Ці прыслухаецца калі-небудзь Лукашэнка да голасу ААН?

Справаздача спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі была прадстаўлена 4 чэрвеня на 23-й Сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе. У працы сесіі бярэ ўдзел намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Падчас падрыхтоўкі справаздачы спецдакладчык ААН Міклаш Харашці не змог наведаць Беларусь з-за непрызнання яго мандату беларускімі ўладамі. Адмова ад супрацоўніцтва прывяла да таго, што вывучаць сітуацыю з правамі чалавека аўтару справаздачы давялося ў замежжы, па выніках сустрэчаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Не дзіўна, што высновы, якія прагучалі з трыбуны ААН, выклікалі дыяметральна розную рэакцыю ў праваабаронцаў і афіцыйнага Менску, а таксама ў прадстаўнікоў розных краін-удзельнікаў. Якую ролю ў далейшым лёсе краіны можа адыграць гэты дакумент? Мы запыталіся пра гэта ў сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна”, юрыста Уладзімера Лабковіча.

“Справаздача Міліша Харашці вельмі важная для краіны, паколькі  дае магчымасьць на вышэйшым узроўні, у межах структуры ААН, засведчыць рэальны стан рэчаў, — заявіў Уладзімер Лабковіч. — Беларусь — краіна, дзе груба парушаюцца правы чалавека, і пра гэта яшчэ раз нагадалі ўсяму свету”. Важна таксама, што ў Жэневе прагучалі не толькі факты, што характарызуюць стан з правамі чалавека адмоўна, але і шэраг рэкамендацыяў для ўладаў, выкананне якіх дазволіла б палепшыць становішча.

Але ці  ёсць надзея на тое, што афіцыйны Менск пойдзе насустрач і выканае хоць адну рэкамендацыю Рады па правах чалавека (фактычна, гаворка ідзе абавязацельствы Беларусі як краіны-чальца ААН)? І ці рэальныя перамовы па стане з прамі чалавека ў Беларусі з удзелам кіраўніцтва краіны, прапанову аб якіх выказалі ўдзельнікі ад некаторых краінаў у часе абмеркавання справаздачы?

“Я крытычна стаўлюся да меркавання, што беларускія ўлады пойдуць на нейкія перамовы і прызнаюць паўнамоцтвы спецдакладчыка, які нават не быў запрошаны ў краіну. Пакуль усе  дзеянні ўладаў дэманструюць нежаданне супрацоўнічаць”, — адзначыў Уладзімер Лабковіч. Як адзін з прыкладаў, юрыст прыгадаў катэгарычную адмову афіцыйных структур прыслухацца да высноваў працоўнай групы Рады па адвольных затрыманнях ААН. Да таго ж, “перамовы павінны праходзіць з удзелам у тым ліку і няўрадавых арганізацый, праваабаронцаў, экспертаў, але відавочна, што рэжым у гэтым проста не зацікаўлены”.

Праваабаронца таксама зьвярнуў увагу, што супраць высноваў спецдакладчыка ААН рашуча выступілі толькі Расія, Венесуэла, Сірыя ды іншыя краіны, у якіх правы чалавека таксама парушаюцца. Падтрымка беларускіх уладаў недэмакратычнымі дзяржавамі цалкам вытлумачальная, падкрэсьліў У.Лабковіч: “Ніводная з гэтых краін не хоча, каб падобная працэдура на ўзроўні ААН была праведзеная і з ёй. Таму дыктатары і абараняюць адзін аднаго”.

palitviazni.info

Інтэрвію з удзельнікам абмеркавання справаздачы па Беларусі ў ААН Валянцінам Стэфановічам чытайце на нашым сайце бліжэйшымі днямі.

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Леанід Сьвецік
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Мікалай Дзядок
  • Міхась Крываў
  • Рыгор Кійко