Мікалай Статкевіч: Для мяне ганьба – удзельнічаць у такіх судах

Апазіцыйнага палітыка і былога палітвязня Міколу Статкевіча не пакінулі ў ізалятары на Акрэсціна даседжваць адміністратыўны арышт, які ён мусіў адбыць яшчэ ў сакавіку, а выпусцілі на свабоду 4 ліпеня.

“Гэта наогул дзікунства – судзіць за тое, што хацеў ускласці кветкі да помніка”, – распавёў палітык сайту palitviazni.info.

Мікола Статкевіч быў затрыманы 3 ліпеня ля свайго дома перад анансаванай ім “Акцыяй вызвалення і салідарнасці”. Ноч ён правёў у ізалятары, а днём 4 ліпеня яго адвезлі ў суд Першамайскага раёна. Палітык адмовіўся удзельнічаць у судовым працэсе і патрабаваў вярнуць яго назад у ізалятар.

У выніку суд завочна аштрафаваў Статкевіча на 40 базавых велічынь (980 рублёў). Меркавалася, што пасля гэта яго павязуць на “суткі”, але вечарам палітыка выпусцілі на волю.

“Ва ўсёй гэтай сітуацыі вельмі абурыла нават не тое, што не далі адсядзець “суткі” за мінулы адміністрайцыйны арышт, а вырашылі разбіць адбыццё пакарання на дробныя кавалкі, – кажа Мікола Статкевіч. – Хаця разумею, што гэта таксама робіцца, каб трымаць у напружанні і мяне, і маіх блізкіх. Але больш абуральна, што не далі ўскласці кветкі да помніка загінулым ў гады Вялікай Айчыннай вайны салдатам. Міліцыя хапала людзей, якія прыйшлі з кветкамі! Яны што, нейкія бандыты?! Гэта дзікунства!”

Распавёў палітык і пра тое, чаму ён адмовіўся прысутнічаць на судзе.

“Калі суддзя збіраецца судзіць чалавека за ўскладанне кветак да помніка салдатам, то пра які справядлівы суд можна казаць? – дадае палітык. – Я не стаў удзельнічаць у гэтым цырку, бо разумеў, які будзе вырак. І гэта было б ганьбай прысутнічаць на такім працэсе. Удзельнічаць у гэтым – значыцца аўтаматычна дапускаць, што ты нешта парушаў. А гэта ўсяго толькі парушэнне ў нечыіх мазгах, не больш за тое. Таму я патлумачыў сваю пазіцыю суддзі і пакінуў залу. Суддзя і міліцыянеры затым заклікалі мяне вярнуць назад, але я сказаў, што, калі ёсць у тых жаданне, то могуць у залу весці мяне сілай. Відаць, пабаяліся пад фота і відэкамерамі гэта рабіць. У выніку было прынята рашэнне, што суд быццам бы сам выдаліў мяне з залы судовага пасяджэння”.

Пасля гэтага Міколу Статкевіча адвезлі ў Перашамайскі РАУС і хацелі адправіць на “суткі”.

“Ім цяжка было б апраўдацца перад народам, калі б адправілі ў ізалятар толькі за тое, што хацеў ускласці кветкі да помніка, – мяркуе суразмоўца. – Таму патрымалі да вечара і адпусцілі. І першае, што я зрабіў пасля гэтага, пайшоў і ўсклаў кветкі да таго самага помніка. Увогуле, уся гэтая сітуацыя паказвае, што калі дзяржава лязгае старой зброяй падчас парадаў, то гэта зусім не ўшанаванне памяці. Гэта вялікая хлусня, якая нам дорага каштуе. А сёння я яшчэ раз хачу выказаць падзяку тым людзям, якія прыйшлі на мерапрыемства, але, на жаль, былі затрыманы. З іх пачнецца вызваленне, бо гэтыя людзі ўжо вызвалены ад страху”.

palitviazni.info.  

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казулін
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Рыгор Кійко