Зьміцер Зубро

Зубро ЗьміцерЗьміцер Зубро нарадзіўся ў г. Барысаве Менскай вобласьці. У першай палове 2000-х быў актывістам моладзевага руху “Зубр”. Актыўна займаўся палітыкай з 17 гадоў. Скончыў Барысаўскі палітэхнічны каледж па спэцыяльнасьці інжынэр-аўтамэханік.

Храналёгія перасьледу

У ноч на 28 сьнежня 2005 г. 19-гадовы Зьміцер разам са сваім сябрам — 20-гадовым Аляксандрам Казаковым — быў затрыманы недалёка ад Кастрычніцкай плошчы ў Менску за палітычныя графіці. Сутнасьцю парушэньня была прымацаваная налепка з лічбай “16” — сымбаль салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі. Гэта таксама быў заклік да ўдзелу ў Днях салідарнасьці, якія праводзіліся 16 чысла кожнага  месяца ў многіх гарадах Беларусі і за яе межамі.

Пры затрыманьні хлопцы спачатку спрабавалі ўцячы і зьбеглі за рог вуліцы, але іх дагналі. Зьміцера Зубро першага павалілі на зямлю і надзелі кайданкі. Больш за двое сутак, як і ягоны таварыш, Зьміцер знаходзіўся пад вартай у ізалятары часовага ўтрыманьня, адкуль яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Было прад’яўлена абвінавачаньне па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (аказаньне супраціву супрацоўніку міліцыі).

7 красавіка 2006 г. судзьдзя суду Цэнтральнага р-ну г. Менску Валеры Есьман прызнаў Зьміцера Зубро вінаватым і вынес прысуд у 2 гады абмежаваньня волі.

Неўзабаве Зьміцер Зубро пакінуў Беларусь. Спачатку  ён жыў у Кіеве, пазьней — у Варшаве, дзе паступіў у Варшаўскі палітэхнічны ўнівэрсытэт на факультэт кіраўніцтва і мэнэджмэнту.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Марцалеў
  • Уладзімер Някляеў
  • Уладзімер Плешчанка
  • Вадзім Кабанчук
  • Зьміцер Дашкевіч