Аляксандр Францкевіч: Ад сваіх поглядаў я не адмаўляюся…

 Былы палітвязень Аляксандр Францкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра ад’езд у 2015 годзе ва Украіну, жыццё ў гэтай краіне, нечаканую дэпартацыю, а таксама пра будучыя планы.

“Сілавікі мяне пакуль не наведвалі ў Наваполацку, але бачу, што назіраюць за мной збоку, – кажа суразмоўца. – Актыўных дзеянняў не прадпрымаюць, хаця ў сацыяльных сетках у мой бок ідуць пагрозы, і я бачу чые там вушы тырчаць. Напэўна, гэта своеаасаблівая спроба псіхалагічнага ўздзеяння”.


Нагадаем, што экс-палітвязня Аляксандра Францкевіча не так даўно ў Кіеве затрымала Служба бяспекі Украіны і дэпартавала ў Беларусь.

Вядома, што Францкевіч — актывіст анархісцкага руху. У 2011 годзе быў асуджаны на тры гады зняволення па абвінавачанні ў злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі.

Раней ён і яшчэ чацвёра ягоных паплечнікаў былі затрыманыя па падазрэнні ў падпале расійскай амбасады і Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Францкевіча палітвязнем.

Хлопец выйшаў на волю ў верасні 2013-га, а ў 2015-м з’ехаў у Кіеў. Там ён атрымаў від на жыхарства і працаваў праграмістам, падтрымліваў сувязь з анархістамі. Летась Францкевіч паведамляў беларускім журналістам, што на яго пачаўся ціск з боку СБУ.

– Пакуль знаходжуся ў Наваполацку, так бы мовіць, праходжу акліматызацыю, – кажа Аляксандр Францкевіч. – Трэба перабудоўвацца, бо ў Кіеве ў мяне і праца засталася, і сябры.

Ва Украіну вы з’ехалі чатыры гады таму. Як прымалі тады рашэнне пакінуць краіну?

– У мяне была судзімасць, і, паколькі адбываў пакаранне па “цяжкім” артыкуле, то, калі выйшаў на волю, патрапіў пад прэвентыўны нагляд. Пасля яго знялі, але было некалькі адміністрацыйных затрыманняў, і гэты прэвентыўны нагляд павінны былі вярнуць пасля трэцяга парушэння. А ў мяне ўжо былі два такія парушэнні.

У выніку я вырашыў не чакаць да апошняга і з’ехаў ва Украіну. Хаця б дзеля таго, каб перачакаць, пакуль закончыцца судзімасць, якая, да слова, закончылася ў мінулым годзе.

— Складана было прызвычайвацца да новага ладу жыцця ў новай краіне?

– Безумоўна, бо мяне многае звязвала з Беларуссю. Але прэвентыўны нагляд – гэта амаль тое самае, што ўмоўны тэрмін. Тым больш, у тыя часы узровень рэпрэсій быў значна вышэйшы, і адправіцца за краты было лёгкай справай.

Таму я для сябе вырашыў, што не маю права безпадстаўна рызыкаваць і з’ехаў ва Украіну.

– Прыехалі ў Кіеў?

– Так. Прыехаў практычна на пустое месца, таму самому давялося вырашаць і праблему з працай, і кватэрнае пытанне. У той жа час не падаваў дакументы, каб атрымаць статус палітычнага ўцекача, бо ведаў, што зрабіць гэта ва Украіне даволі складана.

Акрамя таго, я не бачыў сэнсу ў атрыманні такога статуса, бо ў мяне была ў Кіеве праца, якая і так давала права легальна займацца сваімі справамі. Навошта было канчаткова страчваць сувязь са сваёй радзімай, страчваць беларускі пашпарт? Гэта была сумніўная перспектыва.

– Працавалі праграмістам?

– Так, хаця з-за легалізацыі ў некаторых кампаніях адмаўляліся прымаць на працу, бо ў мяне не было віда на жыхарства. Хаця ўвогуле ў 2015 годзе, пасля Майдана, ва Украіне добра ставіліся да беларусаў з дэмакратычнага асяродку, бо было аднолькавае стаўленне да палітыкі Расіі.

– Калі вы з’ехалі працаваць за мяжу, з боку сілавікоў прэтэнзій не было?

– Да маці не прыходзілі, але таварышаў выклікалі на гутаркі. Спрабавалі нешта даведацца, як кажуць, выцягвалі інфармацыю. Але наўпрост пагроз не было.

– Вам можна было прыязджаць у Беларусь?

– Перыядычна я прыязджаў, пры гэтым не праз украінска-беларускі памежны пункт, а праз Расію. Але ў 2017 годзе мне забаранілі ўезд у Расію на 5 гадоў.

– Ёсць шмат розных версій, чаму Служба бяспекі Украіны вырашыла вас дэпартаваць. Што насамрэч здарылася?

– Трэба разумець, што гэта здарылася не ў адзін момант, перыядычна ў мой адрас гучалі пагрозы і раней. Лічылі мяне ледзь не галоўным ідыёлагам анархістаў ва Украіне.

Акрамя таго, адносна не так даўно адбылося рэзананснае забойства ветэрана вайны на Данбасе, і гэта таксама ў СМІ звязвалі з анархістамі. Магчыма, гэта і стала нагодай для таго, каб мяне дэпартаваць.

Так, я не хаваю, што ў пэўнай ступені прымаў удзел у анархічным руху ва Украіне, і да гэтага часу не адмаўляюся ад сваіх поглядаў. Але шчыра кажу – да забойства ветэрана не маю абсалютна ніякага дачынення.

– Чым будзеце ў Беларусі займацца?

– Шчыра кажучы, пакуль не думаў пра гэта. Не думаю, што будзе лёгка тут знайсці працу, але не пакідаю надзеі з часам вярнуцца ва Украіну, каб завяршыць там свае справы ці хаця б забраць рэчы.

– Беларускія сілавікі вас ужо наведалі пасля таго, як вы вярнуліся дадому?

– Не наведвалі, але бачу, што назіраюць за мной збоку. Актыўных дзеянняў не прадпрымаюць, хаця ў сацыяльных сетках у мой бок ідуць пагрозы, і я бачу чые там вушы тырчаць. Напэўна, гэта своеаасаблівая спроба псіхалагічнага ўздзеяння.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Арастовіч
  • Яўген Сувораў
  • Аляксандар Васільеў