Статкевіч пра сукамерніка-спецназаўца: “Чалавек спакойны і адэкватны”

Палітвязень у лісце да бацькі пацвердзіў, што мае новага суседа.

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч у лісце да бацькі падцвердзіў інфармацыю, якая раней з’явілася ў СМІ, але не была пацверджана ў Дэпартаменце па выкананні пакаранняў.

Нагадаем, што пару дзён таму праваабарончая ініцыятыва «Платформа» паведаміла на сваім сайце, што ў камеру да Мікалая Статкевіча з Наваполацкай калоніі быў пераведзены былы намеснік камандзіра в/ч 3214 па фізічнай падрыхтоўцы Андрэй Васільеў. Васільеў яшчэ ў 2002 годзе быў асуджаны на тэрмін у 21 год. У гучным серыяле «Хросны бацька», які паказваў тэлеканал НТВ, менавіта Аляксандра Васільева называлі ўдзельнікам так званага «эскадрона смерці», які падазравалі ў датычнасці да знікнення апазіцыйных палітыкаў і журналіста Завадскага. Пра Васільева падрабязна расказаў былы службовец часці 3214 Дзмітрый Новічак.

Звесткі, што Васільеў меў дачыненне да «эскадрона смерці» з’яўляліся і раней.

Гледзячы па ўсім, інфармацыя, якую «Платформа» атрымала ад сваіх крыніц у магілёўскай турме дакладная.

У апошнім лісце да бацькі Мікола Статкевіч піша: «У мяне новы сусед — былы афіцэр спецназу. Нягледзячы на вялікі адседжаны тэрмін, чалавек спакойны і адэкватны».

У Дэпартаменце па выкананні пакаранняў інфармацыю пра тое, што да Статкевіча «падсялілі» Аляксандра Васільева, каментаваць адмаўляюцца.

nv-online.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яна Палякова
  • Алег Корбан
  • Міхаіл Жамчужны
  • Тацяна Цішкевіч
  • Мікіта Емельянаў