Статкевіч не спадзяецца на амністыю

Зняволены кандыдат на выбарах у прэзідэнты 2010 года Мікалай Статкевіч не спадзяецца, што яго вызваляць па амністыі. Аб гэтым ён паведаміў жонцы Марыне Адамовіч у тэлефоннай размове вечарам 5 мая.

Як паведаміла Адамовіч, Статкевічу далі дазвол на кароткія званкі ў выхадны, хоць раней у турме паведамлялі, што ён зможа паразмаўляць з роднымі толькі ў працоўны дзень. «У размове ён адзначыў, што да яго прыходзяць нейкія аптымістычныя паштоўкі, у якіх гаворыцца, што Лукашэнка паабяцаў амністыю да Дня Незалежнасці. Ён папрасіў усіх такіх паштовак не слаць, бо не верыць у тое, што яго вызваляць», — сказала Адамовіч.

Акрамя таго, Адамовіч адзначыла, што Статкевіча больш не непакояць праблемы з сэрцам. «Ён адзначыў, што ў медыцынскія бандэролі, якія я яму адпраўляла, не трэба класці сардэчны прэпарат „Панангін“. І нават пахваліўся, што неяк іх вывелі не ў звычайны дворык, а ў іншы, дзе ёсць турнік.

І ён лёгка падцягнуўся 12 разоў. У шклоўскай калоніі да таго часу, пакуль не спілавалі турнік, ён падцягваўся 15 разоў. Значыць, з тонусам у яго ўсё ў парадку», — сказала Адамовіч.

Нагадаем, у маі 2011 года суд прызнаў Мікалая Статкевіча вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года быў пераведзены ў магілёўскую турму № 4. Прычынай стала афіцыйнае прадстаўленне адміністрацыі калоніі, згодна з якім асуджаны палітык «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця».

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Лобаў
  • Яўген Сувораў
  • Вадзім Кабанчук
  • Вячаслаў Сіўчык