Мікалай Статкевіч: Справа можа дайсці нават да пасадкі ў турму

 Экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавядае сайту palitviazni.info пра адміністрацыйныя арышты лідараў апазіцыі.

“Чалавек адаптуецца да ўсялякіх умоў. Пасля майго больш чым сямігадовага досведу вывучэння беларускай пенітынцыярнай сістэмы мяне ўжо напалохаць нечым цяжка. Таму што было і значна горш”, – кажа палітык.

 

Найбольш актыўных лідараў апазіцыя працягваюць “прэсаваць” праз адміністрацыйныя арышты. Напрыклад, Мікалай Статкевіч з 31 кастрычніка адбываў 5-суткавы арышт за акцыю супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017», якая прайшла 8 верасня ў цэнтры Мінска. І ў той жа час быў асуджаны яшчэ на 10 сутак – быццам за пікет, праведзены 7 кастрычніка каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Пасля выхаду на волю палітык напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, што “абставіны майго апошняга арышту глыбока падаюцца глыбока сімвалічнымі ў кантэксце сёняшніх стасункаў беларускага рэжыма з Еўрасаюзам”…

– Калі мяне арыштоўвалі, улады выдатна ведалі, што я збіраюся на пасяджэнне Еўранест, якое адбывалася ў Кіеве, – распавядае Мікалай Статкевіч. – Ужо былі куплены білеты на самалёт, і неўзабаве пасля гэтага я быў затрыманы. Але ж перад гэтым, падчас акцыі, не захацелі арыштоўваць. Яны выбралі канкрэтны час.

Улічваючы, што арыштоўвалі за акцыю супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2017», то гэта сапраўды выглядае, як пэўны мэсідж. Улада дэманструе Захаду: маўляў, мы тут з расіянамі будзем адпрацоўваць ядзерны напад на заходніх суседзяў, будзем знішчаць сваіх палітычных апанентаў, а вы павінны прымаць нас з візітамі і вярнуць легітымнасць рэжыму. І беларусам паказваюць – няма ў Беларусі ніякай свабоды і дэмакратыі, не чакайце празрыстых выбараў, але нас усё роўна з усмешкай прымаюць на Захадзе.

Праўда, трэба, каб Еўропа яшчэ грашыма дапамагала, бо Расія дае не столькі, колькі хацелася б. А трэба ж утрымлівасць шматлікую армію сілавікоў. Дзеля гэтага і патрэбна, каб Захад без усялякіх умоў вызначыў крэдыты на падтрыманне гэтай арміі. Таму, як ужо казаў, тут просты і зразумелы мэсідж.

– На ваш погляд, як адрэагуюць еўрапейскія палітыкі на такое пасланне?

– Адказ відавочны – ніяк. Але я хачу звярнуць на гэтую сітуацыю ўвагу і беларусаў, і тых еўрапейцаў, якія сапраўды разумеюць, што адбываецца.

– Вам спачатку далі 5 сутак арышту, а затым дадалі яшчэ дзесяць. Гэта не стала нечаканасцю?

– Не, гэта нечаканасцю не было. Яшчэ раней мне казалі, што будзе дадатковы суд. Дарэчы, не выключана, што справа можа дайсці нават да пасадкі ў турму. Спачатку могуць змяніць нагляд, затым можна знайсці некалькі парушэнняў рэжыма і кінуць на некалькі гадоў за краты. І ўсё зробяць быццам бы па законе.

Але я хачу сказаць, што гэта – наша краіна. Яна, акрамя нас, больш нікому не патрэбна. Таму мы павінны самі разабрацца са сваімі праблемамі. І разабраліся б, калі б не Крэмль, які ўзяў на ўтрыманне беларускі рэжым. А зараз да такога ўтрымання далучаецца яшчэ і Еўропа.

– На “сутках” вы не ўпершыню, але як даводзілася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў апошнім разам?

– Не было нечага новага, хаця перыядычна здараюцца правакацыі. Напрыклад, раней былі спробы заразіць нас на сухоты. Хворага чалавека запускалі ў камеру і забаранялі казаць прысутным у камеры пра сваю хваробу. Я ўжо маю турэмны досвед, таму пачаў распытваць таго чалавека і той прызнаўся пра хваробу.

Але зараз нейкіх асаблівых правакацый не было. Хаця, увогуле, чалавек адаптуецца да ўсялякіх умоў. Пасля майго больш чым сямігадовага досведу вывучэння беларускай пенітынцыярнай сістэмы мяне ўжо напалохаць нечым цяжка. Таму што было і значна горш.

– На ваш погляд, арышты найбольш актыўных лідараў апазіцыі працягнуцца?

– Безумоўна. Рэжым паказвае, што ён баіцца толькі выхаду людей на вуліцу. Усё астатняе – падман. Мы таксама не хочам нейкіх боек на вуліцы, а хацелася б вырашыць праблемы мірна – праз вулічны ціск. На мой погляд, іншага шляху няма.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Жамчужны
  • Вінцук Вячорка
  • Мікіта Ліхавід
  • Алесь Пушкін