Гары Паганяйла: Міхаіл Жамчужны можа выйсці на волю раней часу

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра магчыя рэпрэсіі падчас палітычных кампаній, пра палітвязня Міхаіла Жамчужнага і магчымасці таго, што яго датэрмінова выпусцяць на волю.

“Мяркую, улада таксама зацікаўлена, каб Жамчужны хутчэй апынуўся на волі”, – кажа праваабаронца.

– Набліжаецца час важных палітычных кампаній – парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, – кажа Гары Паганяйла. – Суадносна, рыхтуюцца да іх і ўлады. Калі кампаніі будуць праходзіць ціха і мірна, то рэпрэсій не будзе. Але калі нехта паспрабуе, як кажуць прадстаўнікі ўлады, “шавяльнуцца”, то апошнія з дапамогай сілавікоў у чарговы раз могуць паказаць, хто ў доме гаспадар. І нішто іх не спыніць.

Самае цікавае, што сапраўды празрыстых выбараў не было і ў бліжэйшы час не будзе. Гэта разумеюць і тыя, хто іх арганізоўвае, і тыя, хто пагаджаецца на тэатральныя ролі ў гэтым спектаклі. У нас не разглядаюцца выбары, як інструмент змены ўлады. Гэта тычыцца і парламенцкіх выбараў і, тым больш, прэзідэнцкіх.

– Ёсць прызначэнне людзей, якія даказалі сваю лаяльнасць да рэжыма?

– Безумоўна. Яны правяраюцца некалькі разоў, за іх адказваюць і мясцовыя спецслужбы, і мясцовы кіраўнік адміністрацыі, калі чалавек вылучаецца з рэгіёна. Уся гэтая інфармацыя паступае на самы верх, і ўжо там кандыдатура ўзгадняецца.

Паверце, напярэдадні парламенцкіх выбараў можна практычна на сто працэнтаў прадказаць, хто затым атрымае дэпутацкі мандат. А тыя, хто ідуць “не па спісах”, хто рэальна з’яўляецца апанентамі ўлады, якраз і могуць патрапіць пад рэпрэсіі, калі пачнуць занадта актыўна праводзіць сваю выбарчую кампанію.

— На фоне дыялога з Захадам дзіўна было бачыць, як распачыналіся такія гучныя крымінальныя справы, як “справа патрыётаў”, “справа прафсаюзаў”, “справа БЕЛТА”. Можа быць, улада зрабіла для сябе выснова і такіх спраў, якія ў судзе развальваюцца, як струхнелая хатка, больш не будзе?

– Такія справы ўзнікаюць перманентна, незалежна ад палітычнай сітуацыі ў краіне і за яе межамі. Яны проста патрэбны ўладзе для падтрымання ўзроўня страху ў грамадстве. Для таго, каб паказаць, хто ў доме ўсемагутны гаспадар.

І калі заўважаюць, што нехта занадта актыўнічае, то ў дачыненні да яго адразу пачынае працаваць рэпрэсіўная машына. Таму такія справы з’яўляліся і будуць з’яўляцца надалей, нягледзячы на тое, што патрэбна падтрымліваць добрыя стасункі з Захадам. Для ўладаў унутраныя рэпрэсіі куды важней, чым знешнія выклікі.

Хаця мы бачым, што ў апошні час нават калі і ўзнікаюць гучныя крымінальныя справы, то яны не заканчваюцца для фігурантаў рэальнымі тэрмінамі зняволення. Улады насамрэч перасталі кідаць людзей за краты пачакамі, як гэта было ў 90-х гадаў і напачатку 2000-х. Пасля таго, як выйшлі на волю фігуранты снежаньскіх падзей 2010 году, пасля пацяплення з Захадам, відаць, вырашана, больш палохаць самімі крымінальнымі справамі, а не іх вынікамі. Таму прафсаюзныя лідары атрымалі тэрміны адбыцця пакарання на “хатняй хіміі”, фігурантам “справы БЕЛТА” далі толькі штрафы, а “справа патрыётаў” і наогул не дайшла да суда.

– Зараз за кратамі знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Ці можа ён выйсці на волю раней часу, як гэта ўжо было ў практыцы?

– Безумоўна, можа. У нас ужо традыцыя выпускаць на волю палітычных зняволеных напярэдадані нейкіх знакавых палітычных падзей альбо сустрэч з заходнімі чыноўнікамі высокага рангу. У такім выпадку палітвязні, як правіла і выступалі падчас гандлю ў якасці дамоўнага тавара.

Іншая справа, што Міхаіл Жамчужны – гэта не палітык з гучным іменем, не кандыдат у прэзідэнты. Праваабаронца, які патрапіў у пастку спецслужбаў, – менш вядомая асоба, але, тым не менш, яго пытанне таксама рэгулярна ўзнімаецца падчас сустрэч беларускай дэмакратычнай грамадскасці з еўрапейскімі палітыкамі. Таму, натуральна, нязручныя пытанні даводзіцца выслухоўваць затым і прадстаўнікам таго ж Міністэрства замежных спраў. Мяркую, улада таксама зацікаўлена, каб Жамчужны хутчэй апынуўся на волі.

– Зараз сітуацыя з Міхаілам Жамчужным даволі складаная, ён практычна не выходзіць з ШІЗА альбо Памяшкання камернага тыпу. Палітвязня адмыслова ламаюць?

– Калі Міхаіл патрапіў у гэтую сістэму і пайшоў ёй насуперак, то яго і вырашылі зламаць. Мяркую, гэта звязана не столькі з яго палітычным статусам, колькі з тым, што адміністрацыя калоніі нервова рэагуе на зняволенага, які не хоча падпарадкоўвацца мясцовым законам. У калоніі свае правілы, свая іерархія, а Жамчужны ламае звыклы лад жыцця. І таму вырашылі зламаць яго.

Безумоўна, чалавеку вельмі складана змагацца з гэтай сістэмай, але, спадзяюся, Міхаіл Жамчужны пройдзе праз усе выпрабаванні. Тым больш, наколькі мне вядома, у дачыненні да яго апошнім часам адміністрацыя калоніі ставіцца крыху больш лаяльна.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні