Ці пагражае прэвентыўны нагляд Мікалаю Статкевічу?

DSCN5795На гэтым тыдні ў мінскім Цэнтральным раённым судзе пачаліся працэсы над удзельнікамі мітынгу 22 лютага ў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч на працэс не прыйшоў, а справу старшыні АГП Анатоля Лябедзькі паводле ягонай заявы адклалі на 14 сакавіка.

Нагадаем, што сам спадар Статкевіч заявіў, што ён прынцыпова не ходзіць на такія суды і плаціць штрафы не збіраецца.

Што ў такім выпадку пагражае Мікалаю Статкевічу? Пра гэта сайту palitviazni.info распавядае намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

“Калі Мікалай Статкевіч і надалей не будзе плаціць штрафы, то будзе накладзена спагнанне альбо на яго маёмасць, альбо (калі няма маёмасці)на іншыя крыніцы прыбытку, – кажа праваабаронца. – Магчыма, будуць вылічаць грошы з пенсіі. Па законе – у месяц не больш за 20 працэнтаў. І таксама гэта можа пагражаць абмежаваннем права на выезд”.

Зараз былы палітзняволены знаходзіцца пад прафілактычным наглядам. Ці могуць яму ў такім выпадку прафілактычны нагляд змяніць на прэвентыўны?

“З аднаго боку няма дастатковых падстаў, каб быў уведзены прэвентыўны нагляд, – адзначае Валянцін Стэфановіч.А з іншага – гэта тэарэтычна магчыма, бо Статкевіч прыцягваўся да адказнасці за парушэнне парадку правядзення арганізацыі і ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Але, мяркую, улады наўрад ці зараз пойдуць на такі крок. Мне падаецца, што яны не зацікаўлены ў нейкіх рэпрэсіўных больш жорсткіх захадах, і гэта бачна па апошніх акцыях. Ужо фактычна са жніўня мінулага году ў сталіцы праходзяць мерапрыемствы, якія ладзяць палітычныя апаненты ўлады, але на “суткі” нікога не адпраўляюць, а абмяжоўваюцца штрафамі”.

Не так даўно міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што МУС змяніла сваё стаўленне да несанкцыянаваных масавых акцый і знайшло “цывілізаваны з пункта гледжання міжнародных патрабаванняў алгарытм дзеянняў”. Зараз міліцыя не ладзіць “хапуны”, а складае адміністратыўныя пратаколы.

“Трэба змяняць не падыходы, а заканадаўства, – дадае праваабаронца. – Каб права грамадзян на свабоду мірных сходаў магло рэалізоўвацца не шляхам несанкцыянаваных мерапрыемстваў, за якія людзей штрафуюць. Значыцца, надыйшоў час, каб змянялася не толькі практыка, але і законы. Таму што заканадаўства, як і раней, засталося вельмі абмежавальным у частцы рэалізацыі свабоды мірных сходаў. Правесці такую акцыю ў адпаведнасці з законам здараецца часам проста немагчыма. Так, мы адзначаем, што ў апошні час няма нават адміністратыўных арыштаў. Сёння ўзровень рэпрэсій, калі яго ацэньваць з пункту гледжання колькасных паказнікаў, відавочна знізіўся. Няма новых узбуджаных палітычна матываваных спраў, мы бачым гэтыя станоўчыя тэндэнцыі. Але адсутнасць сістэмных зменаў на ўзроўні заканадаўства робіць усе гэтыя практыкі вельмі няўстойлівымі. У любы момант улады могуць вярнуцца да рэпрэсіўных падыходаў, як толькі актыўнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый узрасце, бо гэта можа успрымацца, як пагроза для існуючага рэжыма. Таму мы і кажам пра неабходнасць правядзення рэформаў на ўзроўні заканадаўства ў той сферы, якая рэгулюе рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Плешчанка
  • Арцём Пракапенка
  • Аляксандар Казулін
  • Аляксандар Казакоў