Андрэй Шапціцкі

Удзельнік “Чарнобыльскага Шляху” 1996 г. Нашчадак знакамітага ўкраінска-польскага графскага роду Шапціцкіх, далёкі сваяк і поўны цёзка знакамітага ўкраінскага ўніяцкага мітрапаліта. (Цікава, што з-за гэтага ў турме не толькі зьняволеныя, але і адміністрацыя называлі яго “Графам”).

Нарадзіўся 8 жніўня 1967 году ў горадзе Падвалачыску (Цярнопальская вобласьць Украіны). Скончыў пасьля школы вайсковую вучэльню. Служыў у розных месцах за межамі Ўкраіны.  Пасьля распаду СССР неўзабаве вярнуўся на Радзіму. Быў актывістам УНА-УНСО, памочнікам дэпутата Вярхоўнай Рады. Захапляецца гісторыяй, музыкай, піша вершы, грае на гітары.

Храналёгія перасьледу

Арыштаваны ў Менску ў часе разгону “Чарнобыльскага Шляху” 26 красавіка 1996 г. Абвінавачаны ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак. Зьмешчаны пад варту ў менскі СІЗА па вул. Валадарскага. Некалькі дзён сядзеў у адной камэры з галадаючым Вячаславам Сіўчыкам.

На судзе прынцыпова гаварыў толькі па-ўкраінску і паводзіў сябе сьмела і нават дзёрзка, выкрываючы парушэньні і высьмейваючы дзеяньні беларускіх уладаў.

Асуджаны Менскім гарадзкім судом у канцы жніўня 1996 г. на 2 гады і 3 месяцы калёніі агульнага рэжыму.

Пакараньне адбываў у калёніі № 19 г. Магілёву. У асабістай справе меў пазнаку, што “схільны да ўцёкаў і супраціву”. Вызвалены 26 ліпеня 1997 г., пасьля чаго адразу прыехаў у Менск, каб узяць удзел у масавым шэсьці і мітынгу ў гонар Дня Незалежнасьці Беларусі.

Удзельнік “Памаранчавай рэвалюцыі” на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве ўвосень 2004 г. Пасьля перамогі Майдану Андрэй Шапціцкі працаваў у міліцыі ў адным з гарадоў Заходняй Украіны.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Чарнышоў
  • Уладзімер Плешчанка
  • Аляксандар Казулін
  • Зьміцер Завадскі
  • Яўген Сакрэт