Маці палітвязня Францкевіча вымусілі звольніцца

Паўтара гады Таццяна Францкевіч адпрацавала прыбіральшчыцай тэрыторыі ў Наваполацкім УП «Вадаканал».

Праца, вядома, не прэстыжная, да таго ж і зарплата далёкая ад дэкларуемага кіраўніком Беларусі сярэдняга ўзроўню аплаты працы, піша ПЦ «Вясна».

Тым не менш, штодзённая траўля паслужыла прычынай таго, каб 4 жніўня жанчына вымушаная была напісаць заяву на звальненне «па дамове бакоў».

Непрыемнасці на працы пачалася яшчэ вясной, калі Таццяна Францкевіч, насуперак прымусу кіраўніцтва прадпрыемства, адмовілася ўдзельнічаць у суботніку. Намеснік дырэктара УП «Вадаканал» Аляксандр Кляменцьеў тады так і заявіў, што, маўляў, вы не маеце права абурацца, у вас ёсць толькі абавязкі.

Пасля гэтага для Таццяны Францкевіч былі створаныя невыносныя ўмовы працы, яе часта пасылалі на іншыя аб’екты за межамі прадпрыемства, хоць гэта і не прадугледжвалася працоўнымі абавязкамі.

Таццяна Францкевіч некалькі разоў брала дні без аплаты, каб патрапіць на спатканне да сына, які адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Нарэшце кіраўніцтва папярэдзіла, што заяву больш не падпішуць, бо Таццяна працягвае адстойваць свае працоўныя правы.

Неўзабаве начальнік цэха Сяргей Калашнікаў запатрабаваў напісаць тлумачальную запіску за нязначнае, на 5 хвілін, спазненне на працу. Праз некаторы час, нібыта за чарговае парушэнне працоўнай дысцыпліны, прымусілі напісаць яшчэ адну тлумачальную.

Наогул, як распавяла праваабаронцам Таццяна Францкевіч: «З «Вадаканала» работнікі нярэдка звальняюцца менавіта з-за таго, што рабочых пасылаюць на працу на іншыя аб’екты Наваполацка. Працаваць у такіх умовах, за мізэрныя грошы, вельмі цяжка. Хоць цяпер яшчэ больш складана, і нават не ведаю, ці змагу знайсці новую працу. Да пенсіі застаўся адзін год, а ў такім узросце, самі ведаеце, працаўладкавацца няпроста».

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Павал Вінаградаў
  • Зьміцер Ус
  • Зьміцер Хведарук