Як сілавікі праводзілі “спецаперацыю” па затрыманні Рыгора Кастусёва

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў сайту palitviazni.info падрабязнасці таго, як яго захоплівалі і судзілі.

“Я палічыў, што за адзін дзень даў працу каля 30 работнікам міліцыі, ізалятараў і судоў, – кажа палітык. – Трыццаць чалавек працавалі на тое, каб даць мне штраф!”

Як ужо паведамлялася, суд Партызанскага раёна Мінска 4 ліпеня разгледзеў адміністрацыйную справу старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Палітык быў затрыманы напярэдадні па дарозе ў аэрапорт Мінск-2, паведамляе сайт партыі БНФ. Ён збіраўся вылятаць у Варшаву, дзе меўся ўдзельнічаць у пасяджэнні міжнароднай камісіі польскага Сейму. Паплечнікі па партыі ведалі, што з дому ён  выехаў, але ў Варшаве не з’явіўся. Тэлефон палітыка быў адключаны.

Ноч да суда Кастусёў правёў ў ізалятары часовага ўтрымання.

Палітыка звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па артыкуле 23.34 КаАП і пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Пратакол правапарушэння быў складзены за ўдзел Кастусёва ў пікетаванні рэстарана “Поедем поедим” у Курапатах.

– Мяркую, што напачатку ўсё-такі мяне хацелі адправіць на «суткі», – распавядае Рыгор Кастусёў. – Да такой высновы я прыйшоў, мяркуючы па паводзінах міліцыянтаў, якія мяне затрымлівалі. Яны загадзя перамаўляліся з суддзёй. Я запатрабаваў адваката, мне яго прадаставілі і, мяркую, гэта дапамагло атрымаць штраф, а не адміністрацыйны арышт.

– Затрыманне стала для вас нечаканасцю?

– Гэта стала ледзь не шокам! Мне трэба было вылятаць у Варшаву на пасяджэнне міжнароднай камісіі польскага Сейму, ехаў у Мінск на машыне. За рулём быў не я. Недзе за 25 кіламетраў да сталіцы наша аўта спынілі ДАІшнікі. Да машыны адразу падбеглі людзі ў масках, учапіліся за мяне і выцягнулі з салона. Перасадзілі ў свой аўтамабіль. Усяго ў затрыманні ўдзельнічалі каля 10 сілавікоў. Павезлі ў Бараўляны. Ехалі моўчкі, але мяне ўвесь час здымалі на камеру.

– Цэлую спецаперацыю распрацавалі…

– Так, як быццам тэрарыста захоплівалі. У Бараўлянах у мясцовым райаддзеле міліцыі да тых, хто мяне затрымліваў, далучыліся яшчэ і мясцовыя міліцыянеры. Яны патрабавалі, каб я падпісаў два пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях 14 і 28 чэрвеня, калі я быў сярод абаронцаў Курапат.

Я, натуральна, адмовіўся нешта падпісваць, а падпісаў толькі дакумент аб азнаямленні са сваімі правамі. Хаця і тыя правы, што былі пазначаны, не выконваліся. Напрыклад, не далі мне патэлефанаавць родным і блізкім, каб паведаміць, дзе я знаходжуся. Калі я гэта патрабаваў, сілавікі выходзілі ў калідор і з некім раіліся.

Пазней мяне ў чарговы раз загрузілі ў машыну і пасадзілі побач шэсць суправаджаючых міліцыянераў. Павезлі ў РАУС Мінскага раёна, там пачалася праверка рэчаў. Увесь гэты працэс чамусьці ізноў здымалі на відэакамеру. А пасля адправілі ў камеру.

– Вы так і не паведамілі блізкім пра сваё затрыманне?

– Не паведаміў, бо тэлефон адразу ж забралі. Але ў той жа час паднялі трывогу мае калегі, з кім я павінен быў ляцець у Варшаву. Яны распавялі ў СМІ, што я не даехаў да аэрапорта, сябры пачалі пошукі. Тэлефанавалі ў райаддзелы міліцыі, дзе мог бы тэарэтычна знаходзіцца, бо я ехаў з Бялыніч. Бялыніцкі райаддзел міліцыі патэлефанаваў у Мінск, і толькі вечарам сталічныя міліцыянеры прызналіся бялыніцскім калегам, дзе я знаходжуся. Тады ж паведамілі пра гэта і сябрам па партыі.

А я ў той час знаходзіўся ў камеры. Спачатку быў там адзін, але за ноч да мяне падсялілі аж пяцярых мужчын, якіх жонкі здалі ў міліцыю, як дэбашыраў. Адным словам, ноччу паспаць практычна не ўдалося.

4 ліпеня мяне перавезлі ў Партызанскі РАУС, ізноў праверылі ўсе рэчы і нават іх перапісалі. Як я зразумеў, рыхтавалі адпраўляць на “суткі”. І затым ізноў у суправаджэнні чатырох міліцыянераў прывезлі ў суд Партызанскага раёна Мінска.

– Ад “сутак”, у рэшце рэшт, вам удалося адбіцца…

– І я бачыў ад гэтага рашэння вялікае разачараванне ў міліцыянераў, якія мяне ахоўвалі. Было чуваць, што па тэлефоне яны некаму дакладалі пра судовае рашэнне.

– За суткі вы далі працу вялікай колькасці сілавікоў.

– Так, усе былі пры справе. Лічыце самі. Затрымлівалі дзве машыны ДАІ і машына, якая везла мяне ў Бараўляны. Усяго было задзейнічана каля 10 чалавек. У Бараўлянскім райаддзеле ля мяне завіхалася яшчэ каля дзесяці чалавек. Дадайце сюды работнікаў ізалятара, тых, хто браў адбіткі пальцаў, вёў фота- і відэаздымку, супрацоўнікаў суда і атрымаецца, што ўсяго ў “спецаперацыі” было задзейнічана каля 30 чалавек. І гэта дзеля таго, каб выпісаць штраф за абарону Курапат! Неверагодная “спецаперацыя”, я такой даўно не бачыў!

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Падгол
  • Яўген Сакрэт
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Арцём Брэўс
  • Уладзімер Лыско