Андрэй Бастунец: Як Сяргея Пятрухіна наогул маглі судзіць за “абразу” і “паклёп”?

18 красавіка брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў, які ён павінен выплаціць цягам месяца.

“Прырода пераследу зразумелая, – распавёў для сайта palitviazni.info старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. – Улада бачыць нябеспеку і ў блогерах, і ў незалежных медыях”.


18 красавіка суд Ленінскага раёна г. Брэста вынес прысуд па крымінальнай справе супраць блогера Сяргея Пятрухіна. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч. 2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паведамляе spring96.org.

Блогера пакаралі штрафам у памеры 360 базавых велічыняў (9180 рублёў ці 4381 долараў). Пятрухіна абавязалі таксама выплаціць маральную шкоду пацярпелым супрацоўнікам Ленінскага РАУС г. Брэста 8500 рублёў ці 4250 долараў. У сукупнасці па прысуду блогер абавязаны выплаціць 8631 долараў.

Суддзя абавязаў выплаціць гэтую суму цягам месяца. Таксама паведамляецца, што пакуль пакінулі падпіску аб нявыездзе і арышт на маёмасць.

“Суд над блогерам Сяргеем Пятрухіным ў Берасці скончыўся прысудам яму штрафа (360 базавых) за “абразу” і “паклёп” і кампенсацыяй маральнай шкоды “пацярпелым” міліцыянтам, – пракаментаваў прысуд на сваёй старонцы ў Фэйсбук кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. – Пракурор прасіў 2 гады “хіміі” і кампенсацыю.

Зразумела, што справа была заказной ад самага пачатку. Яна паказала, наколькі хворыя ў нас і суды і міліцыя, наколькі яны ўсе павязаныя паміж сабой, і як яны пакрываюць самі сябе.

Са слоў праваабаронцы, “супраціў грамадства і хваля абурэння і салідарнасці не дала ўладам здзейсніць задуманае і закатаць Пятрухіна на “хімію”.

А штраф — перажывем! – аптымістычна адзначае Алесь Бяляцкі.

“Калі хто не ведае, то я нагадаю, што рэпартаж Пятрухіна быў пабудаваны на выказваннях людзей, якія абвінавачвалі міліцыянтаў ў збіцці, – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. – Адзін з гэтых людзей падаў заяву аб ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянераў, і да гэтага часу заява яшчэ не разгледжана. Калі тут не пастаўлена канчатковая кропка, то як наогул маглі судзіць Пятрухіна за “абразу” і “паклёп”?

Акрамя таго, лічыць кіраўнік БАЖ, сам факт крымінальнага пераследу за інфармацыйныя артыкулы няправільны, бо такія справы павінны разглядацца ў грамадзянскіх судах.

“Пра крымінальнае пакаранне па такіх справах наогул не павінна ісці гаворка, – дадае Андрэй Бастунец.Але, як мы бачым, гэта не адзіная “справа блогераў” у апошні час. Зразумела, што ўлада бачыць нябеспеку і ў блогерах, і ў незалежных медыя. Мы памятаем, як і ў мінулым годзе пераследвалі журналістаў. Прырода пераследу простая. Улады спрабуюць зрабіць зачыстку інфармацыйнага поля перад выбарамі, і гэта відавочна”.

palitviazni.info

Сяргей Пятрухін. Фота з сацсетак

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Сурган
  • Мікалай Дзядок
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Аляксандар Малчанаў