Мікола Статкевіч: Найперш за краты кідаюць патрыётаў сваёй краіны

22 верасня на выхадзе з мінскага офіса прафсаюза РЭП пасля пасяджэння Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу быў затрыманы былы палітвязень Мікола Статкевіч.

А напярэдадні палітык распавёў сайту palitviazni.info пра пратэсты ў Беларусі, палітвязняў і гучныя палітычныя справы.

– Спадар Мікола, ці могуць гэтай восенню паўтарыцца вясновыя пратэсты альбо людзі ўжо застрашаны пасля тых рэпрэсій, што адбыліся апошнім часам?

– Я не буду гадаць, бо народ у нас застрашвалі не толькі вясной гэтага году, а ўвогуле апошнія 20 гадоў. Але абавязак дэмакратычных сілаў, калі яны хочуць быць народнымі лідарамі, рабіць людзям прапановы. Трэба весці іх за сабой, даваць ім магчымасць выказаць свой пратэст публічна. Хаця і ў гэтым выпадку мы прымаем асноўны ўдар рэжыма на сябе.

Мы павінны спрабаваць. І калі спрабуем, то людзі пачынаюць разумець, што гэта мы – патрыёты – адзіная рэальная альтэрнатыва ўлады. Таму будзем працягваць рабіць тое, што і рабілі раней. Каб людзі ведалі, што мы выступаем за іх. А мы – гэта тые, хто выступае за незалежнасць, за свабоду, дэмакратыю, за беларускую Беларусь.

– Многія мяркуюць, што вясновую хвалю пратэстаў “збіла” заведзеная крымінальная “справа патрыётаў”, расследванне якой працягваецца…

– Я ведаю, што ўлады “збіваюць” пратэстныя хвалі супраць сябе ўсімі магчымымі метадамі. Гэта было заўсёды. Але ўсе бачылі, што ў першую чаргу пратэсты збілі брутальныя дзеянні супраць дэманстрантаў 25 сакавіка.

Наколькі я ведаю, адмоўны рэйтынг улады пасля гэтых дзеянняў вырас адразу на 15 працэнтаў. Гэта таксама не пайшло на карысць рэжыму. Улада панесла рэпутацыйныя страты са сваім новымі еўрапейскімі сябрамі. Але,паўтаруся, самае галоўнае – гэта страта даверу тых 15 працэнтаў беларусаў. Людзі асудзілі той разгон.

Хаця, натуральна, не ўсе гатовы змагацца. Многія выглядаюць расчараванымі, і сваё расчараванне транслююць навокал. Ім так лягчэй, такім чынам у іх адбываецца псіхічная рэанімацыя. Праўда, адбываецца яна за кошт іншых. Я б такім расчараваным людзям параіў сваёй рэабілітацыяй займацца ў сваім больш вузкім коле. І не замінаць тым, хто замагаецца. Я ўпэўнены, што наша прага да свабоды пераможа. Улада будзе альбо саступаць, альбо сваімі брутальнымі дзеяннямі супраць найбольш вядомых актывістаў усё глыбей заганяць у безвыходны для сябе крызіс.

– Але ж “справа патрыётаў” з’явілася вясной гэтага году, падчас пратэстаў, невыпадкова?

– Безумоўна, і такія справы будуць з’яўляцца яшчэ. Улада абараняецца, яна шукае нагоду, каб застрашыць грамадства. І задзейнічае ўсе сродкі, якія ў яе ёсць. Таму “справа патрыётаў” з’явілася не на пустым месцы, і пры гэтым яна суправаджалася нават катаваннямі маіх паплечнікаў.

– Зараз працягнулі тэрмін расследвання “справы патрыётаў” яшчэ на паўгода. Чым, на ваш погляд, яна ўвогуле можа закончыцца?

– Гэтая страшылка ўжо вычарпала сябе, па сутнасці, гэты сцэнар ужо адпрацаваны і яго можна выкінуць. Але будуць шукаць іншыя страшылкі. Праўда, пры ўмове, што на гэта хопіць грошай. Бо ўсе дзеянні ўладаў звычайна ўпіраюцца ў рэсурсы. Чаму ўлада напладзіла ў краіне столькі сілавікоў? Бо народ яна баіцца больш за ўсё. Больш чым за розныя эканамічныя крызісы і, мяркую, нават больш чым за страту незалежнасці.

Сёння краіна цалкам эканамічна залежыць ад Крамля, а таму нават не можа адмоіцца ад правядзення сумесных вайсковых вучэнняў з агрэсарам. А патрыётам у Беларусі слова не даюць – іх наадварот саджаюць за краты. У ізалятарах аказваюцца найперш тыя, хто выступае за незалежнасць Беларусі. А нашы хвалёныя міністры і сілавікі, як высвятляецца, яны абсалютна не здольныя абараніць незалежнасць краіны. Таму што Пуцін – іх кумір і камандзір. Расійская прапаганда – гэта тая зброя, якая працуе ў Беларусі ціха, але эфектыўна. Але як толькі мы вырашылі выступіць супраць вайсковых вучэнняў з Расіяй, адразу Някляева захапілі, пайшлі павесткі ў суд… Паўтаруся, народа ў нас баяцца больш, чым страты незалежнасці.

– Акрамя “справы патрыётаў” апошнім часам ў краіне з’явілася і яшчэ адна палітычна матываваная “справа прафсаюзаў”. Ізноў пайшлі страшылкі?

– Так, улада пастаянна шукае магчымасці для запалохвання арганізацый і людзей. Саджаць за дэманстрацыі – гэта крымінальная справа. Значыцца, на Захадзе могуць не зразумець такога нахабства. А нясплата падаткаў – гэта якраз такое злачынства, за якое на тым жа Захадзе часцяком караюць. Таму, як кажуць, пазлы склаліся.

Акрамя таго, незалежныя прафсаюзы збіралі подпісы супраць дэкрэта аб “дармаедах”, а значыць таксама садзейнічалі падвышэнню актыўнасці ў грамадстве. Так, яны мала дзе ўзначальвалі акцыі, аднак падрыхтоўчую працу ўсё-такі вялі, была інфармацыйная кампанія.

Праўда, калі ўлады завялі крымінальную справу супраць прафсаюзных актывістаў, яны самі патрапілі ў складанае становішча. За беларускімі незалежнымі прафсаюзамі стаіць Міжнародная арганізацыя працы, якая мае шмат рычагоў уздзеяння на ўрад. І калі МАТ пачне ўсе рычагі задзейнічаць, то добра не будзе ні беларускай уладзе, ні нашай краіне.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Пушкін
  • Павал Мажэйка
  • Алесь Кіркевіч
  • Іван Шыла
  • Валер Сядоў