
Разлічваць на вызваленне палітвязняў пасля візіту Макея ў Брусель не варта, лічыць аглядальнік Раман Якаўлеўскі, каментуючы вынікі візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Брусель.
Карл Більт сказаў пра жаданне паслухаць Макея, а міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус станоўча ацаніў тое, што кіраўнік МЗС Беларусі слухаў моўчкі і не вучыў жыццю іншых, як гэта звычайна здараецца.
“У Бруселі ад візіту Макея не аслеплі і не аглухлі,” – сказаў Раман Якаўлеўскі. Ён падкрэсліў, што па некаторых дадзеных, пасля гэтага візіту ў Менск пацягнецца цэлы ланцужок шэраговых чыноўнікаў з розных краін Еўразвяза, у тым ліку з Бруселя.
– Ніякіх зрухаў мы і не назіраем. Дзе яны? Выходзяць на волю толькі тыя палітвязні, у якіх скончыўся тэрмін зняволення. А датэрміновае вызваленне нікога не тычылася і наўрад ці будзе. Мы ж ведаем, што Лукашэнка патрабуе, каб пісалі прашэнне пра памілаванне, а ніхто не піша. Візіт Макея нічога не даў і ні на што не можа паўплываць. Я нічога ад гэтага не чакаю. Вядома, што такія справы не Макею вырашаць.
Раман Якаўлеўскі таксама адзначыў, што ў верасні міністр замежных спраў Беларусі мусіць з’явіцца ў Ерэване на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства.
«Палітвязні застаюцца ў турмах, а іх вызваленне і рэабілітацыя – гэта галоўная ўмова. Дарэчы, Макей кажа “ўльтыматум”, але гэта менавіта ўмова, і гэта нармальна, калі дачыненні наладжваюць на пэўных умовах,» – упэўнены Раман Якаўлеўскі.
racyja.com