Павал Коваль: Дыялёг пачнецца, калі не застанецца палітычных вязьняў

Меркаваньне пра тое, што ў Беларусі сытуацыя з правамі чалавека паляпшаецца, умомант зьнішчана чарговым прысудам, які праваабаронцы ахарактарызавалі, як палітычна матываваны. Дэпутат Эўрапарлямэнту, былы намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Павал Коваль кажа, што Эўрапарлямэнтарыі надзвычай зьдзіўленыя прысудам Андрэю Гайдукову.

Павал Коваль: Як раз у гэты момант я праглядаў даклад спадара Юстаса Палецкіса аб сытуацыі ў Беларусі. Я сустракаўся з меркаваньнем, што рэжым у краіне нібы пацяплеў, маецца на ўвазе, што стала меньш палітычных рэпрэсіяў, калі параўноўваць з мінулымі гадамі. Але ў сувязі з апошнімі падзеямі і прысудам Андрэю Гайдукову, якога асудзілі, прычым у яго дзеяньнях не выявілі складу злачынства, я бачу працяг палітычнага перасьледу. Увогуле ўвядзеньне новых артыкулаў ў Крымінальны кодэкс яшчэ ў 2011 годзе мела на мэце перадусім барацьбу з апазыцыяй, з грамадзкімі арганізацыямі. І гэты момант чарговы раз не дадае пазытыўнага іміджу беларускай ўладзе на Захадзе. Я магу адзначыць, што цяпер назіраюцца крокі да пачатку палітычныга дыялёгу з афіцыйным Менскам, але застаецца базавае, я б сказаў цывілізацыйнае патрабаваньне, ці прынцып – вызваленьне палітычных вязьняў.

– У чым заключаецца спэцыфіка палітычнай сытуацыі ў Беларусі, у парананьні зь іншымі постсавецкімі краінамі?

Павал Коваль: Я лічу, што цяжка параўноўваць Беларусь з Украінай, Расеяй, тым больш з Грузіяй, бо сытуацыя ў вашай краіне так бы мовіць, неадназначная. Даўно зніклі стандартныя дэмакратычныя працэдуры, нават у дзейнасьць існых рэшткаў грамадзкіх арганізацый ўмешваюцца дзяржаўныя ворганы. Праваахоўная сыстэма і правасудзьдзе накіраваныя на тое, каб зьмяньшаць іх незлежнасьць і аўтаномнасьць ад дзяржавы, да гэтага дадам таксама існаваньне цэнзуры. Канешне, можна назваць гэтую сытуацыю выключнай, але нават нягледзячы на гэта дыялёг патрэбны. Я стаўлюся станоўча і да таго, што дыялёг патрэбны з уладай. Тэма дыялёгу – будучыня Беларусі, але зноў жа ўсё сыходзіцца да базавага прынцыпу – палітвязьні. Ніхто з тых палітыкаў, якія зараз раптам распачнуць дыялёг з афіцыйным Менскам не змогуць пазьней ачысьціцца і вярнуць сабе нармальную рэпутацыю, гэта стане для іх ганьбай. Улады Беларусі павінны гэта зразумець, а мы са свайго боку павінны паказаць гатовасьць да дыялёгу. Але па-першае, мы чакаем выкананьня базавага патрабаваньня, а па-другое, патрабуем адыходу ад такой практыкі – арыштаў за іншадумства. Без гэтага распачаць дыялёг проста не магчыма, бо ніхто на Захадзе не пажадае сесьці за стол перамоваў цяпер.

– Чаму ўлады Беларусі ведаючы пра гэтыя ўмовы паводзяць сябе насуперак здароваму сэнсу? З боку Эўразьвязу быў зроблены крок насустрач – прыпыненыя санкцыі ў дачыненьні да міністра замежных справаў, а ў Беларусі фактына ў гэты ж час зьявіўся яшчэ адзін палітвязень.

Павал Коваль: Я лічу, што міністр замежных справаў Беларусі павінен быць на саміце Усходняга парнэрства ў Вільні, калі мы жадаем праводзіць нейкія размовы. Мы зрабілі гэта магчымым, але гэта тычыцца толькі ўмоваў. Насамрэч няма дыялёгу, паколькі за кратамі ў Беларусі надалей знаходзяцца палітвязьні. Увогуле мне часам падаецца, што гэтая сытуацыя нагадвае нейкую гульню, якую праводзіць афіцыйны Менск, але з боку Брусэля надалей стаіць сьцяна. Таму я зьвяртаюся да ўладаў Беларусі, каб яны зразумелі, што агулам створана атмасфэра, перадусім перад самітам Усходняга партнэрства, на тое, каб распачаць дыялёг, каб пачаць пошук магчымасьцяў выйсьця з надзвычай складанай палітычнай і эканамічнай сытуацыі. Дыялёг пачнецца, калі ў краіне не застанецца палітычных вязьняў.

Як Вы лічыце, а што са свайго боку самі грамадзяне Беларусі ў стане зрабіць і павінны зрабіць, каб прымусіць улады распачаць дыялог з Захадам? Якім чынам беларусы могуць падтрымаць вязьняў, паскорыць іх вызваленьне?

Павал Коваль: Улады намагаюцца перашкодзіць дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці, галоўным чынам намагаюцца недапусьціць праяўленьняў салідарнасьці з вязьнямі, але галоўнае – гэта праца. Трэба распачаць збор сродкаў, інфармаваць у замежных СМІ аб сытуацыі ў краіне. Кожны, хто мае сумленьне, хто знаходзіцца на волі, павінен працаваць. Напрыклад, зьбіраць грошы на падтрымку вязьняў, шукаць добрых адвакатаў. І галоўным, ключавым момантам, я лічу зьяўляецца інфармаваньне, распаўсюд інфармацыі, менавіта з гэтага ўсё і пачынаецца. Вельмі важна ведаць і інфармаваць пра акалічнасьці, падрабязнасьці. На жаль не заўсёды гэта магчыма, як напрыклад, у справе з Гайдуковым, але чым больш падрабязнасьцяў даходзіць да гарамадзян не толькі ў Беларусі, але і на Захадзе – тым лепш, тым больш эфектыўным стане пошук адпаведных захадаў супрацьдзеяньня.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Новік
  • Зьміцер Даронін
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Павал Сырамолатаў
  • Валеры Леванеўскі