Кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец: Складваецца ўражанне, што справа з’явілася на пустым месцы

13 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска – працяг працэса над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец пракаментаваў сайту palitviazni.info першы дзень гэтага гучнага судовага працэса.

Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“Першы дзень суда пацвердзіў тое, пра што і раней выказваліся ў журналісцкіх колах: у БЕЛТА не было ніякай абароны па падпісцы, якую праводзіла інфармацыйнае агенцтва, – кажа Андрэй Бастунец. – Пацвердзіў, што гэтая падпіска не мела ніякай каштоўнасці, бо інфармацыя знаходзілася практычна ў адкрытым доступе, а асноўная кліентура БЕЛТА – некалькі дзесяткаў дзяржаўных ораганаў і СМІ – не мелі абавязкаў па дазволу на распаўсюд пароляў. Вельмі шмат пытанняў узнікае і наконт шкоды, якая быццам бы нанесена БЕЛТА. Адным словам, склалася ўражанне, што справа наогул з’явілася на пустым месцы”

Па словах Бастунца, у справе пытанняў больш чым адказаў, але спрагназаваць, якім будзе прысуд, складана.

“Як бачым, дырэктар БЕЛТА настойвае, каб Марына Золатава была прыцягнута да крымінальнай адказнасці, – адзначае кіраўнік БАЖ. – Але будзем спадзявацца на лепшы зыход. Думаю, варта нават разлічваць на апраўдальны прысуд”.

palitviazni.info

Фота: БелаПАН

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні