Пётр Мацёнжэк: Вязьням сумленьня не выпадае спадзявацца на Расею

Досыць часта ўзгадваецца пра салідарнасьць Эўразьвязу з палітычнымі вязьнямі ў Беларусі. А якая роля ў гэтым пытаньні з боку яшчэ аднаго найбуйнейшага суседа нашай краіны – Расеі. Пётр Мацёнжэк – эксьперт у галіне энэргетычнай бясьпекі і былога СССР, лічыць, што сытуацыя досыць сумная.

Пётр Мацёнжэк: Стасункі Эўразьвязу і Беларусі нагадваюць сінусоід. Спачатку Лукашэнка кідае за краты палітычных апанентаў, ствараючы палітвязьняў, “закручвае гайкі” ў краіне. А пазьней пачынае гандляваць палітычнымі вязьнямі. Бо Эўразьвяз уводзіць у адносінах да яго санкцыі. Нават нягледзячы на тое, што санкцыі не заўсёды маюць плён, з увагі на тое, што Эўразьвяз – гэта шэраг краінаў з сваімі інтарэсамі, сваімі зацікаўленьнямі. І галоўнай мэтай гэтага палітычнага гандлю людзьмі зьяўляецца спроба зьліквідаваць уведзеныя абмежаваньні, санкцыі. Пры гэтым Беларусь, прынамсі ў плане эканамічным усё больш схіляецца да інтэграцыі з Расеяй. Адбываецца прыватызацыя, праўда, фактычна за расейскі капітал. І з ўвагі на ўсё гэта для таго, каб адбыліся нейкія зьмены ў краіне – патрэбна, каб Лукашэнкі проста не стала. З пункту погляду інтарэсаў Эўразьвязу, ён не зьяўляецца карысным. Так што саступкі, якія можа зрабіць Брусэль, ці варта сказаць – шматкроць рабіў, яны без сэнсу.

– Але гандаль палітвязьнямі Лукашэнка надалей вядзе і мала таго, яму гэта ўдавалася?

Пётр Мацёнжэк: І нават вельмі часта ўдавалася. На полі стасункаў афіцыйнага Менску з Брусэлем шматкроць посьпех быў на баку Лукашэнкі. Нават у выпадку з Польшчай, пра якую магу сказаць болей – падчас апошняй так званай гульні, якая сапраўды пасьмяшыла польскі ўрад, што праводзіў Радаслаў Сікорскі – міністр замежных справаў Польшчы. Ён разам з Гіда Вэстэрвэльле – міністрам замежных справаў Нямеччыны наведаў Менск. Гэта было падвойнае падарожжа. Але пасьля гэтага адбыўлося поўнае скасаваньне стасункаў. Польшчу нават абвінавацілі ў спробе навязаць палітычную сыстэму ў Беларусі. Шмат крытыкі пасыпалася на польскія службы. А гэта ўсё сьведчыць, што такія крокі не маюць сэнсу. Нават нягледзячы на тое, што і ёсьць нейкія жэсты збоку Польшчы, ці Эўразьвязу, ўсё-роўна рана, ці поздна, калі зьменіцца каньюнктура, Лукашэнка заўсёды зьменіць сваю гульню і схіліцца да Расеі. Чаму? Як ўжо і казаў, Эўразьвяз не мае адзінага цэнтру замежнай палітыкі. Праўда, ёсьць высокі прадстаўнік да справаў замежнай палітыкі Кэтрын Эштан. Але збольшага яе крокі абмяжоўваюцца толькі дэклярацыямі. А апроч гэтага досыць вялікая частка краінаў ЭЗ заінтарэсаваны перадусім у эканамічных стасунках, ў вядзеньні бізнэсу з Лукашэнкам. Тут прыклад – Славенія, Літва. Нават нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, гэтыя краіны ўтрымліваюць высокі ўзровень эканамічных кантактаў. Праявілася гэта падчас абвешчаньня, што беларускія тавары могуць пакінуць парты літоўскія і пачнуць адгружацца ў партах расейскіх. І такіх прыкладаў досыць шмат. І тут сьпіс можна пашырыць нават такімі краінамі, якія прынцыповыя ў сваіх поглядах на правы чалавека, сярод якіх нават Нямеччына. Досыць шмат эканамічных інтарэсаў гэтай краіны ў Беларусі. І таму заўсёды зьяўляецца дылемай: інтарэс эканамічны, ці ўсё ж правы чалавека. І вось менавіта гэта спрычынілася да таго, што палітыка Эўразьвязу не мае посьпеху ў адносінах да Беларусі.

– І пры гэтым палітвязьні надалей застаюцца за кратамі. Ці варта беларусам чакаць і спадзявацца на міжнародную салідарнасьць, ці ўсё ж намагацца сваімі сіламі выправіць сытуацыю ў краіне? Ці ёсьць гэтыя сілы сёньня ў Беларусі?

Пётр Мацёнжэк: Калі гаворым пра палітычных вязьняў – то тут безумоўна, толькі і выключна самі беларусы павінны паклапаціцца пра сябе. Мусіць зьявіцца адпаведны так бы мовіць, фронт, які паінен ціснуць на ўлады. Але гэтага няма ў краіне. У Беларусі апазыцыя практычна не існуе. Яна вельмі слабая. Кароткія прыклады нараджэньня грамадзянскай супольнасьці мы назіралі падчас эканамічнага крызісу ў 2011 годзе. Але пасьля нармалізацыі сытуацыі з дапамогай расейскіх крэдытаў зьнікла і гэта. Не чуваць больш пра былую інтэрнэт-актыўнасьць грамадзян. Калі ж казаць пра дапамогу Эўразьвязу ў вызваленьні палітычных вязьняў, то я лічу гэта досыць важным. І шмат чаго робіцца польскімі дэпутатамі. Досыць ангажаваны ў гэтыя справы Марэк Мігальскі. Які ў Эўрапарламенце мае марку беларускага абаронцы. Але ізноў жа – краіны Эўразьвязу павінны дбаць пра свае інтарэсы і сваю палітыку. Таму з персьпектывы, напрыклад, польскай, безумоўным павінны быць “закручваньне гаек” у адноіснах да Лукашэнкі і безумоўным павінна быць адмова ад блізкіх кантактаў, ізаляцыя. Бо зьмены ў Беларусі магчымыя, як мы бачылі раней і пераканаліся, толькі ў сувязі з эканамічнымі праблемамі. Таму які б не былі спробы весьці дыялёг з Лукашэнкам, або нават вядзеньне бізнэсу – ўсё-роўна, ён адыходзіць да Расеі. Таму гэта пойдзе нават сабе ва ўрон.

– І Расея карыстаецца гэтым? Сытуацыя з наяўнасьцю палітвязьняў для Крамля не істотная?

Пётр Мацёнжэк: Адназначна вязьні сумленьня не могуць спадзявацца на салідарнасьць і дапамогу з боку Расеі. На постсавецкай прасторы адзіным прыкладам салідарнасьці Крамля з палітычнымі вязьнямі з’яўляецца Юлія Цімашэнка. Але тут не шчырыя памкненьні, а толькі палітычная гульня, бо для Расеі гэта было выгадна. А ў выпадку зь Беларусьсю зацікаўленасьць Расеі ў тым, каб вязьні сумленьня надалей былі за кратамі. Бо тут Масква жадае закансэрваваць грамадзка-палітычную сытуацыю. І мы бачым, што з году ў год Лукашэнка болей і болей залежыць як ад расейскага капіталу, так і расейскай сыравіны. І я лічу гэта даволі сумнай сытуацыяй, бо ў краіне больш за дзясятак палітычных вязьняў. Расея не зацікаўлена ў іх вызваленьні, а Эўразьвяз, я лічу, павінен зразумець недапушчальнасьць гандлю з Лукашэнкам аб іх вызваленьні.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні