Марына Лобава: Эдзік настройвае сябе, што ён будзе сядзець да канца

Увечары 20 траўня скончылася доўгатэрміновае трохсуткавае спатканьне Марыны Лобавай з сынам Эдуардам, які зьняволены ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы». На сустрэчы быў таксама 19-гадовы Эдуардаў брат Уладзіслаў.

«Ён сказаў, што ў яго ўсё нармальна, калі не лічыць, што ў яго зноў многа парушэньняў. Але ён кажа, што гэта звычайная турэмная практыка. Мала каму са зьняволеных удаецца пражыць без парушэньняў. Перадаць яму перадачу начальнік не дазволіў, таму мы нічога ня бралі. Здароўе нармальнае, але кажа, што іншы раз баліць галава. Магчыма, гэта зьвязана зь няякасным харчаваньнем. Але настрой у яго бадзёры. Ён жыве ў агульнай зоне, у пакоі, дзе каля трыццаці чалавек. Мае магчымасьць выходзіць на вуліцу, у двор. Кожны атрад мае свой дворык. Тэлевізар у іх адзін на ўвесь атрад. Але асноўныя навіны ён атрымлівае з газэтаў. Больш-менш ён ведае, што адбываецца ў краіне».

Спадарыня Марына жыла з сынам у «гатэльчыку» для спатканьняў.

«Там на кожную сям’ю выдзяляецца пакой, на кожнага члена сям’і ложак, крэсла, стол, некалькі тумбачак. Агульная прыбіральня, душ. Ёсьць дворык для шпацыраў, лаўкі, альтанкі.

Усе вязуць туды прадукты, там ёсьць кухня, можна гатаваць, ёсьць мікрахвалёўка. Вядома, павезла больш мясных прадуктаў, гародніны. З малочных — ёгурты, тварог, бо там ён гэтага наагул ня бачыць. Марозіва. Валя Аліневіч мне парэкамэндавала, дала тэрмапакет, і я завезла яму марозіва розных гатункаў, і ён, канечне, зьеў з апэтытам.

Там на вокнах краты, але верхняя частка вакна адчыняецца. Выдаецца бялізна. Ёсьць там пакой адпачынку з тэлевізарам. Але мы туды не выходзілі, былі ў пакоі і размаўлялі».

Спадарыня Марына распавяла, што доўгатэрміновыя сустрэчы дазваляюцца раз на паўгода.

«Гэта вялікае шчасьце, і едзеш туды як на крылах, загадзя складаеш сьпіс прадуктаў, што прыгатуеш. А разьвітвацца, вядома, вельмі цяжка, вельмі цяжка пакідаць. І з кожным разам гэта становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Бачу, як іншыя жанчыны цягнуць гэтыя цяжкія сумкі, сядзяць жа ў асноўным мужчыны. Неверагодных памераў сумкі цягнуць на сабе, надрываюцца. Гэта такое сумнае відовішча. Ты разьвітваесься са сваім сынам, а вакол стаяць таксама жанчыны, якія ледзь стрымліваюць эмоцыі. І гэта ўсё накладаецца. Назіраеш — настолькі шкада людзей».

Карэспандэнт: А сустрэчу дазволілі адразу ці вам давялося яшчэ чакаць?

Лобава: «Гэта вялікі працэс. У кожнага, хто едзе на спатканьне, павінны спраўдзіць прадукты, якія прывезьлі. Потым трэба ў штабе выпісаць дазвол. Аплаціць пражываньне ў „гатэлі“. І чакаць, пакуль усіх правераць. Нас правяраюць, усе рэчы, якія вязём, каб нічога не пранесьлі. Спачатку рэчы правяраюць, потым мы пакідаем іх у асобным пакоі. Потым выходзім, чакаем, пакуль рэчы ў астатніх правераць. Потым нас правяраюць, мы нікуды ўжо не выходзім, бярэм рэчы і нясем. І ў выніку, калі ўсе гэта пачынаецца ў 10 гадзін, то туды мы трапляем толькі ў 12.30. Адчуваеш усё, што адчувае зьняволены. Бо калі летам у добрае надвор’е хочацца прагуляцца, а ты разумееш, што нікуды ня можаш выйсьці. І гэта накладае пэўны адбітак. Я пачынаю думаць, што мой сын сядзіць ужо столькі гадоў — і ўвесь час у замкнёнай прасторы. Нават за трое сутак пачынаеш уяўляць, як сядзяць гадамі. Сын шмат не распавядае, кажа, што нават у лістах пісаць асабліва няма пра што: адзін дзень падобны да іншага. Таму і лісты ён рэдка піша. Яму шмат пішуць, дасылаюць кнігі, часопісы, нават з-за мяжы. Гэта такая прыемная падтрымка».

Карэспандэнт: Якая пэрспэктыва вызваленьня Эдуарда зь вязьніцы? Магчыма, вы абмяркоўвалі гэта неяк з турэмным начальствам?

Лобава: «Я гэтую тэму не абмяркоўваю, бо ад турэмнага начальства ў нас нічога не залежыць. Калі б ён быў проста асуджаны, не з палітычных матываў, тады яшчэ можна было б гаварыць пра датэрміновае вызваленьне ці што. А так сэнсу няма абмяркоўваць. Эдзік настройвае сябе, што ён будзе сядзець да канца. 18 траўня якраз быў своеасаблівы юбілей — яму засталося адбыць роўна год і 7 месяцаў. І ён не настройвае сябе на пэрспэктыву датэрміновага вызваленьня. Ён сказаў, што час прайшоў даволі хутка, як ні дзіўна. Яму ж чатыры гады далі, засталося год і 7 месяцаў».

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Койпіш
  • Алег Волчак
  • Іван Гапонаў
  • Уладзімір Кондрусь
  • Зьміцер Буланаў