Сёння адзначаецца Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў

У Беларусі да гэтага часу не расследаваныя выкраданні і забойствы апазыцыйных палітыкаў.

30 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных знікненняў. З гэтай нагоды сябры Рабочай групы і Камітэта ААН па гвалтоўных знікненнях нагадалі, што выкраданне людзей – недапушчальна ні пры якіх умовах: ні на падставе барацьбы з тэрарызмам або арганізаванай злачыннасцю, ні з мэтай падаўлення законных патрабаванняў, такіх як патрабаванні дэмакратыі, свабоды выказвання меркаванняў або рэлігіі.

20 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб абароне ад гвалтоўных знікненняў, а нядаўна ўступіла ў сілу аналагічная Міжнародная канвенцыя. Аднак, па словах незалежных экспертаў, у многіх краінах выкраданні людзей да гэтага часу з’яўляюцца спосабам запалохвання і падаўлення патрабаванняў захавання праў чалавека.

У Беларусі за час праўлення Аляксандра Лукашэнкі бясследна зніклі шэраг вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Міжнародная супольнасць, апазіцыя і праваабаронцы сцвярджаюць, што ў краіне пад прыкрыццём улад дзейнічаюць «эскадроны смерці».

Аператар расейскага тэлеканала ОРТ, які да гэтага працаваў асабістым аператарам Лукашэнкі, Зміцер Завадскі знік пры нявысветленых абставінах 7 ліпеня 2000 года па дарозе ў аэрапорт «Менск-2». Менш чым за год да гэтага ў краіне былі выкрадзеныя лідэры апазіцыі – былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Віктар Ганчар і бізнэсмен і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі.

Спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстос Пургурыдэс, правёўшы незалежнае расследаванне абставінаў знікнення ў Беларусі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зміцера Завадскага ў дакладзе «Зніклыя людзі Беларусі», заявіў, што да гвалтоўных знікненняў у Беларусі датычныя беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу.

charter97.org

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Міхаіл Чыгір
  • Аксана Новікава
  • Аляксей Бондар
  • Славамір Адамовіч