Сырамалотава і Каваленку не спяшаюцца вызваляць

Прайшло амаль два месяцы з таго моманту, як палітвязень Павел Сырамалотаў напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Але яго дагэтуль трымаюць за кратамі. Аналагічная сітуацыя і ў іншага палітзняволенага Сяргея Каваленкі. На думку праваабаронцы Насты Лойкі, негледзячы на падпісанне прашэння аб памілаванні, хуткага вызвалення абодвух актывістаў чакаць не прыходзіцца.

– Іх месячныя тэрміны па разглядзе прайшлі і гэтую працэдуру падазрона штучна зацягваюць. То бок чакаюць нейкага загаду зверху, нейкай сітуацыі. Нешта для сябе шукаюць, нейкія выгоды, каб не проста вызваліць, а нешта за гэта атрымаць.

Па словах Галіны Сырамалотавай, яшчэ 25 чэрвеня яе сын напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а 30 чэрвеня адміністрацыя калоніі накіравала паперы ў вышэйстачыя інстанцыі. Аднак сябры камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Мікалай Самасейка і Віктар Чайчыц адмаўляюцца даваць каментары наконт атрымання адпаведных дакументаў ад зняволеных актывістаў.

Праваабаронцы не спадзяюцца на хуткае вызваленне і іншых палітычных вязняў. “Да парламенцкіх выбараў цяжка спадзявацца на паляпшэнне сітуацыі, а далей усё будзе залежыць ад пэўных нюансаў і агульнай міжнароднай сітуацыі”, – кажа сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка:

– Відавочных крокаў на вызваленне мы пакуль што не заўважаем. Нават вызваленне Сурапіна і Башарымава – гэта хутчэй вяртанне на больш звыклы рэжым, без гэтага скрайняга абсурду, але не крок наперад. Калі нейкія вызваленні і будуць, то па асобных людзях.

racyja.eu

Іншыя палітычныя вязьні