Мікола Статкевіч: Нам не сорамна будзе глядзець у вочы сваім дзецям

19 снежня – сёмая гадавіна акцыі пратэсту падчас прэзідэнцкіх выбараў-2010.

Пра мінулыя падзеі і сёняшнюю сітуацыю ў краіне сайту palitviazni.info распавядае былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, які быў вызвалены 22 жніўня 2015 году пасля амаль пяцігадовага зняволення.

“19 снежня для мяне – гэта вялікая дата, – кажа палітык. – Гэта была не проста акцыя пратэсту, а Паўстанне годнасці…”

Нагадаем, што 19 снежня 2010 года падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі адбылася найбольш масавая за апошнія гады акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і жорсткі разгон гэтага пратэсту ўладамі. Былі збітыя і затрыманыя сотні чалавек, у тым ліку 5 кандыдатаў у прэзідэнты.

– 19 снежня для мяне – гэта вялікая дата, – кажа Мікола Статкевіч. – Гэта была не проста акцыя пратэсту, а Паўстанне годнасці, якое мае вялікае значэнне ў фарміраванні нашай нацыі. Беларусы 19 снежня 2010 году, няхай і з пэўнымі стратамі свабоды і здароўя, але паказалі сябе. Бескантрольная ўлада мае тэндэнцыю захапляць усё новыя і новыя тэрыторыі для сябе, забіраць у людзей больш свабоды. Калі яе не спыняць, то мы маглі б дайсці да ўзроўню Паўночнай Карэі. І калі б не было вулічнага супраціву, то, мабыць, беларусы ўжо строем хадзілі б. Але сем гадоў таму людзі спынілі ўладу, паказалі, што з імі так нельга паступаць. Улада адпомсціла, але ўсё ж-такі яна баіцца людзей і ўлічвае іх пратэстныя настроі.

Пасля снежаньскіх падзей пяць год апазіцыя ніводнага мітынга ў цэнтры Мінска не правяла, аднак мы гэтую тэндынцыю затым змянілі. І паглядзіце на той жа “Марш годнасці”. Мы ведалі, што ўлады да 1 кастрычніка збіраліся ізноў аднавіць дзеянне дэкрэта аб “дарамаедах”. Аб’явілі марш, і дакумент не быў прыняты. Значыцца – рэагуюць. Варта было толькі арганізатарам сказаць, што мы падымаем тэму пра забойства салдата ў Печах, як улада таксама імгненна змяніла рыторыку. Пачалі расследваць справу, шукаць вінаватых… Таму ўлады баяцца публічных акцый. Хаця людзей стараюцца застрашыць.

А для мяне галоўнае, што гэта былі дзеянні годнасці. Гэта падзеі, якія ствараюць нацыю, якая кансалідуецца вакол учынкаў і дзеянняў. Людзі, якія выйшлі 19 снежня на мірную акцыю, паказалі гэта. Удзельнікі акцыі паказалі свае мужныя дзеянні. І прымусілі сябе паважаць.

– Якія адмоўныя наступствы мелі тыя падзеі?

– На жаль, многія з тых, хто прэтэндаваў на лідарства ў апазіцыі, апынуўшыся сам-насам з машынай падаўлення, зламаліся. У іх не хапіла сіл супрацьстаяць сістэме. Яны альбо публічна пайшлі на супрацоўніцтва з уладамі, здрадзіўшы тым людзям, якія выйшлі па іх закліку на вуліцу, альбо зрабілі гэта ціха. Я не маю на ўвазе моладзь, а кажу пра некаторых кіраўнікоў апазіцыйных структур, якія, як ужо казаў, за пяць гадоў не правялі ніводнай акцыі ў цэнтры Мінска. Паходы на Бангалор дэманструюць не годнасць, а баязлівасць араганізатараў.

– Падчас знаходжання ў калоніі вы адчувалі кампанію салідарнасці на волі?

– Пасля Плошчы-2010 мы атрымалі спачуванне еўрапейскіх народаў, нас прызналі сваімі. Была вялікая кампанія салідарнасці, мы выклікалі сваімі дзеяннямі павагу народаў. На жаль, гэты патэнцыял быў у пэўнай ступені забытым. А тыя, на каго ўскладалі надзеі, выйшлі рознымі шляхамі на свабоду і не працягнулі барацьбу. Ды і зараз яны яе імітуюць, седзячы ў сваіх партыйных офісах і робячы выгляд, што займаюцца апазіцыйнай палітыкай.

Але, паўтаруся, падзеі сямігадовай даўніны – гэта вялікая падзея. Тым, хто быў на плошчы, не сорамна будзе глядзець у вочы сваім дзецям. Яны могуць сказаць: “Мы змагаліся. Толькі сілы былі няроўныя”.

 

З успамінаў Міколы Статкевіча пра падзеі 19 снежня 2010 году:

Першыя гады аналізаваў, што адбылося, але прыйшоў да высновы, што ў той сітуацыі я мала што мог зрабіць лепш. Адзінае, што не варта было трапляць у тую пастку, што мне падрыхтавалі і заманілі ў яе. А мо і гэта было да лепшага… Калі ля офіса “Гавары праўду” я ўбачыў аўтобус, то зразумеў, што будзе далей.

Заняў пазіцыю спіной да міліцэйскай машыны, паглядзеў, як б’юць, сам удары трымаў. Але я не ўспрымаў міліцыянтаў, як ворагаў. Нашы хлопцы, маладыя салдаты, якім далі каманду і тыя яе выконвалі… Што датычыцца плана на выбары 2010 году, то ў жніўні сабраліся ўсе апазіцыйныя кандыдаты, усё абмеркавалі. Вырашылі, што выбараў не будзе. Магчымыя інструменты – толькі вуліца. Задача-максімум – толькі перамога. Мінімум – ціснуць на ўладу, каб тая пайшла на дэмакратычныя змены. Максімальнага выніку было дасягнуць нерэальна, таму што не дамовіліся пра адзінага кандыдата. Акрамя таго, было спадзяванне, што паўплывае канфлікт беларускіх уладаў з Масквой, але за тыдзень да выбараў сітуацыя змянілася. І тады цалкам была дасягнута задача-мінімум, хоць, безумоўна, напэўна можна было неяк вывесці людзей з пад удару.

У дзень выбараў мы канспіраваліся. Я лічыў, што самы небяспечны час будзе – за гадзіну да заканчэння галасавання. Калі кандыдата забіраюць днём, то гэта – скандал. Таму мае калегі арганізавалі цэлую спецаперацыю. Вязе, напрыклад, машына ў адным накірунку, я выходжу і бягу ў пераход, каб сесці ў іншую. Мяне завезлі ў бяспечнае месца. Пасля прыехаў у месца, прызначанае Уладзімірам Някляевым. Я быў у шокавым стане, калі ўбачыў тое, што ўбачыў! Гэта была пастка! Падчас сутычкі мне пабілі нагу, але сіл хапіла, каб арганізаваць дэманстрацыю. Мы з Някляевым вырашалі арганізацыйныя пытанні, але ж хто ведаў, што не Някляеў кіруе працэсам? І мой хіб, што я не здолеў своечасова звесці людзей з плошчы. Мне далі гукаўзмацняльную апаратуру, калі ўжо адбыўся першы ўдар па дзвярах. Выцягнулі мяне з-пад гэтага дому трое маіх хлопцаў на чале з Міхалам Шараметам. Я спрабаваў спыніць міліцыянтаў. Калі апошнія людзі сыходзілі з плошчы, я выбачыўся, што не здолеў людзей зберагчы, на што мне адзін мужчына сталага веку сказаў: “Статкевіч, дзякуй за дзве гадзіны свабоды”. Потым хлопцы мяне давялі да вакзала, сеў ў таксі… Ля плошчы машыну заблакавалі, пабілі шкло, ўсіх выцягнулі на снег. Мяне адразу ж адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, а праз гадзіну перавялі ў “амерыканку”. Спрабавалі ў мяне запатрабаваць нейкія дакумента, я паслаў іх і сказаў: “Не перашкаджайе спаць”. А праз нейкі час і наогул аб’явіў галадоўку.

…Калі ў снежні 2010 году канфлікт з Расіяй быў залагоджаны, мне ўсё стала зразумела. Я нават тэрмін для сябе прадказаў. Адзін знаёмы тады, перад выбарамі, казаў: “Давай пасля выбараў сустрэнемся”. Кажу: “Давай. Гадоў праз 6-7”. Мне амаль столькі ж і выпісалі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Мікіта Ліхавід
  • Васіль Старавойтаў
  • Антон Сурапін
  • Анатоль Букас