Юрый Бандажэўскі: “Крыўдна, што не ў Беларусі, але важна, што працягваю сваю справу”

Адным з першых вязняў сумленьня ў Беларусі стаў прафесар, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Навукоўца арыштавалі ў 1999 годзе. Праз два гады яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару ад студэнтаў й асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Вось толькі беларуская і міжнародная супольнасць не паверылі следчым і прызналі яго вязьнем сумленьня. Бандажэўскага асудзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. Пасьля вызваленьня па амністыі 5 жніўня 2005 году навуковец выехаў зь Беларусі і цяпер працуе ва Ўкраіне. Пра тое, як склаўся яго лёс, Юры Бандажэўскі распавядае palitviazni.info.

Юрый Бандажэўскі: Я працую – гэта самае галоўнае. Я працую і прыношу карысьць менавіта тым людзям, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Для мяне гэта самае галоўнае. А на якой пасадзе, ў якім выглядзе – гэта ўжо не істотна. Галоўнае – што я працягваю той шлях, які абраў шмат-шмат гадоў таму, калі прыехаў ў Гомель яшчэ маладым чалавекам, мне тады было трыццаць тры гады, ствараць і арганізоўваць Гомельскі мэдычны інстытут, які цяпер стаў універсытэтам. А цяпер я працягваю сваю справу.

– Але не ў Беларусі, што ў пэўнай ступені крыўдна і кеспка для нават самой краіны.

Юрый Бандажэўскі: Ведаеце, гэта зразумела, што крыўдна, але што ж тут паробіш? Перадусім я лічу, што патрэбна працягваць сваю справу. А гэта лепш, мне падаецца, чым не працягваць.

– Скажыце, што да сытуацыі ў краіне, ці сочыце за навінамі? Ці шмат ведаеце пра палітычных вязьняў?

Юрый Бандажэўскі: Калі ёсьць магчымасьць, то канечне, я стараюся быць ў курсе падзеяў ў Беларусі.

– Калі ж параўнаць тую сытуацыю, якая была раней, якую Вы асабіста ведаеце на сваім досьведзе і сёньняшнюю, аналізуючы з паведамленьняў, якія мы атрымліваем з засьценак, ці ёсьць нейкія зьмены ў стаўленьні ў утрмах да вязьняў сумленьня перадусім?

Юрый Бандажэўскі: Я цяпер не ў турме, таму мне казаць досыць складана. Але перакананы, што сытуацыя не палепшылася. Але не магу адзначыць нешта больш канкрэтна ў ньюансах. Шмат прадстаўнікоў майго пакаленьня атрымалі рознай працягласьці турэмныя тэрміны і прайшлі праз розныя, так бы мовіць, сюжэты. Але канечне, калі прачытаць лісты з турмы напрыклад, Аўтуховіча, які насамрэч пакутуе там, церпіць вельмі моцна, то становіцца відавочным, што сытуацыя вельмі складаная. Такім людзям мы проста абавязаныя і мусім дапамагаць.

– Сёлета ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выйшла Ваша кніга «Турма і здароўе». Вы пішаце, якім чынам зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы на падставе ўласнага досьведу. Скажыце, гэты сапраўдны дапаможнік вязьням свораны ў турме?

Юрый Бандажэўскі: Ну, гэта нешта кшталту майго асабістага турэмнага дзёньніка, я пісаў гэты твор яшчэ ў 2003 годзе, калі знаходзіўся ў месцах зьняволеньня. Да мяне зьвярнуліся журналісты „Радыё Свабода” і прапанавалі надрукаваць гэтыя рукапісы. Такім чынам і зьявілася выданьне.

– Гэты дапаможнік, адрасаваны перадусім тым вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі. На чым можа найбольш Вы акцэнтавалі сваю ўвагу?

Юрый Бандажэўскі: Ведаеце, я апісваў ўсё, што карысна чалавеку ў складаных ўмовах турмы. Нейкія вострыя, ці не вострыя тэмы, асьпекты – з гэтым не было ні нагоды, ні думак сьпекуляваць. Перадусім я дасьледаваў і апісаваў менавіта тое, што дапамагае чалавеку. Атрымалася нейкім чынам сыстэматызаваць свае зьвесткі. А ў выніку гэта актуальна і сапраўды ідзе на карысьць шматлікім людзям, якія знаходзяцца ў такіх ўмовах.

Іншыя палітычныя вязьні