Мікалай Статкевіч: Трэба як мага больш палітызаваць парламенцкую кампанію

DSCN5794Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра будучую парламенцкую кампанію, удзел у ёй апазіцыі і “аптымальны варыянт” удзелу.

“Трэба проста як мага болей палітызаваць гэтую кампанію, – адзначае палітык.-  І па сутнасці атакаваць уладу і паказваць тое, куды яна завяла краіну за апошнія гады”.

“Зараз у асяродку дэмакратычных сілаў ідуць кансультацыі, – распавядае палітык. – І ідуць яны па некалькіх накірунках. Ёсць такое мяккае аб’яднанне (па сутнасці – дыскусіўная пляцоўка). Гэта кансультацыйная нарада дэмакратычных арганізацый, рашэнні якой не абавязковыя для выканання, але, тым не менш, на гэтай пляцоўцы нам удалося прыняць план супольнай каардынацыі дзеянняў падчас парламенцкай кампаніі. План гэты – дастатковы мяккі, але ўзгоднены такія моманты, як назіранне за выбарамі, узаемная рэакцыя, калі будуць фальсіфікацыі. 21 чэрвеня падпісанне дакумента павінна быць завершана”.

Ёсць у Мікалая Статкевіча бачанне і таго, якім чынам апазіцыя магла б найбольш эфектыўна выкарыстаць гэтую выбарчую кампанію.

“Патрэбны кансультацыі ў больш вузкім коле, і яны ідуць паміж беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі еўрапейскай арыентацыі, – кажа спадар Статкевіч. – А нашы прапановы зразумелыя. Па-першае, павінен быць адзіны спіс кандыдатаў. Мы не можам, безумоўна, забяспечыць ідэальную сітуацыю (адзін кандыдат ад уладаў – адзін ад дэмакратычных сілаў), бо будуць прадстаўнікі ад самых розных партый і сілаў. Але ўсё роўна трэба было сфарміраваць адзіны спіс, каб паказаць грамадству, што ў нас ёсць таксама сіла. Такім чынам мы маглі б сабраць вакол іх свой дэмакратычны электарат і прымусіць улады ісці на чарговыя фальсіфікацыі. А, калі гэтага не зробім, то шматлікія кандыдаты проста расцягнуць галасы выбаршчыкаў”.

Акрамя таго, як мяркуе палітык, трэба падумаць і пра пасланне выбаршчыкам:

“Пасланне не вельмі эфектыўнае, калі кандыдат стане распавядаць пра сябе любімага, за якога трэба абавязкова прагаласаваць. Людзі ставяцца да гэтага скептычна, бо не вераць, што дэмакратычныя сілы зараз могуць на нешта грандыёзнае. Тым больш, улада сканцэнтравана ўся ў Чырвоным доме, а парламент практычна нічога не вырашае. Таму трэба проста як мага болей палітызаваць гэтую кампанію. І па сутнасці атакаваць уладу і паказваць тое, куды яна завяла краіну за апошнія гады. І асабліва трэба распавядаць пра гэта ў рэгіёнах, бо розніца паміж сталіцай і правінцыяй вялізная. Многія людзі з рэгіёнаў моцна незадаволеныя”.

Але самае галоўнае, са слоў Статкевіча, годна завяршыць парламенцкую кампанію.

“Мы можам добра правесці ўсю кампанію, але затым улада выпіша вам 5 адсоткаў галасоў і – да пабачэння, – кажа былы палітвязень. – Калі годна на гэта не адрэагаваць, то вас жа людзі затым не будуць паважаць. А хтосьці можа сказаць, што праграма ў кандыдата была кепская, а таму народ і не прагаласаваў за прадстаўніка апазіцыі. Таму завяршыць кампанію можна рознымі спосабамі. Напрыклад, кінуць улёткі ў кожнай акрузе кожнаму выбаршчыку, дзе б тлумачылася, чаму такія вынікі. Але звычайна на гэта ніколі не хапае ні сілаў, ні грошай. Таму, магчыма, варта было б правесці якую-небудзь агульнанацыянальную акцыю, каб людзі даведаліся, што кандыдаты, у якіх скралі перамогу, незадаволеныя і выступаюць супраць гэтага”.

Мікалай Статкевіч яшчэ раз адзначае, што гэтыя тры кампаненты былі б даволі эфектыўнымі падчас кампаніі, але з сумам дадае, што ўжо зараз “сітуацыя з адзіным спісам выглядае амаль безнадзейнай”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валер Сядоў
  • Яўген Сакрэт
  • Арцём Пракапенка
  • Юрый Рубцоў