Барозу: Нармальныя адносіны – толькі пасля рэабілітацыі палітвязняў

Без вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў нармалізацыі адносін паміж ЕЗ і Беларуссю не будзе.

Пра гэта заявіў старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу, які на днях наведаў суседнюю Літву. У эксклюзіўным інтэрв’ю газеце «Lietuvos rytas» ён павіншаваў Вільню з адказнай місіяй – пачаткам старшынства ў Радзе Еўрапейскага звяза і распавёў пра палітыку Бруселя ў дачыненні да ўсходніх суседзяў супольнасці.

– У асабліва гарачай барацьбе за новы бюджэт ЕЗ дзіды за палітычны ўплыў скрыжавалі самыя галоўныя еўрапейскія інстытуты – Еўрапейская Рада, якая першапачаткова заблакавала бюджэт Еўрапарламента і атакаваная ім Еўракамісія. Многія расцэньваюць гэта як яшчэ адну прыкмету дэзінтэграцыі ці нават распаду ЕЗ. Хтосьці сцвярджае, што гэта натуральныя дэмакратычныя працэсы, якія толькі яшчэ больш узмоцняць еўрапейскае інтэграцыйнае аб’яднанне і падштурхнуць яго да яшчэ большай інтэграцыі. Якое ваша меркаванне?.

– Думаю, прынятае пагадненне па бюджэце на 2014-2020 гады – важны паказчык таго, што інстытуты ЕЗ, уключаючы дзяржавы-сябры ў Радзе ЕЗ, могуць працаваць разам і дасягнуць згоды ў дачыненні да бюджэту, які дапаможа Еўрапейскаму звязу пераадолець крызіс.

Бо і краіны-выплатніцы ў бюджэт ЕЗ, і атрымальніцы чыстага прыбытку сабраліся разам, прыйшлі да кампрамісу і падтрымалі яго.

Еўрапейская камісія імкнулася дамагчыся разумення краін-удзельніц, што будучы бюджэт будзе рэальным, і што ім можна будзе распараджацца. Нам неабходны гэты бюджэт. Ён патрэбны не інстытутам ЕЗ, а нашым еўрапейскім грамадзянам, нашым дзяржавам-сябрам, асабліва тым, становішча якіх сёння найбольш цяжкае.

Усім дзяржавам-сябрам трэба, каб новыя праграмы фінансавання можна было ажыццяўляць са студзеня 2014-га. Думаю, гэтага магчыма дасягнуць.

– Лідары ЕЗ ужо даўно заяўляюць, што пагроза існаванню еўра знікла, што, наогул, эканамічны крызіс скончыўся, а эканоміка Еўропы цяпер будзе станавіцца больш моцнай і інтэграванай. На чым заснаваны такі аптымізм?

– Тое, што пагрозы існаванню еўра няма, я зразумеў ужо ў канцы мінулага года. Цяперашняе становішча нельга параўноўваць са становішчам мінулых гадоў.

У якасці прыкладу давайце паглядзім на ўрадавыя пазыкі: ледзь больш, чым праз год, Грэцыі атрымалася выдаць аж на тры чвэрці больш танныя пазыкі на 10 гадоў, а Партугаліі – больш чым на палову танныя пазыкі.

Гэта паказчык таго, што давер да фінансавых рынкаў пакрысе вяртаецца. Але гэта не азначае, што крызіс скончыўся. Мы павінны яшчэ справіцца з велізарным беспрацоўем сярод моладзі, стымуляваць банкі зноў інвеставаць у эканоміку і, вядома, павялічыць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі.

Вядома, тэрыторыя ЕЗ не маленькая, і мы зрабілі вялікія намаганні, каб паменшыць дэфіцыт свайго бюджэту, а Еўрапейскі цэнтральны банк прыняў асаблівыя меры. Але мы павінны выкарыстоўваць нашу немаленькую еўрапейскую прастору для структурнай рэформы нашай эканомікі. Такія пажаданні Еўрапейская камісія выказала ў рэкамендацыях канкрэтным краінам. Мы лічым, што, у тым ліку, гэта шлях да росту эканомікі і стварэнню працоўных месцаў.

– Эліта ЕЗ сцвярджае, што асноўнае рашэнне ўсіх праблем – актывізацыя інтэграцыі. Аднак многія асцерагаюцца, што яна яшчэ больш падкрэсліць розніцу эканамічнага дабрабыту ў розных краінах-удзельніцах ЕЗ, а таксама выявіць нераўнамернасць палітычнага ўплыву на кантыненце паміж буйнымі гульцамі (такімі, як Германія) і малымі – у асаблівасці, пачаткоўцамі на Усходзе. З іншага боку, ёсць меркаванне, што паглыбленне інтэграцыі яшчэ больш узмоцніць значэнне, ролю і ўплыў еўрабюракратыі. Што вы думаеце пра гэта?

– Крызіс распаўсюдзіўся на ўсёй прасторы Еўрапейскага звяза, асабліва ў краінах, якія выкарыстоўваюць агульную валюту. Крызіс паказаў, што эканоміка кожнай краіны вельмі залежыць ад эканомікі іншых краін.

Таму, жадаючы ўтаймаваць падобныя крызісы-узрушэнні і спыніць іх у будучыні, мы зрабілі розныя крокі, такія як, скажам, правілы кантролю за бюджэтам і эканомікай (так званы зборнік шасці прававых актаў) і агульны механізм кантролю за банкамі.

Больш інтэграваны Еўразвяз з больш моцнымі інстытутамі будзе не драбіць, а аб’ядноўваць Еўропу.

Імкнуцца да больш згуртаванай інтэграцыі заклікае і група «Сябры палітыкі згуртавання», важны сябар якога – Літва. У шасцідзесятых гадах XX стагоддзя стала відавочна і бясспрэчна, што інтэграцыя Еўропы – лепшая зброя супраць раздробненасці еўрапейцаў.

Усе дзяржавы-сябры ЕЗ валодаюць аднымі і тымі ж правамі і абавязкамі. Мне не падабаецца штучны падзел еўрапейскіх краін на багатыя і бедныя, новыя і старыя, цэнтральныя і перыферычныя. Зараз, асабліва пасля хваравітага эканамічнага і фінансавага крызісу, самы час працаваць разам на карысць захавання Еўрапейскага праекта – адзінай Еўропы.

– У сувязі з цяжкімі часамі другое дыханне нададзенае старым стэрэатыпам пра Паўднёвую Еўропу – нібыта яна генетычна лянівая, падступная, карумпаваная, а таксама для яе характэрная схільнасць да прыстасавання. Асабліва гэтыя «заганы» любяць падкрэсліваць у параўнанні з Паўночнай Еўропай, якая ва ўсіх адносінах пераўзыходзіць Паўднёвую. Нямала негатыўных стэрэатыпаў ахутвае і Усходнюю Еўропу. Як з гэтым змагацца?

– Уплыў крызісу на нашу эканоміку і грамадства быў велізарным. Многія людзі шукаюць казлоў адпушчэння, прычым усюды: няхай гэта будзе Паўднёвая Еўропа, Паўночная Еўропа ці сам Еўрапейскі звяз. Гэтыя стэрэатыпы памылковыя першапачаткова і па азначэнні.

Напрыклад, паглядзеўшы на колькасць рабочых гадзін у розных еўрапейскіх краінах, становіцца зразумела, што меркаванне, што ўсе грэкі, іспанцы і партугальцы – гультаі, няправільнае Колькасць іх працоўных гадзін адна з самых вялікіх у Еўразвязе.

Думаючы пра перспектывы развіцця ЕЗ, мы павінны дакладна разумець, што цяперашні крызіс мы адчуваем разам, таму і пераадолець яго мы можам толькі сумесна. Рэанімацыя нашай эканомікі павінна быць узгодненай, і ўсе дзяржавы-сябры, па-за залежнасці ад таго, у якой частцы мапы яны знаходзяцца, павінны прыкласці да гэтага намаганні.

Найбольш тэрміновыя рэформы Еўрапейская камісія паказала ў традыцыйных рэкамендацыях, якія штогод прадастаўляюцца кожнай канкрэтнай краіне. На мінулым тыдні рэкамендацыі пацвердзілі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Адна з задач Літвы падчас старшынства ў Радзе ЕЗ – сачыць за іх выкананнем.

Я ўпэўнены, што пасля аднаўлення эканамічнага росту і вырашэння праблемы недахопу працоўных месцаў, пагібельных стэрэатыпаў адразу стане менш.

– Ці сапраўды такая не надта магутная ў плане эканомікі і палітыкі краіна, як Літва, хай нават займаючы пасаду старшыні ў ЕЗ, можа паўплываць на рашэнне фундаментальных праблем усяго кантынента? Магчыма, шмат хто ў Літве пераацэньваюць значэнне гэтага старшынства, калі сцвярджаюць, што Літва зможа стымуляваць увесь кантынент засяродзіцца на самых балючых праблемах Еўропы? З іншага боку, нямала людзей глядзіць на старшынства, як на магчымасць для краіны атрымаць больш, скажам так, «еўрапейскіх грошай» або заручыцца індывідуальным палітычным уплывам. Ці правільны такі погляд?

– Для любой краіны – вялікі або маленькай, багатай ці не вельмі – старшынства ў Радзе ЕЗ значыць велізарную адказнасць, вялікую рабочую нагрузку і празрыстасць палітычных дзеянняў.

Пераход ЕЗ на новы этап паглыблення інтэграцыі – гэта таксама і перыяд вялікіх эканамічных цяжкасцяў, што натуральна.

У ходзе падрыхтоўкі Літвы да старшынства ў ЕЗ я падтрымліваў цесныя сувязі з уладнымі інстытутамі краіны. Я перакананы, што Літва расставіць правільныя прыярытэты і разумна размяркуе рэсурсы.

Літва будзе старшынёй Рады ЕЗ у першы раз. Акрамя таго, гэта першая краіна, якая старшынствуе ў Еўрапейскім звязе, у які ўваходзяць ужо 28 краін. А асаблівы час, як вядома, патрабуе і асаблівага падыходу да кіраўніцтва. Але я цвёрда перакананы ў здольнасці Літвы адказна пераадолець выклікі.

– Літва ганарыцца тым, што яна ў барацьбе з крызісам яна падала прыклад строгай эканоміі і нават стала маяком для ўсёй Еўропы, у асаблівасці, для праблемных краін Поўдня. На вашу думку, ці існуе такая рэч, як літоўскі рэцэпт, і ці добры ён у дзеянні?

– Літва распачала важныя крокі для рэанімацыі сельскай гаспадаркі, і ў апошнія некалькі гадоў яе эканоміка стабільна расце.

Дэфіцыт бюджэту Літвы ў мінулым годзе захаваўся на ўзроўні 3% ВУП, таму Еўракамісія завяршыла працэдуру залішняга дэфіцыту. Гэта толькі што пацвердзілі міністры фінансаў Еўрапейскага звяза. І гэта важны знак для рынкаў.

Еўракамісія заўсёды падкрэслівала не тое, што звычайна называецца строгай эканоміяй, а тое, што фіскальная кансалідацыя і структурныя рэформы павінны садзейнічаць росту эканомікі, і гэта відаць з нашых апошніх рэкамендацый у адрас Літвы. Спадзяюся, Літва, як і іншыя дзяржавы-сябры, прыме гэта да ўвагі на будучыню ў ходзе падрыхтоўкі бюджэту і распрацоўкі планаў рэформаў эканомікі.

Гэта дапаможа Літве гарантаваць доўгачасовы эканамічны рост і забяспечыць умовы для ўвядзення еўра, як гэта плануецца.

– Ці варта чакаць у бліжэйшай будучыні сур’ёзных змяненняў у ходзе рэалізацыі праграмы «Усходняга партнёрства»?

– Сустрэча на вышэйшым узроўні па пытанні «Усходняга партнёрства», якая адбудзецца ў лістападзе ў Вільні, будзе важным мерапрыемствам. Еўракамісія спадзяецца падпісаць дамову аб асацыяцыі з Украінай і першасныя дамовы аб асацыяцыі з Малдовай, Грузіяй і Арменіяй. Дасягненне гэтых пагадненняў – сапраўдная трансфармацыя «Усходняга партнёрства». Вядома, для таго, каб гэтыя намеры былі ажыццёўлены патрэбная цвёрдая гатоўнасць нашых партнёраў рэалізаваць абяцаныя рэформы. Гэта галоўная ўмова складання, падпісання і ратыфікацыі гэтых дамоваў.

– Якія, на вашу думку, шанцы ва Украіны стаць сябрам ЕЗ, калі, вядома, яны ўвогуле ёсць?

– З Украінай нас звязваюць мэты дасягнення палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі. Палітыка «Усходняга партнёрства» прапануе такі фармат адносінаў усім партнёрам. Аднак узаемадзеянне павінна грунтавацца на павазе да агульных каштоўнасцяў, такіх як дэмакратыя, правы і асноўныя свабоды чалавека, а таксама празрыстасць судовай сістэмы дзяржавы. Спадзяемся, што Украіна да лістапада прыйдзе да таго, каб адпавядаць крытэрам, якія яшчэ ў снежні былі ўстаноўленыя Радай замежных спраў. Гэта адпаведнасць забяспечыла б незваротнасць працэсу рэформаў.

– Якія ўмовы ЕЗ ставіць Беларусі, каб устанавіць з гэтай краінай больш цесныя адносіны?

– Развіццё двухбаковых адносінаў ЕЗ і Беларусі залежыць ад дэмакратызацыі і мадэрнізацыі інстытутаў улады Беларусі. Мадэрнізацыя павінна закрануць сістэмы захавання правоў чалавека і правасуддзя. Нельга нармалізаваць адносіны з рэжымам, калі не будуць вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітычныя зняволеныя. ЕЗ хоча дапамагчы Беларусі ажыццявіць усе яе міжнародныя абавязацельствы ў гэтай сферы.

Мы падтрымліваем сувязі з беларускімі інстытутамі ўлады на ўзроўні міністраў і службовых асоб і з грамадзянскай супольнасцю, у асноўным, у рамках праграмы «Еўрапейскі дыялог па пытаннях мадэрнізацыі».

– Калі ўсе краіны-сябры ЕЗ будуць, нарэшце, гатовыя да вядзення адзінай энергетычнай палітыкі, у тым ліку, каб вызваліць такія краіны, як Літва, пачынаючы ад энэргетычнай ізаляцыі і поўнай залежнасці ад Расеі?

– Камісія інтэнсіўна працуе над тым, каб пасля 2015 года ні адна дзяржава-удзельніца ЕЗ не была б энергетычным востравам. Мы не хочам, каб нашы сябры ў Еўропе, перш за ўсё, у рэгіёне Балтыйскага мора былі б аддзеленыя ад еўрапейскіх і энергетычных і газавых сетак.

Таму, каб звязаць краіны Балтыі з энергетычнай інфраструктурай ЕЗ, Еўракамісія рэалізуе План злучэння балтыйскіх энергетычных рынкаў, які быў ініцыяваны, дарэчы, мною ў 2008 годзе. Гэта таксама будзе спрыяць паглыбленню рэгіянальнай інтэграцыі. ЕЗ таксама вядзе перамовы па пытаннях энергарэсурсаў з Расеяй у мэтах аказання дапамогі краінам Балтыі.

Акрамя таго, мы падтрымліваем ініцыятывы альтэрнатыўных шляхоў і маршрутаў паставак паліва. Гэта неабходна для забеспячэння большай энергетычнай бяспекі нашых грамадзян і таварыстваў.

Гарманічна і зладжана дзеючы, аб’яднаны і адкрыты рынак Еўропы – лепшы сродак забеспячэння бяспекі дастаўкі энергарэсурсаў.

Таму мы імкнемся гарантаваць выкананне правілаў ЕЗ, уключаючы правілы вытворчасці энергіі, каб забяспечыць сумленную і празрыстую канкурэнцыю.

– Група літоўскіх палітыкаў звярнула ўвагу Еўрапейскага парламента на спробы Літвы забараніць сэксуальным меншасцям правядзенне маршу ў цэнтры Вільні, спробы Сейма цалкам забараніць аборты, аперацыі па змене полу, распаўсюджванне еўрапейскага заканадаўства, які забараняе гвалт у сям’і. Як вы лічыце, што трэба рабіць? Магчыма, неабходна, каб правы чалавека больш ясна і дакладна абаранялі б нашы самыя ўплывовыя палітыкі?

– Еўракамісія пільна сочыць за сітуацыяй вакол дыскрымінацыі лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансэксуалаў у дзяржавах-сябрах, і, несумненна, адрэагуе ў выпадку з’яўлення пытанняў, якія патрабуюць ўмяшання, якое ўваходзіць у кампетэнцыі Еўрапейскага звяза. Напрыклад, у 2010 годзе Еўракамісія ўжо звярталася ва ўрад Літвы і выказвала сваю незадаволенасць перашкодамі і парушэннямі, звязанымі з парадам сэксуальных меншасцяў, які планаваўся ў той час.

Свабода самавыяўлення і сходаў прызнаныя аднымі з асноўных правоў чалавека, якія, да таго ж, замацаваныя ў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і ў Хартыі Еўрапейскага звяза аб асноўных правах чалавека.

Еўракамісія не ў праве ўмешвацца ў парадак арганізацыі грамадскіх сходаў у дзяржавах-сябрах, аднак прававыя акты і міжнародныя абавязацельствы саміх дзяржаў патрабуюць, каб тыя паважалі асноўныя еўрапейскія правы. Еўрапейская камісія верыць у жаданне ўсіх дзяржаў-сяброў гэта рабіць.

– Як вы ацэньваеце магчымасці прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ заняць адну з ключавых пасадаў у сістэме інстытутаў ЕЗ, калі б яна вырашыла да гэтага імкнуцца пасля завяршэння сваёй кадэнцыі на пасадзе прэзідэнта?

– Не магу ацэньваць вартасці і магчымасці патэнцыйных кандыдатаў, напрыклад, на пасаду старшыні Еўракамісіі. Да заканчэння кадэнцыі Камісіі засталося 16 месяцаў, і я ўсю ўвагу надаю важным работам, якія мы яшчэ павінны здзейсніць.

Асабіста я памятаю вялікі ўклад Далі Грыбаўскайтэ ў працу Еўрапейскай камісіі, калі ў 2004-2009 гадах яна выконвала абавязкі сябра Еўракамісіі, адказнага за бюджэт ЕЗ. Затым яна была абраная прэзідэнтам Літвы, вельмі паспяхова кіравала краінай падчас эканамічнага і фінансавага крызісу. Упэўнены, што яна паспяхова будзе працаваць і далей.

charter97.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні