Blog

2 Articles

Юрый Бандажэўскі: “Крыўдна, што не ў Беларусі, але важна, што працягваю сваю справу”

Юрый Бандажэўскі: “Крыўдна, што не ў Беларусі, але важна, што працягваю сваю справу”

Адным з першых вязняў сумленьня ў Беларусі стаў прафесар, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Навукоўца арыштавалі ў 1999 годзе. Праз два гады яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару ад студэнтаў й асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Вось толькі беларуская і міжнародная супольнасць не паверылі следчым і прызналі яго вязьнем сумленьня. Бандажэўскага асудзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. Пасьля вызваленьня па амністыі 5 жніўня 2005 году навуковец выехаў зь Беларусі і цяпер працуе ва Ўкраіне. Пра тое, як склаўся яго лёс, Юры Бандажэўскі распавядае palitviazni.info.

Юрый Бандажэўскі

Юрый Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі — былы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту, доктар мэдычных навук. Вядомы навуковец, адзін з найбуйнейшых спэцыялістаў у галіне мэдычнай радыялёгіі, сябра Беларускай акадэміі мэдычных навук, аўтар кніг пра ўплыў радыяцыі на арганізм чалавека.

Нарадзіўся 9 студзеня 1957 г. у мястэчку Радунь Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны інстытут (1980 г.). Доктар мэдычных навук (1988 г.), прафэсар (1991 г.), член-карэспандэнт Беларускай акадэміі мэдычных навук, акадэмік Беларускай інжынэрнай акадэміі, правадзейны сябра Нью-Ёркскай акадэміі навук, ганаровы акадэмік Польскай акадэміі мэдычных навук.

Працаваў клінічным ардынатарам, навуковым супрацоўнікам, загадчыкам цэнтральнай навукова-дасьледчай лабараторыі катэдры паталягічнай анатоміі Гарадзенскага мэдычнага інстытуту (1980-1990 гг.), рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту (1990-1999 гг.).

Храналёгія перасьледу

13 ліпеня 1999 году Юрый Бандажэўскі быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 4 жніўня яму было прад’яўленае абвінавачаньне па арт. 169 ч. 3: “атрыманьне хабару, зьдзейсьненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду, альбо асобай, якая раней была асуджаная за атрыманьне хабару, альбо атрыманьне хабару ў асабліва вялікіх памерах”. Абвінавачаньне было прад’яўленае рэктару паводле паказаньняў прарэктара гэтай жа ўстановы Уладзімера Раўкова, затрыманага 12 ліпеня. Ёсьць меркаваньні, што да У. Раўкова ўжываліся псыхатропныя сродкі, бо ўжо ў канцы ліпеня прарэктар накіраваў заяву пракурору Гомельскай вобласьці, у якой адмовіўся ад дадзеных раней паказаньняў. На Ю. Бандажэўскага і У. Раўкова заведзеная крымінальная справа па вышэйназваным артыкуле, што азначае, што абодва кіраўнікі падазраюцца ў тым, што па папярэдняй змове садзейнічалі паступленьню ў ВНУ асобных абітурыентаў, за што атрымлівалі хабар у вялікіх памерах.

27 сьнежня 1999 г. Юры Бандажэўскі быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Рашэньне аб зьмяненьні меры стрыманьня было прынятае сьледзтвам у сувязі са станам здароўя Ю. Бандажэўскага. ПЦ “Вясна” лічыць, што перасьлед рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту прафэсара Ю. Бандажэўскага зьвязаны з яго няўгоднай уладам прынцыповай пазыцыяй адносна праблемы радыяцыйнай абароны насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, выкладзенай ім на самым высокім узроўні.

Па абвінавачваньні ў атрыманьні хабараў у буйных памерах 18 чэрвеня 2001 г. асуджаны да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. Сьледзтва вялося амаль паўтара года (на думку праваабаронцаў і замежных калегаў, вучонага судзілі за навуковую дзейнасьць). Пры вывучэньні ўплыву малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека ён прыйшоў да высновы, што жыцьцё на забруджаных (чарнобыльскіх) тэрыторыях сьмяротна небясьпечнае. Гэта ідзе насуперак з афіцыйным курсам на вяртаньне людзей у апусьцелыя раёны.

Эўразьвяз напярэдадні суду выдаў Бандажэўскаму пашпарт свабоды, тым самым прызнаўшы вучонага вязьнем сумленьня. З 2006 году Юрый Бандажэўскі пражывае ў францускім горадзе Клермон-Фэран, дзе “спрабуе працягнуць свае навуковыя дасьледаваньні, усталёўваючы кантакты з калегамі”. Ён стаў 25-м чалавекам у сьвеце, якія атрымаў Пашпарт свабоды, што дае права жыць на тэрыторыі любой краіны Эўразьвязу. Ганаровы грамадзянін 15 францускіх гарадоў, у тым ліку Парыжу. Ганаровы доктар Марсэльскага ўнівэрсытэту.

5 жніўня 2005 г. быў вызвалены.

У справе Ю. Бандажэўскага адсутнічаюць прамыя доказы. Існуе меркаваньне, што затрыманьне прафэсара было загадзя спланаванай апэрацыяй. Нейкі час перад гэтым Ю. Бандажэўскі накіраваў ліст да А. Лукашэнкі, у якім распавёў пра неспрыяльныя адносіны Гомельскага мэдінстытуту з Міністэрствам аховы здароўя РБ, якія ён зьвязваў з выяўленымі ім “фактамі нямэтавага выкарыстоўваньня чарнобыльскіх сродкаў Інстытутам радыяцыйнай мэдыцыны Міністэрства аховы здароўя РБ”. Такую выснову прафэсар Ю. Бандажэўскі зрабіў пасьля працы ў спэцыяльнай камісыі, якая прааналізавала эфэктыўнасьць вынікаў дасьледваньняў па трох тэмах, праведзеных Навукова-дасьледчым клінічным інстытутам радыяцыйнай мэдыцыны і эндакрыналёгіі, з агульным аб’ёмам фінансаваньня больш за 17 млрд. рублёў. У справаздачы прафэсара сказана, што толькі некалькі працаў, на якія патрачана 1,1 млрд. рублёў, “могуць быць карыснымі з навуковага і практычнага пункту гледжаньня”, а астатнія 16 млрд. руб. патрачаныя дарэмна. Такім чынам, калі Ю. Бандажэўскі, узброіўшыся сэнсацыйнымі вынікамі дасьледваньняў, неаднаразова заклікаў “вярхі” клапаціцца пра здароўе людзей і калі ён закрануў тэму грошай – у яго пачаліся непрыемнасьці, а затым і арышт. Падкрэсьлім і асаблівую важнасьць таго, што Ю. Бандажэўскі неаднаразова казаў пра недастатковасьць тых захадаў, якія прымаліся ўрадам па ахове здароўя людзей у чарнобыльскай зоне.

Узнагароды: прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі (1990 г.), залаты мэдаль Альбэрта Швайцэра (1998 г.). Працы: больш за 240 навуковых працаў, у тым ліку: Імунная рэгуляцыя онтагенэзу. Гомель, 1994; Клініка-экспэрымэнтальныя аспэкты ўплыву інкарпараваных радыёнуклідаў на арганізм. Гомель, 1995 (у суаўтарстве); 5 вынаходзтваў.