Надзея Грачуха

Надзея Грачуха — актывістка апазыцыі з г. Барысаву Менскай вобласьці.

Храналёгія перасьледу

Першы раз была асуджаная па палітычнай крымінальнай справе яшчэ 17-гадовай школьніцай.

14 лютага 2000 г. ў будынку Менскага гарадзкога суду яна была прызнаная вінаватай па арт. 186.2 КК РБ (зьнявага дзяржаўных сымбаляў).

21 ліпеня 1999 г. падчас акцыі апазыцыі, прымеркаванай да заканчэньня легітымнага пяцігадовага тэрміну прэзыдэнцтва А. Лукашэнкі, на Кастрычніцкай плошчы г. Менску Надзея Грачуха спаліла тканіну чырвона-зялёнага колеру. Гэтае спаленьне міліцыянты зьнялі на відэа. Паводле факту спаленьня Менскай гарадзкой пракуратурай і была ўзбуджаная крымінальная справа. На працэсе і адвакат, і сама Надзея Грачуха заявілі, што была спаленая тканіна чырвона-зялёнага колеру, якая сымбалізавала тыранію ў краіне. Надзея Грачуха трымалася на судзе годна і ад сваіх перакананьняў і дзеяньняў не адмовілася. Судзьдзя вынесла прысуд – штраф у 22 мільёны рублёў (прыблізна 15 даляраў ЗША).

16 студзеня 2001 г. актывістка “Маладой Грамады” Надзея Грачуха разам са сваімі землякамі выйшла на цэнтральную плошчу г. Барысаву на пікет з патрабаваньнямі неадкладнай мэдычнай экспэртызы стану псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі. Акцыя была несанкцыянаванай, усе яе ўдзельнікі былі затрыманыя. Спачатку ў аддзяленьні міліцыі на іх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт. 167.1 ч. 2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Але ў судзе матэрыялы адміністратыўнай справы былі накіраваныя ў пракуратуру на дадатковае дасьледаваньне, у выніку чаго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 368 новага Крымінальнага кодэксу РБ: “Зьнявага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Згодна з арт. 368 КК РБ, публічная зьнявага прэзыдэнта РБ караецца штрафам ці папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, ці пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін. Гэта быў першы прэцэдэнт у краіне прыцягненьня грамадзян да адказнасьці па гэтым уведзеным 2 тыдні перад гэтым артыкуле.

10 траўня 2001 г. справа супраць Надзеі Грачухі і яшчэ двух жыхароў Барысава — Алеся Абрамовіча і Алесі Ясюк — была спыненая за адсутнасьцю складу злачынства. За пікет іх судзілі пазьней, чым за адміністратыўнае правапарушэньне.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні