Алесь Кіркевіч: Турмы рыхтавалі за некалькі месяцаў да снежаньскіх падзей…

14368643_1033012230151535_1403323447628341587_nБылы палітвязень Алесь Кіркевіч распавёў сайту palitviazni.info пра сваё “палітычнае жыццё”, жыццё ў турме і па-за ёй.

“Ніхто не хоча ніхто быць наступным Кондрусем – каб яго спачатку здалі, а пасля забылі”, – кажа суразмоўца.

З даведкі

Моладзевы актывіст Алесь Кіркевіч быў арыштаваны па крымінальнай справе 28 студзеня 2011 г. пасля ператрусу ў яго на кватэры і допыту ў Гарадзенскім КДБ па справе аб масавых беспарадках.

5 мая 2011 г. у судзе Кастрычніцкага раёну Мінска ён быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі. Памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі 1 верасня 2011 г. і вызвалены.

– Алесь, як вы прыйшлі да палітыкі? Што на гэта найперш паўплывала?

– Ведаеце, доўгі час я ставіўся да апазіцыі скептычна: маўляў, гэта людзі, якія немаведама чаго хочуць, а іх за гэта цягаюць па асфальту на мітынгах… Але з часам паглядзеў на пытанне па-іншаму. Найперш – праз нацыянальны момант – афіцыйную знявагу да гістарычных сімвалаў і мовы. Адным словам, калі б улада была пазітыўна настроеная да ўсяго нацыянальнага, верагодна, і я не быў бы супраць і не пайшоў бы супраць такой улады. А прыйшоў у палітычныя структуры – БХД, а пасля ў Малады Фронт – праз сяброў.

– У свой час вы вучыліся ў Гродзенскім універсітэце, але затым спынілі вучобу. Наколькі складана было прыняць такое рашэнне?

– Адразу скажу, што мяне ніхто не выганяў. Наадварот – дэкан факультэту прасіў застацца, размаўляў… Я добра вучыўся, на бясплатным курсе, і яму, магчыма, не хацелася псаваць паказчыкі. Але сыйшоў, бо, па шчырасці, было не цікава. Мне хацелася зарабляць, быць больш свабодным, а веды падцягваць праз самаадукацыю. Дакументы з універсітэту я забраў напрыканцы 2008-га, пайшоў працаваць на чыгунку, а ўжо на пачатку 2009-га арганізоўвалася БХД – я далучыўся, з часам стаў каардынатарам па Горадні.

– Якімі вам сёння ўспамінаюцца снежаньскія падзеі 2010 году? Ці можна было тады пазбегнуць сутычак з міліцыяй?

– Мне на той момант толькі споўнілася 20 гадоў і толькі два з іх я быў у палітычных колах. Таму тыя выбары ўспрымаліся даволі рамантычна. Яшчэ не было негатыўнага вопыту здрадаў і паразаў. Верылася, што шанец ёсць, ды і паветра, калі памятаеце, было проста зараджана палітыкай і “хуткімі зменамі”. На Плошчы ад пачатку я быў у ахове Рымашэўскага, а пасля ўжо эйфарыя была, так званы “штурм”…

А сутычак наўрад ці можна было пазбегнуць. Улады тады першыя пайшлі на канфрантацыю, збіўшы Някляева і тых, хто быў з ім, арыштавалі Дашкевіча і Лобава. Таму, да тых, хто зараз кажа, што ўсё было б мірна, каб “правакатары” не палезлі шкло біць, стаўлюся зняважліва. Пасля ўжо, у СІЗА КДБ вязні, якія селі значна раней, распавядалі, што дадатковыя драўляныя шконкі там збівалі ледзь не з лістападу: стаяў гул малаткоў. Яны акурат і прызначаліся для актывістаў пратэсту. Турма рыхтавалася на момант перанаселення за два месяцы да выбараў.

– Наколькі вядома, знаёмства з будучай жонкай у вас адбылося ў даволі “рамантычнай” абстаноўцы – у ізалятары на Акрэсціна. Распавядзіце, як гэта ўсёа дбывалася?

– Гэта не зусім дакладна. Са сваёй будучай жонкай я быў знаёмы і раней, а 19 снежня 2010 году яна трапіла ў міліцэйскі аўтазак. А я на Акрэсціна на каталіцкае Раство з сябрамі ладзіў нешта кшталту акцыі салідарнасці з вязнямі Плошчы – нас усіх і пабралі. Так была адноўленая справядлівасць: сорамна ж, калі дзяўчына сядзіць на сутках, а ты гуляеш на свабодзе. Перад маім арыштам за Плошчу, за шэсць дзён,  мы пажніліся. У далейшым, яна мяне моцна падтрымлівала, калі я быў за кратамі. На дадзены момант мы не разам, але падтрымліваем нармальныя стасункі, я ёй шмат за што ўдзячны.

Ці стаў нечаканым для вас арышт і прысуд?

– Арышт у пэўным сэнсе быў чаканым: я ведаў, што засвяціўся на камеры перад дзвярыма Дома ўраду. Адзін сябар той зімой нават казаў: “Дзіўна, чаму цябе яшчэ не арыштавалі?” Калі забралі, праз месяц пасля Плошчы, і везлі дадому на вобшук, адзін з чэкістаў перапытаў: “Ну што, не чакалі?” Я адказаў, маўляў, ужо зачакаўся. Так і было.

З прысудам, у прынцыпе, таксама ўсё было зразумела: гэта ўжо быў канвеер. Партыйных шэфаў, за рэдкім выключэннем, павыпускалі дахаты, а “штурмавікам” давалі ад трох з паловай, здаецца, да чатырох – у залежнасці ад прызнання ці непрызнання віны. Па наіўнасці, канешне, хацелася верыць у цуд. Але на судзе цуду не адбылося: давялося пасядзець яшчэ трошку.

– Якім быў для вас турэмны досвед?

– Школа філасофіі і псіхалогіі, хіба што. У Аўтуховіча ці Дашкевіча быў курс паглыблены, сур’ёзны, а ў мяне так – экспрэс, агульныя веды. Людзі ж і там, і тут, на волі, аднолькавыя, з той розніцай, што там – вастрэй бачна ўсё, і добрае, і дрэннае. А дрэннага ў чалавека, як у істоты грэшнай і недасканалай, значна болей.

– Вы напісалі прашэнне аб памілаванні, пасля чаго выйшлі на волю. Гэта было нечаканасцю?

– З прашэннем была цэлая эпапея. Прыязджалі, прапаноўвалі… Былі нават экзатычныя варыянты, кшталту, ад’езду за мяжу. Я напісаў прашэнне, калі ўжо выйшлі на волю першыя памілаваныя. Зрэшты, у сам дзень, калі выпусцілі – 1 верасня 2011 – я яшчэ нічога не ведаў. Але днём тэрмінова выклікалі: “Збірайся”. Так і вызвалілі – за адну гадзіну прыкладна.

– Як склалася ваша жыццё пасля, чым займаецеся зараз?

– Калі ўвайшоў у рытм нармальнага жыцця, пачаў займацца журналістыкай, чым займаюся і дагэтуль. З БХД выйшаў, у Маладым Фронце час почас дапамагаў яшчэ нешта рабіць. Нейкі час жыў ва Ўкраіне. Пасля Майдану і пачатку вайны на Данбасе – валанцёр Гуманітарнага маршруту Беларусь-АТО, які дапамагае бежанцам. Супрацоўнічаю з “Белсатам”, часам пішу апавяданні для “Нашай Нівы”.

– Ці лічыце зараз, што Плошча ўсё-такі была памылкай?

– На гэтую тэму ўжо зашмат усяго сказана. Памылковымі можна лічыць паводзіны лідараў, якія самі наўрад ці ведалі чаго хочуць і куды каго вядуць. Сваіх планаў на той вечар, наколькі мне вядома, так ніхто дагэтуль і не агучыў. Магчыма, нехта хацеў прыгожыя фота на фоне агромністага натоўпу са сцягамі, каб пасля на Захадзе паказваць… Ці мелася на Плошчы паўстаць намётавае мястэчка? Ці гэта меў быць мітынг на адзін вечар, каб пасля ўсіх распусціць па хатах? Ці вяліся нейкія перамовы – з уладамі ці з Захадам? Што мы ведаем? Дагэтуль анічога.

– Чаму, на ваш погляд, сёння ўсплываюць старыя справы – такія як справа Кондруся?

– Справа Кондруся выплыла, як цень той Плошчы. Каб не СМІ, якія вырашылі выкрыць “правакатара”, не было б ніякай справы, хадзіў бы дзядзька на волі. Больш сімвалічна іншае: тады палітвязняў Плошчы было пара дзесяткаў, зараз – адзін Кондрусь. І хто з палітыкаў, якія звалі на Плошчу, зараз выказвае з ім салідарнасць? Хто з іх дапамог ці хаця б прыйшоў да яго сям’і і блізкіх? Сілавікі і ўлада таксама ж гэта бачаць і адчуваюць, што няма ў апазіцыі ні салідарнасці, ні ўзаемадапамогі. І людзі гэта бачаць. Таму, не хоча ніхто быць наступным Кондрусем – каб яго спачатку здалі, а пасля забылі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхась Крываў
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Зьміцер Завадскі
  • Аляксандар Казакоў