Станіслаў Шушкевіч пра cуд над Марынай Золатавай: Палітычныя справы патрэбны ўладам для гандлю…

Экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч выказаў сайту palitviazni.info сваё стаўленне да працэса над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай і распавёў, чаму “справа БЕЛТА” была распачата невыпадкова”.

“Вырашылі “перавыхаваць” TUT.BY, які, як самастойны партал, даўно муліць вока рэжыму. Таму і распрацвалі сцэнар”, – кажа Станіслаў Станіслававіч.

 

Нагадаем, што сёння, 12 лютага, у судзе Маскоўскага раёна пачаўся судовы працэс над галоўным рэдактарам інфармацыйнага партала Tut.by Марынай Золатавай.

Яе абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“Справа БЕЛТА” – адзін з відаў ціску на незалежныя СМІ, – кажа Станіслаў Шушкевіч. – І зараз, як мы бачым, сілавікамі выконваецца чарговы заказ улады, каб прэса была больш паслухмяная. У прыватнасці, вырашылі “перавыхаваць” TUT.BY, які, як самастойны партал, даўно муліць вока рэжыму”.

Былы кіраўнік незалежнай Беларусі лічыць, што ярка акрэсленыя палітычныя справы ў Беларусі з’яўляюцца невыпадкова.

Такія справы – інструмент гандлю для ўладаў, – лічыць Станіслаў Станіслававіч. – Могуць сказаць Захаду: вось, маўляў, не адправілі чалавека на 5 гадоў за краты, хаця мелі на гэта поўнае права. Дадуць Золатавай штраф і будуць паказваць гэта сваім еўрапейскім партнёрам, як “дэмакратычнае дасягненне”. І дадаваць пры гэтым: “А зараз вы нам дайце грошай”.

А пра тое, што гэтая крымінальная справа наогул не павінна была з’явіцца, што яна мае абсалютна палітычны характар, казаць, натуральна, не будуць. І гэта вельмі агідная з’ява! Таму што такія крокі ў накірунку да дэмакратыі – пыл у вочы. Але Захад можа павесціся на такую гульню”.

Са слоў Шушкевіча, беларускія спецслужбы маюць нядрэнных аналітыкаў, таму і распрацоўваюць розныя сцэнары, каб балансаваць паміж Усходам і Захадам.

“Журналісты сталі ахвярамі чарговага распрацаванага спектакля”, – дадае суразмоўца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні