Мікалай Статкевіч: Іншага выйсця няма – беларускай апазіцыі трэба аб’яднацца…

2_staБылы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, як і многія іншыя з тых, хто браў удзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 году, быў асуджаны па справе “Аб масавых беспарадках”. За кратамі палітык правёў больш за іншых – у траўні 2011 г. ён быў асуджаны да 6 з паловай гадоў пазбаўлення волі, а на свабоду выйшаў у жніўні 2015-га.

Адзначым, што за час знаходжання за кратамі палітык не напісаў прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка краіны.

Пра ўласнае ўспрыманне сённяшняй Беларусі, пра ўзровень страху, які пануе унутры беларускага грамадства, а таксама пра свае бліжэйшыя планы Мікалай Статкевіч распавядае сайту palitviazni.info.

– Мікалай Віктаравіч, як змянілася Беларусь за гады вашай вымушанай адсутнасці?

– Вонкава краіна змянілася – з’явілася шмат новых гандлёвых цэнтраў, сталіца разрастаецца шматпавярхоўкамі… Але ўнутры беларусы сталі больш запалоханымі, адчуваецца, што градус страху значна большы, чым гэта было ў 2010-м. І што самае прыкрае, адчуваецца, што людзі не бачаць выйсця з сітуацыі, якая склалася.

– На вашую думку, ці зменіцца нешта ў Беларусі ў бліжэйшы час?

– Так ці іначай, але зменіцца. Праўда, як мне падаецца, у горшы бок. Узровень жыцця беларусаў падае ледзь не кожны дзень, а святла ў канцы тунэля так і не бачна. Я глыбока перакананы, што сітуацыя ў сёняшняй Беларусі можа змяніцца толькі праз вулічныя мірныя пратэсты, бо такога інструмента, як сапраўдныя празрыстыя, дэмакратычныя выбары ў беларусаў няма даўно. Беларусам патрэбна вярнуць права выбару, і зрабіць гэта павінны яны самі, бо ніхто гэтае права нам не верне.

– Адразу пасля вызвалення вы зладзілі некалькі вулічных акцый. Праўда, колькасць іх удзельнікаў пакідала жадаць лепшага…

Гледзячы з якога боку паглядзець, і якімі меркамі усё гэта вымяраць. Адназначна добра, што людзі пратэстуюць супраць выбарчага фарса. Умоўна кажучы, нас бачна, бо калі б не выходзіў ніхто, то тады было б зразумела, што мы з усім згодныя, і нас усё цалкам задавальняе. Шчыра кажучы, мяне хвалюе іншае пытанне: хто ўзначаліць сацыяльны вулічны пратэст, які можа адбыцца?

– Што вы маеце на ўвазе?

– Сітуацыя складваецца такім чынам, што суверэнітэт краіны застаецца пад пагрозай цягам доўгіх гадоў. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то для захавання і падаўжэння тэрміну знаходжання ва ўладзе расплачваюцца беларускім суверэнітэтам… Метад кіравання ўлады – выпрасіць нешта, а далей – што будзе, тое і будзе. Зараз Расія, якая субсідзіравала беларускую ўладу, знаходзіцца не ў самым лепшым эканамічным становішчы. Расія вядзе вайсковыя дзеянні на Данбасе і ў Сірыі. Я ўпэўнены, што гэтыя аперацыі не будуць для Масквыі паспяховымі, а падтрымліваць імперскія амбіцыі ў Расіі прызвычаіліся даўно. Таму не выключана, што Беларусь можа стаць наступнай мішэнню з боку Расіі.

– На вашую думку, Расія закідвае “спробныя камяні” у гэтым накірунку? Іншымі словамі кажучы, ці маніторацца расійскімі спецслужбамі настроі ўнутры беларускага грамадства?

– На маю думку, ім не трэба нічога маніторыць, бо ў іх тут усё схоплена. Сёння, сярод беларускіх сілавікоў, прарасійскія і прапуцінскія настроі вельмі высокія. Таму ў Расіі добра ведаюць пра настроі ўнутры Беларусі. Вось у гэтым і палягае небяспека. У момант узнікнення сацыяльнага пратэсту важна, хто яго ўзначаліць – альбо нехта з беларускай апазіцыі, альбо марыянетка, прысланая сюды Масквой. Такі сцэнар цалкам верагодны, бо перад вачыма ёсць прыклады абвяшчэння ДНР і ЛНР. На сёняшні дзень у большасці беларускага грамадства няма канкрэтнага лідара. Улада такой не з’яўляецца, унутры апазіцыі няма адзінства… Наколькі я бачу, у пэўнай часткі нашага грамадства ёсць нейкі віртуальны лідар. Дарэчы, з уласнага турэмнага досведу ведаю, што стаўленне да Пуціна ў турмах значна лепшае, чым стаўленне да Лукашэнкі…

Вось у гэтым і ёсць самае страшнае для нашага суверэнітэта – калі Масква ў патрэбны момант скарыстаецца магчымасцю, то не выключана, што замест Лукашэнкі Беларусь узначаліць пастаўленая Масквой марыянетка.

– Як гэтага не дапусціць?

– Беларускай апазіцыі трэба аб’яднацца. Іншага выйсця проста няма. Зараз мы вядзем падрыхтоўку да Кангрэса дэмакратычных сіл. Шчыра скажу, што перамовы праходзяць не так, як хацелася б. Амбіцыі пэўных прадстаўнікоў дэмакратычных структур перамагаюць канструктыў. Яго правядзенне падтрымалі прадстаўнікі беларускай інтылегенцыі, якія таксама выступаюць за еднасць у дэмакратычных сілах краіны. На сёняшні дзень магу сказаць дакладна: у тым ці іншым фармаце, але Кангрэс адбудзецца. Няхай удзел у ім возьмуць не ўсе, каму прапанавана, але мерапрыемства патрэбнае для таго, каб выпрацаваць супольную тактыку дзеянняў на бліжэйшыя гады.

– Кажучы пра тое, што выбараў у Беларусі даўно не існуе, вы гатовы прыняць удзел у будучай парламенцкай кампаніі…

Гэтую магчымасць трэба скарыстаць хаця б з адной мэтай – заклікаць людзей падаць свой голас. Што паказала мінулагодняя прэзідэнцкая кампанія? Яна паказала, што сапраўднага апазіцыйнага кандыдата не было. Бо сапраўдны апазіцыйны кандыдат, калі бачыў, што выбары праходзяць з беззліччу фальсіфікацый, проста абавязаны быў заклікаць людзей выйсці на вуліцу. Да таго ж, сапраўдны апазіцыйны кандыдат ніколі б не прызнаў перамогу Лукашэнкі, ведаючы, што выбары былі сфальсіфікаваны.

Наперадзе нас чакае парламенцкая кампанія. Трэба думаць, як яе скарыстаць. Маё прыватнае меркаванне заключаецца ў наступным: на выбарах павінен быць створаны адзіны спіс праеўрапейскі настроеных кандыдатаў.

– Што дасць яго фарміраванне?

Адказ вельмі просты: усе хто ўвойдзе ў гэты спіс, павінны патрабаваць ад улады рэальных змен у выбарчае заканадаўства. Калі ўлада на такі крок ідзе – мы змагаемся за электаральную перамогу. Калі не, то, як я ўжо казаў раней, мы заклікаем людзей на вуліцу.

– Усе папярэднія заклікі заканчваліся брутуальным разгонам мітынгоўцаў. Думаеце, сёлета будзе іначай?

– А вы прапаноўваеце маўчаць? Маўчаць нельга, бо, калі хаця б для часткі грамадзян словы “свабода, мараль, справядлівасць” – гэта не пусты гук, то, безумоўна, трэба даводзіць сваю пазіцыю ўладзе.

– Мікалай Віктаравіч, вядома, што прагнозы справа неўдзячная, але, што, на вашую думку, чакае Беларусь і беларусаў у бліжэйшай перспектыве?

– Унутры краіны нас чакае сацыяльнае напружанне, бо зараз адбываецца злом той сацыяльна-эканамічнай мадэлі, па якой жыла краіна. Людзі будуць бяднець. А звонку краіны галоўная пагроза – інкарпарацыя Беларусі ў склад Расіі. Мы павінны да гэтага быць падрыхтаваны, каб не згубіць краіну.

palitviazni.info

 

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Сяргей Казакоў
  • Аляксандар Шалайка
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Алег Федаркевіч