Сяргей Чыслаў: Гэта тактычная перамога, але не стратэгічная

Крымінальны пераслед да ўсіх удзельнікаў “справы патрыётаў” спынены.

“Мяркую, ахвяры былі выбраны зараней, такі сцэнар быў падрыхтаваны яшчэ да пратэстаў”, – распавёў сайту palitviazni.info стваральнік легендарнай арганізацыі “Белы Легіён” Сяргей Чыслаў.


На сайце Следчага камітэта з’явіўся каментар наконт спынення справы «Белага Легіёна». Следства прыйшло да высновы, што “дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фармавання”, але “гэтыя дзеянні абвінавачаных у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя нязначнымі”.

“Асабіста я, як адзін з тых хто паклаў у свой час багата высілкаў на карысць стварэння “Белага Легіёну” (разумеючы гэта, як фрагмент Беларускай Дзяржавы), шчыра дзякую ўсім, хто спрычыніўся да гэтай невялікай тактычнай перамогі – вызвалення патрыётаў з турмы і галоўнае – спынення сфальсіфікаванай крымінальнай справы, – напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук Сяргей Чыслаў. – Фактычна мы разам – грамадскія актывісты, журналісты, адвакаты, праваабаронцы,прадстаўнікі дыяспары і дыпламаты – прымусілі карную сістэму адступіць. З невялікай, але з Перамогай нас! Мой шчыры зямны паклон Вам, сябры!”

– Сяргей, як вы ўспрынялі навіну пра спыненне крымінальнага пераследу ў дачыненні да фігурантаў “справы патрыётаў”?

– З апымізмам і верай у тое, што ў дзяржаве яшчэ засталіся адэкватныя людзі.

– Але самі ці верылі ў такі расклад падзей?

– Так, але з папраўкамі, што некалькі чалавек (у першую чаргу тых, каму падкінулі зброю) будуць “мурыжыць” доўгі час. Для мяне відавочна – “справа патрыётаў” была неабходна, каб збіць вясновую хвалю пратэстаў.

– Ці варта зараз хлопцам дамагацца ад дзяржавы нейкай кампенсацыі?

– Cледства хітрым чынам падало вынікі расследвання справы. Склад злачынства быццам бы і ёсць, але ён малазначны. Таму наўрад ці можна будзе хлопцам разлічваць на нешта большае. А ўвогуле, кожны сам будзе вырашаць, як паступаць далей. Гэта залежыць ад нашых сяброў, ад таго, наколькі яны стомленыя самой справай. А на дзяржаўныя СМІ, якія паклёпнічалі на людзей, безумоўна, варта было падаць у суд.

– Вы лічыце спыненне справы тактычнай перамогай?

– Тактычнай, але не стратэгічнай. Ці можна было пазбегнуць гэтай сітуацыі з арыштамі? На мой погляд, ахвяры былі выбраны зараней, такі сцэнар быў падрыхтаваны да пратэстаў, бо здымкі летніка ў Бабруйску вяліся яшчэ 3 гады таму. Улады доўга прыдумлялі, якім чынам гэта можна скарыстаць і ў які час. І скарысталі. Эфект быў дасягнуты — увагу людзей адцягнулі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Гнедчык
  • Андрэй Пратасеня
  • Леанід Сьвецік
  • Уладзімер Кобец
  • Аляксей Янушэўскі