Гары Паганяйла: Нехта не дае каманду на завяршэнне “справы Міхалевіча”

12002772_1017588348273697_3504167498889920434_n_0Экс-кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу зноў адмоўлена ў спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра перспектывы “справы Міхалевіча”.

Нагадаем, што Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ўночы 20 снежня. 19 лютага, 2011 яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў следчым ізалятары, паведамляе БелаПАН.

У сакавіку таго ж года Алесь Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта «рэальнай фізічнай расправай», і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. У ліпені 2012 года апазіцыйны палітык атрымаў афіцыйнае паведамленне, што ён выключаны з цэнтральнай базы звестак Інтэрпола асоб у вышуку.

Міхалевіч не раз заяўляў, што хоча вярнуцца на радзіму, але вяртанню перашкаджае распачатая ў дачыненні да яго крымінальная справа аб масавых беспарадках. 8 верасня гэтага года ён усё ж вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі на літоўска-беларускай мяжы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Па вяртанні ён падаў ва ўправу Следчага камітэта Мінска хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ужо закрытая, аднак атрымаў адмову. У афіцыйным паведамленні за подпісам следчага ў асабліва важных справах управы СК Мінска Дзмітрыя Купкі гаварылася, што ў задавальненні хадайніцтва адмоўлена на падставе артыкулаў 36 і 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Першы дае следчаму права распачынаць крымінальную справу і адмаўляць у яе распачынанні, а таксама спыняць і прыпыняць папярэдняе следства. Другі артыкул тычыцца тэрмінаў разгляду і дазволу хадайніцтваў.

Міхалевіч абскардзіў пастанову следчага ў пракуратуры Мінска, аднак тая пераслала скаргу назад у Следчы камітэт, даручыўшы яму праверыць абгрунтаванасць адмовы. Пасля праверкі СК пацвердзіў законнасць дзеянняў следчага.

Міхалевіч звярнуўся з яшчэ адным хадайніцтвам – на адрас начальніка ўправы Следчага камітэта Мінска. Чарговая афіцыйная адмова прыйшла за подпісам таго ж следчага Купкі. У ёй зноў даецца спасылка на артыкулы 36 і 137 КПК. Пры гэтым адзначаецца, што адхіленне хадайніцтвы не пазбаўляе Міхалевіча права звярнуцца з яшчэ адным хадайніцтвам.

Як паведаміў Алесь Міхалевіч, ён мае намер скарыстацца гэтым правам і падаць чарговае хадайніцтва, гэтым разам – у пракуратуру Мінска. Пакуль жа экс-кандыдат у прэзідэнты застаецца ў статусе абвінавачанага паводле крымінальнай справе аб масавых беспарадках пяцігадовай даўніны.

– Можна на самай справе параіць Алесю звярнуцца ў пракуратуру альбо ў суд аб спыненні справы, – кажа Гары Паганяйла. – Але мне здаецца, што ўлады проста хочуць трымаць гэтага палітыка ў такім стане нявязначанасці з гэтай крымінальнай справай. Таму што некаторыя абмежавальныя меры ў адносінах да яго дзейнічаюць – у Міхалевіча падпіска аб яўцы і нявыездзе. Гэта значыць, што нейкія свае перамяшчэнні ён павінен узгадняць. Чалавек звязаны тым, што справа не завершана, а знаходзіцца на разглядзе. Акрамя таго, гэта ж яшчэ і псіхалагічны ціск.

– Як доўга можа цягнуцца такая сітуацыя?

– З улікам таго абвінавачвання, якое прад’яўлена Міхалевічу, рана ці позна, але рашэнне павінны ўсё роўна прыняць – альбо накіроўваць справу ў суд, альбо спыніць яе ў сувязі з надыйшоўшымі пэўнымі абставінамі (у тым ліку, і тэрмінам даўніны).

– Следчыя маглі паскорыць працэс расследвання справы?

– Думаю, калі б следства рэальна хацела б завяршыць расследванне і накіраваць справу ў суд, то гэта ўжо даўно можна было б зрабіць. Алесь амаль чатыры месяцы, як вярнуўся дадому. Няўжо так складана давесці справу да лагічнага завяршэння? Тым больш, што аналагічныя справы па падзеях снежня 2010 году ўжо прайшлі праз беларускія суды. Навошта “цягнуць гуму”? Мне здаецца, проста нехта не дае каманду на завяршэнне гэтай справы. Алеся Міхалевіча трымаюць у падвешаным стане – і ўсё тут. Таму я б параіў яму ўсё-такі падаваць чарговае хадайніцтва, каб крыху “паварушыць” справу і тых, хто ёй займаецца.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

03.07.2020 «Падстаў для спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да вас не маецца”. Следчы камітэт адказаў экс-палітвязню Алесю Міхалевічу па справе дзесяцігадовай даўніны

24.03.2020 Алесь Міхалевіч: У гэтым годзе маю справу не закрыюць за тэрмінам даўніны

21.06.2019 “Справу Алеся Міхалевіча” закрыюць у наступным годзе?

03.10.2018 Алесь Міхалевіч: Крымінальную справу не хочуць закрываць…

23.04.2018 Былы палітвязень Алесь Міхалевіч зарэгістраваў у Вільні юрыдычны офіс

28.09.2017 Алесь Міхалевіч: Прызнаць невінаватым не хочуць, а прызнаць вінаватым не могуць

28.02.2017 Чаму не закрываюць справу Алеся Міхалевіча?

20.09.2016 Алесь Міхалевіч збіраецца звяртацца па сваёй крымінальнай справе ў Пракуратуру

05.05.2016 Алесь Міхалевіч рыхтуецца да парламенцкай кампаніі

17.02.2016 Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч будзе балатавацца ў дэпутаты

Іншыя палітычныя вязьні

  • Натальля Радзіна
  • Кацярына Салаўёва