Валянцін Стэфановіч: У бліжэйшы час колькасць палітвязняў можа вырасці ў разы

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра рэпрэсіі, невыносныя ўмовы, якія стварылі вязням у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, і новых палітычных зняволеных.

“Улады вырашылі не адкладваць арышты на поствыбарчы перыяд, каб затым не сутыкнуцца з большымі праблемамі, а распачалі рэпрэсіі амаль са стартам прэзідэнцкай кампаніі”, – кажа праваабаронца.

Сёння, 19 чэрвеня, працягваюцца суды над удзельнікамі пікетаў падчас збору подпісаў. Па-ранейшаму выпісваюць вялікія штрафы і адпраўляюць людзей на “суткі” ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Тыя, хто ўжо адбыў пакаранне, расказваюць пра невыносныя ўмовы ў ізалятары, які створаны для палітычных вязняў.

– Да вязняў не пускаюць адвакатаў, маўляў, эпідэміялагічная абстаноўка не дазваляе. Наколькі гэта законна?

– Размова ідзе не толькі пра тое, што адвакатам нельга наведваць ЦІП, але і пра ўмовы знаходжання ў цэнтры. Шмат сведчанняў пра тое, што там адбываецца, і гэта мы адназначна кваліфікуем, як жорсткае бесчалавечнае абыходжанне і катаванні, што забаронена не толькі нашым нацыянальным заканадаўствам у галіне правоў чалавека, але і міжнародным.

З гэтай нагоды мы звярнуліся з адпаведнай заявай у ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама ў пракуратуру Маскоўскага раёна. Просім, каб правялі праверку на прадмет складу крымінальнага злачынства і перавышэння службовых паўнамоцтваў.

Таксама звярнуліся да спецпрацэдур ААН і Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, дзе сярод іншага акцэнтуем увагу і на такія аспекты, як нядопуск адвакатаў, катаванні і жорсткае абыходжанне з тымі, хто зараз знаходзіцца ў ЦІПе.

Што тычыцца таго, што ў ЦІП не пускаюць адвакатаў, то гэта наўпрост парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў, таму што артыкул 62 Канстытуцыі РБ усім гарантуе права на абарону, а перашкоды ў ажыццяўленні прававой дапамогі павінны карацца па законе.

– ГУУС Мінгарвыканкама спасылаецца на тое, што гэтыя меры прыняты, каб, як быццам, засцерагчыся ад каранавіруса…

– Гэтыя аргументы смеху вартыя, паколькі ў краіне і парады праводзяцца, і прадпрыемствы працуюць.  У ЦІП і ІЧУ маюць доступ нейкія асобы ў цывільным, і на іх, аказваецца, гэтыя правілы не распаўсюджваюцца.

“Вясна” раней наогул прапаноўвала не выносіць адміністрацыйныя арышты на перыяд пандэміі, каб пазбегнуць заражэння людзей, але гэтая ініцыятыва праігнаравана. Затое прынялі рашэнне не пускаць да вязняў адвакатаў, пакідаючы людзей сам насам  са сваімі праблемамі, і лічаць, што такім чынам яны змагаюцца з інфекцыяй.

Таму пандэмія – проста нагода, каб дадаткова ціснуць на палітычных вязняў, якіх у ЦІПе становіцца ўсё больш. Не хочуць, каб людзі маглі паскардзіцца на тое, што зараз творыцца ў         Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Гэта нечым нагадвае сітуацыю 2010 году, калі ў СІЗА КДБ не пускалі адвакатаў. Тады была спасылка на тое, што месцаў няма для арганізацыі спаткання з адвакатамі. А зараз агульная сітуацыя ў свеце з пандэміяй дапамагла.

– Многія вязні распавядаюць пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Павел Севярынец, напрыклад, каб прыцягнуwь увагу да гэтага, нават спрабаваў пашкодзіць сабе руку…

– Паўла Севярынца трымаюць у карцары, гэта, відаць, быў такі крок адчаю. Па нашай інфармацыі, у Паўла забралі асабістыя рэчы, у тым ліку, і прадметы гігіены, забралі Біблію.

Гэта ўсё ў кантэксце таго, пра што я казаў вышэй. Жорсткае  бесчалавечнае абыходжанне ў ЦІПе, відаць, стала нормай.

Былі сведчанні, што нават хлорку на падлогу выліваюць з вадой, чуў раней, што такія метады прымяняліся на гауптвахце. Ад хлоркі немагчыма дыхаць, можна нават апёкі дыхальных шляхоў атрымаць. І гэта, натуральна, катаванне, інакш не назавеш.

Гэта ізноў-такі робіцца пад выглядам змагання з каранавірусам.

– Яшчэ не так даўно ў ЦІПе такіх жорсткіх метадаў не ўжывалі. Для чаго зараз гэта ўсё робіцца?

– Трэба застрашыць актывістаў, зламаць іх. Яны ж не дарма зараз ізалююць найбольш актыўных, тых, хто, па іх меркаванні, здольны на ўдзел ці арганізацыю нейкіх масавых мерапрыемстваў.

Зараз улады вырашылі не адкладваць арышты на поствыбарчы перыяд, каб затым не сутыкнуцца з большымі праблемамі, а распачалі рэпрэсіі амаль са стартам прэзідэнцкай кампаніі.

Як бачым, затрыманы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка і зараз у дачыненні да яго раскручваюць крымінальную справу, іншага кандыдата Сяргея Ціханоўскага яшчэ раней кінулі ў турму. Масава адпраўляюць на “суткі” найбольш актыўных.

Хачу адзначыць, што гэтая сітуацыя вельмі сур’ёзна пагоршыла агульны стан з правамі чалавека ў краіне. Ужо зараз 11 палітвязняў, якія прызнаны праваабарончай супольнасцю, і ў хуткім часе іх можа стаць значна больш, колькасць можа вырасці ў разы.

Невядома яшчэ, як будзе разгортвацца сітуацыя пасля выбараў. Што мы ўбачым у асноўны дзень галасавання 9 жніўня? Што будзе пасля гэтай даты?

Што будзе з тымі людзьмі, якія зараз знаходзяцца ў СІЗА МУС і КДБ? Ці дойдуць крымінальныя справы да суда?

З чым мы ўвогуле апынемся ў бліжэйшай будучыні? Ці не адкінуць сёлятнія рэпрэсіі ізноў краіну на некалькі гадоў назад у перыяд моцных замаразкаў з дзесяткамі палітвязняў і санкцыямі з боку Захаду? Пытанняў вельмі шмат.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні