакатам адкладваецца на максімальна доўгі тэрмін, каб сыйшлі сляды пабоеў.

Яшчэ адзін важны аспект – адсутнасць медыцынскай дапамогі. Крымскататарскага грамадскага актывіста Эдэма Бекірава ў Расіі арыштавалі быццам бы па падазрэнні ў “незаконным абароце зброі і выбухоўкі”. І вось уявіце сабе, што ў чалавека, які рыхтаваў дыверсію з 14 кілаграмамі выбухоўкі, няма нагі, і ў яго стаяць чатыры шунты ў сэрцы. Эдэм Бекіраў не можа падняць больш за бутылку вады, а яму прыпісваюць 14 кг выбухоўкі!

З тых 100 дзён, што Бекіраў утрымліваўся ў спецкамеры, ён кожны дзень павінен быў прымаць 16 відаў розных лекаў. Па такіх дыягназах нават згодна з расійскім заканадаўствам чалавек наогул не павінен знаходзіцца ў турме.

– Здаецца, падобная сітуацыя была і з украінцам Паўлам Грыбам, які знік пасля перасячэння ўкраінска-беларускай мяжы, а затым яго асудзілі ў Расіі да 6 гадоў зняволення.

– Так. Павел быў затрыманы ФСБ на тэрыторыі Беларусі, затым яго перавезлі ў Краснадарскі край, мы яго знайшлі там толькі праз чатыры дні. Мы звярталіся ў беларускае пасольства з нагоды знікнення Паўла, але ніякага афіцыйнага адказа і тлумачэння не атрымалі да гэтага часу. Хацелі даведацца: што ўсё ж-такі адбылося насамрэч, і якім чынам чалавек, які прыехаў у Беларусь, аказаўся затым у Краснадары, у руках ФСБ?

У Паўла Грыба былі хранічныя захворванні, наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і хлопцу таксама патрэбна было рэгулярнае лячэнне, хаця ўвесь час, што ён знаходзіўся ў расійскай турме, не атрымліваў практычна ніякай медычнай дапамогі.

Зараз, дзякуй Богу, Бекіраў і Грыб знаходзяцца на волі, яны патрапілі ў спіс першага вялікага абмену. Але вызвалены пакуль усяго 35 чалавек, пры гэтым толькі 11 з іх лічацца палітвязнямі. Астатнія – ваенныя маракі, якія былі захоплены расіянамі ў акваторыі Чорнага мора з прэтэнзіяй на тое, што гэта тэрыторыя Расійскай Федэрацыі. Самае цікавае, што да гэтага ўкраінскія караблі спакойна перамяшчаліся па гэтай акваторыі, але Расія захапіла менавіта гэты экіпаж, у выніку чаго чатыры чалавекі аказаліся раненымі і зараз у некаторых вялікія праблемы са здароўем. Адзін з маракоў, нягледзячы на тое, што яму зрабілі аперацыю, знаходзіцца ў даволі складаным стане. У яго праблемы з рухальнымі функцыямі рукі, на якую зрабілі аперацыю.

А Расія, тым часам, да гэтага часу не хоча прызнаваць, што гэта былі ваеннапалонныя. Яна праводзяць іх па працэдуры грамадзянскага суда, што парушае ўсе нормы міжнароднага права.

Маракі выконвалі ваенную задачу, яны былі захоплены ваеннымі іншай краіны. Ёсць рашэнне Гамбургскага трыбунала, што маракі разам з караблямі павінны быць вернуты Украіне, але Расія робіць, як кажуць, фінт вушамі. Вызваляе маракоў падчас абмена вязнямі, хаця павінна была зрабіць гэта, кіруючыся рашэннем Гамбургскага трыбунала.

Тое самае і з Бекіравым. Было рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека, што крымскататарскі актывіст павін быць вызвалены.

Мы над гэтымі ўсімі кейсамі працуем, і для нас палітвязні – гэта не ўсе тыя людзі з украінскім грамадзянствам, каго Расія арыштавала. Мы раздзяляем палітычны пераслед і крымінальны.

– Дзякуючы чаму стала магчымым вызваленне ўкраінскіх палітвязняў з расійскіх турмаў?

– Найперш хачу сказаць, што абмен у верасні гэтага года – гэта не першае вызваленне ўкраінскіх палітвязняў.

Да гэтага некалькі чалавек проста збеглі з няволі, двое адсядзелі і вярнуліся ва Украіну. І успомнім, што быў яшчэ адзін абмен, калі дадому адпусцілі Надзею Саўчанка, Генадзя Афанасьева і Юрыя Салашэнку. Іх абмянялі на супарацоўнікаў ГРУ Расіі.

Адным словам, вызваленні былі рознымі, але вялікі масавы абмен адбыўся менавіта ў верасні гэтага году. І гэта, на мой погляд, такая спроба Масквы пасябраваць з новым кіраўніцтвам Украіны, бо былы прэзідэнт Пётр Парашэнка трымаў больш жорсткую пазіцыі па гэтым пытанні.

Мы, праваабаронцы, у гэтай сітуацыі разумеем, што толькі салідарнасць і міжнародны ціск вырашаюць палітычныя кейсы. На жаль, з дапамогай самых добрых адвакатаў выцягнуць палітвязняў з турмаў было немагчыма, бо гэтая праблема вырашаецца не ў судах, а на палітычным узроўні.

Але ёсць яшчэ адна праблема. Вызваленне 11 палітвязняў – гэта добра, але трэба разумець, што Расія вельмі лёгка можа набраць у тым жа Крыме альбо на акупаваных тэрыторыях у Луганскай і Данецкай абласцях новых палітычных закладнікаў. Зараз у Крыме пачынаюць наязджаць нават на крымскататарскіх жанчын, таму там абсалютна ніхто не абаронены.

Для нас важна не толькі вызваліць людзей з няволі, а дамагчыся таго, каб Расія наогул перастала арыштоўваць людзей па палітычных матывах. Дарэчы, пасля вялікага абмена Расія ўжо арыштавала дваіх украінцаў па справах, якія маюць менавіта палітычны падтэкст.

– Адным словам, гэта працэс “арышт-абмен” могуць зрабіць бясконцым…

– Безумоўна, гэта тэрарыстычны метад, каля бяруць у палон закладніка, а затым у абмен на гэтых людзей гандлююцца і патрабуюць нейкія саступкі ўзамен. Дык вось зараз у Расіі патэнцыйных закладнікаў – каля 6 мільёнаў чалавек. У Крыме, на Данбасе і ў Луганскай вобласці… І гэта, калі не лічыць тых украінцаў, якія вырашылі адправіцца на тэрыторыю Расіі альбо ў Крым.

На тэрыторыю Расіі ўкраінцам зараз ездзіць небяспечна, і мне, дарэчы, забаронены туды ўезд, пра што я даведалася ад беларускіх памежнікаў, калі ехала ў Беларусь. Суадносна, і Беларусь наведваць забаронена. Я накіравала афіцыйныя запыты ў Расію, але мне так і не патлумачылі, на якой падставе мяне ўключылі ў спіс неўязных.

 

Што можа дапамагчы вызваленню палітвязняў?

– У Беларусі сітуацыя з палітвязнямі не такая вострая, як ва Украіне, але яна таксама існуе.

– Мы знаёмы з гэтай сітуацыяй, яна адрозніваецца ад сітуацыі з расійскімі ці ўкраінскімі палітвязнямі. У Беларусі – гібрыдная мадэль асуджэння “палітычных”, калі з аднаго боку як быццам усё праходзіць праз суды, а з іншага – вельмі сумніўная незалежнасць гэтых самых судоў.

Гэта было яскрава бачна на прыкладзе судовага працэса над кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім, і да слова, 4 жніўня, калі быў затрыманы Алесь, мы заўсёды адзначаем Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Мы пастаянна падтрымлівалі розныя кампаніі па вызваленні Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязняў, хаця, на жаль, ва украінскіх СМІ на гэтую тэму наогул няма ніякай інфармацыі. А мы пра гэта ведаем, дзякуючы таму, што супрацоўнічаем з беларускімі калегамі.

– Напэўна няма нейкіх універсальных рэкамендацый з нагоды таго, што трэба зрабіць, каб палітвязні апынуліся на волі?

– Для нас універсальны рэцэпт – гэта галоснасць. Палітычныя справы пастаянна павінны асвятляцца і на ўнутраным, і на міжнародным узроўні. Напрыклад, калі арганізоўвалі кампанію па вызваленні Алега Сянцова, то зрабілі стаўку нават не на палітыкаў і дыпламатаў, а на простых людзей па ўсім свеце, якія пачалі выказваць словы падтрымкі таму ж Алегу.

І нават, калі не ўсе лісты даходзілі да Алега Сяняцова, то змяняліся адносіны да яго адміністрацыі калоніі. Калі чалавеку прыходзіць 200 лістоў, то ўжо гэта робіць яго адметным нават у той сістэме.

Таму наша рэкамендацыя па вызваленні палітвязняў – пастаянная салідарнасць і інфармацыйны ціск. Толькі так можна дасягнуць поспеху.

Нам нярэдка казалі, што мы займаемся пустой справай, але калі табе выказваюць шчырую падзяку людзі, якія апынуліся ў тым ліку і з нашай дапамогай на волі, то гэта дарагога вартае.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Фёдар Мірзаянаў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Юры Казак
  • Зьміцер Хведарук
  • Тацяна Елавая