За два месяца палітвязню Максіму Знаку прыйшло ў СІЗА больш за 600 лістоў

Ад палітычнага зняволенага Максіма Знака больш за два тыдні не было карэспандэнцыі, але зараз яго бацька атрымаў ад сына пасланне з СІЗА.

“Пішыце ўсім-усім-усім палітвязням, – раіць Максім. – Мне пашанцавала, я атрымлiваю шмат цудоўных лiстоў, якiя напiсаны крэатыўна i цiкава…”

“Я малюю карціну на кожным выходным лісце (а іх ужо, дарэчы, 590), -паведаміў Максім у лісце бацьку Аляксандру Знаку.Прыйшло 610 лістоў.

Акрамя малявання актыўна займаюся спортам. Неяк на прагулцы вырашылі займацца скандынаўскай хадой. Праўда , палак нам не выдалі, таму мы паспяхова займаліся хадой беларускай.

Затое нам далі шырокі і доўгі двор (10 крокаў на 6 крокаў), і я амаль 60 хвілін бегаў па крузе. Адным словам, удалося ўвайсці ў стан бегавой медытацыі, і я ў гэты час успамінаў свае самыя класныя прабежкі і нават паспрабаваў скласці топ-ліст”.

Таксама Максім вырашыў падзяліцца ўражаннямі ад “Архіпелага ГУЛАГа” Аляксандра Салжаніцына.

 “Па гэтай кнізе варта было б здаваць экзамен на юрфаку, – лічыць палітвязень. – Не хачу ўдавацца ў спрэчкі аб мастацкіх якасцях, пра 100 працэнтаў гістарычнай дакладнасці і гэдак далей. Безумоўна, на 97 працэнтаў – гэта праўда. Жудасная, расказаная толькі тымі, хто змог выжыць.

Астатняя частка праўды яшчэ страшней. А ісціну ніхто не пазнае – тыя архівы, якія яшчэ не знішчаны, да гэтага часу ў нас пад грыфам “Сакрэтна”. Ды і не будзе ў архівах самага галоўнага, бо на месцах выяўлялася ініцыятыва – кожны дзейнічаў на сваім участку ва ўмовах поўнай беспакаранасці.

Дарэчы, зусім нядаўна пры вельмі цікавых абставінах давялося пагартаць рэпрынтнае выданне «Чырвонай кнігі ВЧК» Лацыса. Тады яшчэ выконвалася бачнасць працэсу. Але ўжо відаць, як з цягам часу мяняліся паказанні і скажалася іх прырода. Гэта быў пачатак сістэмы і канец правы, а далей – усе жахі, пра якія мы больш-менш ведаем. Але распазнаваць хваробу трэба пры першых сімптомах, а не тады, калі метастазамі сталі ўсе часткі сістэмы.

Напрыканцы Максім Знак заклікае ўсіх пісаць лісты палітвязням.

“Мне пашанцавала, я атрымлiваю шмат цудоўных лiстоў, якiя напiсаны крэатыўна i цiкава, — кажа ён. – Спадзяюся, што ўсiм маiм сябрам i калегам гэдак жа шчасцiць. А калi не, то гэта трэба тэрмінова выпраўляць!”

***

Падчас выбарчай кампаніі Максім Знак быў адвакатам і даверанай асобай Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай.

Быў затрыманы раніцай 9 верасня. У той жа дзень Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака с санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Праваабарончай супольнасцю Максім Знак прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Антон Сурапін
  • Алег Федаркевіч
  • Юрый Рубцоў
  • Сяргей Марцалеў
  • Кацярына Садоўская