БХК просіць Генпракуратуру арганізаваць праверку інфармацыі аб катаваннях у дачыненні да Саннікава

Нагодай для звароту праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінскі камітэт” у Генеральную пракуратуру стала інфармацыя, агучаная жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірынай Халіп на прэс-канферэнцыі ў Мінску 25 студзеня.

Халіп, у прыватнасці, расказала: падчас спаткання ў віцебскай калоніі “Віцьба-3” 24 студзеня муж паведаміў ёй, што пад уздзеяннем катаванняў вымушаны быў напісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Паводле слоў Халіп, з 16 па 20 лістапада з Саннікавым, які ў той час знаходзіўся на перасылцы ў магілёўскай турме, адбывалася “штосьці жудаснае”. У выніку 20 лістапада ён вымушаны быў падаць прашэнне аб памілаванні. Паколькі рэакцыі на прашэнне не было дагэтуль, а Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 23 снежня заяўляў, што Саннікаў да яго з просьбай аб памілаванні не звяртаўся, Халіп апасаецца за жыццё свайго мужа.

БХК просіць Генпракуратуру правесці праверку інфармацыі аб катаванні над Саннікавым і даць публічную інфармацыю па яе выніках і, а ў выпадку неабходнасці — распачаць меры пракурорскага рэагавання.

“Паколькі Андрэй Саннікаў знаходзіцца ў няволі, і яго магчымасці абараняць свае правы, распаўсюджваць інфармацыю непасрэдна залежаць ад адміністрацыі (калоніі. — БелаПАН.), варта зыходзіць з прэзумпцыі даверу да звестак аб парушэнні правоў, якія ўтрымліваюцца ў скаргах яго або яго прадстаўнікоў і сваякоў. Адпаведна дзяржава ў асобе сваіх органаў нясе абавязак асабліва ўважлівай праверкі такіх звестак”, — гаворыцца ў звароце БХК.

Праваабаронцы нагадваюць Генпракуратуры, што, паводле артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама часткі 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “ніхто не павінен зведваць катаванні ці жорсткае, нечалавечае ці прыніжальнае яго годнасць абыходжанне ці пакаранне”.

Як раней паведамляў БелаПАН, 30 студзеня суд Віцебскага раёна павінен разгледзець скаргу адвакатаў Андрэя Саннікава на дзеянні адміністрацыі калоніі “Віцьба-3”. Падставай для скаргі сталі неаднаразовыя і, паводле меркавання адвакатаў, незаконныя адмовы кіраўніцтва калоніі ў даванні ім спаткання з іх падабаронным. Саннікава трымалі ў поўнай ізаляцыі ад навакольнага свету з 8 лістапада па 20 студзеня.

Нагадаем, адзін з асноўных сапернікаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў у маі мінулага года быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне ён павінен быў у калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), аднак палітыка некалькі разоў этапавалі ў іншыя калоніі.

Міжнародная грамадскасць лічыць Саннікава палітзняволеным і патрабуе ад афіцыйнага Мінска яго неадкладнага вызвалення.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні