Мікалай Статкевіч: Ёсць чырвоная рыса, за якую не можам перайсці ні мы, ні ўлада

У Беларусі прайшла хваля акцый пратэсту, на чарзе – новыя. Пра пратэстныя настроі беларусаў сайту palitviazni.info распавёў палітык і былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

“Мы павінны паказаць людзям, што сапраўдная апазіцыя – гэта Беларускі нацыянальны кангрэс, – кажа суразмоўца. – Мы не баяліся і выходзілі пратэставаць. Нас рэпрэсавалі, але не спынілі. Людзі павінны паверыць, што мы адстойваем іх інтарэсы. Гэта важна для таго, каб у краіне адбыліся змены. Мы хочам арганізоўваць пратэсты не толькі, каб палепшыць становішча людзей, але і вырашыць праблемы, якія ляжаць у прычыне такога заняпада Беларусі”.

– Калі толькі пачыналі арганізоўваць акцыі пратэсту, то працавалі з пэўным планам, – кажа Мікалай Статкевіч. – Мэты былі вядомыя – свабода і незалежнасць краіны. Калі я выйшаў на свабоду, то пачаў вяртаць апазіцыі тэрыторыю для пратэстаў у цэнтры Мінска. І мы гэтую тэрыторыю адваявалі. Больш за ўсіх на тыя акцыі прыходзілі рамантыкі і ідэалісты – іх было ад некалькіх соцень чалавек да  двух тысяч. Наступным крокам была кансалідацыя сілаў у Беларускі нацыянальны кангрэс. Там не ўсё атрымалася, але кулак усё-такі быў створаны, і нам удалося працэнтаў на 70 аб’яднаць апазіцыю ў рэгіёнах. У Мінску сітуацыя горшая, але і гэта не замінае, бо ўсё неабходнае ў гэтай кааліцыі ёсць. Усё гэта мы рабілі, таму што бачылі, куды каціцца сітуацыя, бачылі, што рэжым ідзе ў тупік. Ён ужо не здолее больш гандляваць суверэнітэтам і працягваць эканамічнае існаванне, таму што патрабуюцца ўжо такія саступкі, якія толькі паскораць радыкальныя і вельмі небяспечныя для Беларусі змены.

Таму мы чакалі рост пратэстнай актыўнасці, і ўсё для гэтага падрыхтавалі. Мы аказаліся падрыхтаванымі, і зараз павінны ўзначаліць сацыяльныя пратэсты. Павінны паказаць людзям, што сапраўдная апазіцыя – гэта Беларускі нацыянальны кангрэс. Мы не баяліся і выходзілі пратэставаць. Нас рэпрэсавалі, але не спынілі. Людзі павінны паверыць, што мы адстойваем іх інтарэсы. Гэта важна для таго, каб у краіне адбыліся змены. Мы хочам арганізоўваць пратэсты не толькі, каб палепшыць становішча людзей, але і вырашыць праблемы, якія ляжаць у прычыне такога заняпада Беларусі. І гэта – палітычная прычына. Адсутнасць празрыстых выбараў, адсутнасць права простага чалавека ўплываць на лёс краіны…

– Якой можа быць рэакцыя ўладаў на гэтыя пратэсты?   

– І ўлада, і мы знаходзімся ў складанай сітуацыі. Мы не можам сабе ўсё дазволіць, у нас ёсць чырвоная рыса, за якую перайсці не можам. Не можам проста ўзяць і змесці гэты рэжым, хаця асабіста я лічу яго незаконным. Тым не менш, нельга вырашыць праблему проста, таму што баімся справакаваць знешнюю агрэсію. Для нас лепш гэта ўлада няхай пратрымаецца лішнія гады, чым разбурым наш дом, нашу дзяржава. Будзе дом – будзе і ў нас усё добра. Не будзе дзяржавы – нічога не будзе. І ўлады разумеюць, што мы вельмі абачлівыя ў гэтым сэнсе.

Але ва ўлады – такая ж чырвоная рыса. У сваім гандлі суверэнітэтам яны дайшлі ўжо да такой ступені, што прадаваць далей нешта немагчыма. Таму патрэбен Захад, каб панервававаць Маскву і пры гэтым знайсці грошы. Можна было б пайсці на эканамічныя рэформы, каб адтуль зарабляць, і гэта было б вельмі патрэбна. Рэформы зрабілі б нашу краіну больш самастойнай і незалежнай, а эканоміку эфектыўнай. Але такія крокі Лукашэнку падаюцца небяспечнымі, бо ён прызвычаіўся кантраляваць усё. Кантроль за кожным з нас на працоўным месцы.

– Вельмі добры палітычны кантроль….

– Так. Выказаў нелаяльнасць да рэжыма – з табой не працягнулі кантракт. А ўсе ж сядзяць на гадавых кантрактах. Натуральна, што такая эканоміка не можа быць эфектыўнай, і стасункі з Міжнародным валютным фондам паказваюць, што ўладзе найперш патрэбна не незалежнасць, а сама ўлада. На Захадзе Лукашэнку сёння паказваюць ледзь не абаронцам незалежнасці. Але, як было пяць з васьмі бясплатных тэлеканалаў расійскія, якія падрываюць маральную аснову нацыі, так яны і застаюцца…

Здаецца, прыперла ж ужо пайсці на рэформы. І крэдыты дадуць, і эканоміка пачне ажываць… Але ж не ідуць. Баяцца аддаць уласнасць і ўладу. Таму спадзяюцца абдурыць Захад і атрымаць грошы без рэформаў, каб захаваць старую сістэму. У такой сітуацыі ўлада таксама не можа перайсці праз чырвоную лінію і пакуль не ідзе на брутальныя дзеянні. Бо, калі ёсць пратэсты, то трэба прыцягваць да адказнасці лідараў. І калі паляпшэнне з Захадам пачалося з вызвалення гэтага лідара, то які сэнс яго ізноў кідаць за краты? На чым тады будуць грунтавацца адносіны з Захадам? Нават напалоханыя Пуціным еўрапейскія палітыкі не здолеюць іх працягваць . Так што ў нас ёсць узаемныя абмежаванні, можа гэта і добра. Але, на мой погляд, нам трэба павялічваць ціск. Неабходна, каб выходзіла пратэставаць як мага больш людзей. Мы ведаем, што трэба рабіць, каб мірна весці краіну да нармальнага жыцця.

– Ці можа расійская прапаганда выкарыстаць гэтыя пратэсты ў сваіх мэтах?
– Зараз такая сітуацыя, што беларускі і расійскі кіраўнікі сварацца за грошы, але ў СМІ падаецца так, што Масква быццам бы праводзіць супраць Лукашэнкі нейкую кампанію. Не праводзіць яна ніякую кампанію!  Было некалькі ток-шоу, але гэта ніякая не кампанія. Гэта нагадвае адносіны “папіка” і “ўтрыманкі”. І сварацца яны за тое, што “ўтрыманка” патрабуе новы пярсцёнак, а “папік” кажа, што і так шмат усяго купіў. Альбо купіць пярсцёнак на пэўных умовах. Вось сэнс сёняшняга беларуска-расійскага канфлікта. Гэта гульня, якая была ўжо сто разоў. Памятаеце, калі расійскія тэлеканалы паказвалі фільм “Хросны бацька”. І з-за чаго ўсё было? Ізноў грошы, гандаль суверэнітэтам…

Сёння многія незалежныя журналісты пляскаюць у далоні ад захаплення: “Якое шчасце! Улады адкрываюць некалькі беларускамоўных класаў у Мінску”. Апусціцеся на зямлю! Паглядзіце на тых, хто за апошнія 20 гадоў пачаў адмаўляцца ад беларускай мовы, як ад роднай. Палічыце, колькі навучаецца на беларускай мове у школах і ВНУ. І хто давёў да такога становішча? Таму ўсё гэта гульня, а расійская прапаганда ў дзеянне пакуль нават не ўступала. Ідзе просты гандаль.

– Колькі будуць працягвацца пратэсты?

– Тут, як кажуць, трэба ведаць меру. Мы не хочам людзей стамляць акцыямі, бо працяглыя пратэсты могуць прывесці да таго, што народ зняверыцца. Акцыі павінны адбывацца не вельмі рэдка, але і не вельмі часта.

palitviazni.info       

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Скрабец
  • Міхась Крываў
  • Алесь Бяляцкі
  • Міхаіл Пашкевіч