Мікалай Статкевіч: Няхай самі думаюць, якія яшчэ шкарпэткі можна ў мяне скрасці

DSCN5794Былы палітвязень Мікалай Статкевіч пасля выхаду на волю ўжо правёў шэраг акцый пратэсту, за што не раз быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

Між тым, сам палітык на гэтыя суды не ходзіць, а штрафы прынцыпова не аплочвае да гэтага часу.

“На сённяшні момант мне налічылі ўжо каля 100 мільёнаў рублёў штрафаў”, – распавядае экс-палітзняволены сайту palitviazni.info пра судовыя рашэнні і тое, як дзяржава хоча спагнаць з яго грошы.

– Здаецца, каля дзесяці штрафаў ужо далі, – кажа Мікалай Статкевіч. – Я нават не рэагую на гэта і не заўсёды паведамляю прэсе.

– Штрафы вы па-ранейшаму не аплочваеце?

– Не аплочваю, і зараз сітуацыя склалася даволі цікавая. Патрабавалі арыштаваць маю маёмасць, але маёмасці ў мяне няма, на што і прадаставіў суадносныя дакументы. У жонкі арыштоўвалі машыну, даслалі запыт у ДАІ, але мы таксама даказалі, што аўтамабіль падораны, таму ад нас адчапіліся. Тады праз суд пазбавілі мяне права кіравання аўтамабілем на 5 гадоў. Акрамя таго, усклалі фінансавую нагрузку на пенсію, але толькі тры штрафы з дзесяці. Вылічваюць палову пенсіі. Далей пры маім з’яўленні на мяжы памежнікі адпразу выклікаюць судовых выканаўцаў з бліжэйшых гарадоў. А зараз я нават і не ведаю, ці здольны наогул перасякаць мяжу. Можа быць, ужо і забаранілі. Апошні раз быў інцыдэнт у красавіку гэтага году, калі мы з жонкай ехалі дадому з Польшчы і ў тры гадзіны ночы на мяжу выклікалі з Гродна судовых выканаўцаў. Тады яны здолелі канфіскаваць два кубачкі, аўтамабільны пыласосік і мае старыя чорныя шкарпэткі, якія былі дарагія мне, як памяць. Менавіта ў іх я выходзіў з турмы на волю.

– Калі ў вас няма маёмасці, то як збіраюцца спагнаць штрафы?

– Не ведаю. Можа быць, спагнанне поўнасцю ўскладуць на пенсію ці нешта іншае прыдумаюць. Мне можна было б, натуральна, абаперціся на салідарнасць людзей і заплаціць штрафы (дарэчы, ніхто без салідарнасці не застаўся), але ж трэба камусьці спыніць гэтую штрафную вакханалію. Я лічу проста амаральным плаціць грошы на ўтрыманне ўлады за тое, што ты нічога не рабіў супрацьзаконнага, а рэалізоўваў свае канстытуцыйныя правы. Таму няхай самі думаюць, якія яшчэ шкарпэткі можна ў мяне скрасці.

– Скажыце, а ці могуць у сувязі з гэтым увесці супраць вас прэвентыўны нагляд?

– Лічу, што даўно маглі – ужо пасля трох спагнанняў. А прэвентыўны нагляд – гэта не толькі забарона на выезд з краіны, але і з горада нікуды не падзенешся без дазволу. Але ўлады на гэта не ідуць. Відаць, такія ў іх зараз геапалітычныя гульні.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Марыніч
  • Уладзімер Кобец
  • Міхась Крываў