Зміцер Дашкевіч: Яшчэ невядома, супраць каго распачатая крымінальная справа спрацуе

Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч пракаментаваў сайту palitviazni.info гучную палітычную справу блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, якія застаюцца пад вартай.

“Гэта выразнае паўтарэнне справы з удзелам “фрау “А.”, – кажа Зміцер. – Зараз, калі дзеля затрымання Ціханоўскага і яго каманды ўлады выкарысталі прастытутку, можна адназначна казаць пра “фрау Б.”

Як паведаміў 8 чэрвеня Следчы камітэт, Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі, дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя следствам па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Паводле першага артыкула прадугледжваецца штраф, або арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Паводле артыкула 364 — арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Нагадаем, што праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Ціханоўскага палітвязнем.

– Гэта выразнае паўтарэнне справы з удзелам “фрау “А.”, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Тады, падчас пратэстаў супраць дэкрэта аб “дармаедах”, успомнілі пра “Белы легіён” і таксама распачалі крымінальную справу. Як быццам па заяве нейкай “фрау “А.”

Зараз, калі дзеля затрымання Ціханоўскага і яго каманды ўлады выкарысталі прастытутку, можна адназначна казаць пра “фрау Б.”

— Вы прагназавалі, што Сяргея Ціханоўскага будуць ізаляваць?

— Я схіляўся да думкі, што яго будуць нейтралізоўваць, бо гэта той чалавек, які адмовіўся гуляць па правілах рэжыма.

Але мне здавалася, што ўсё-такі ва ўладзе знойдуцца разумныя людзі, якія пераканаюць сілавікоў, што крымінальная справа не патрэбна. Тым больш, што Ціханоўскага можна было адправіць на “суткі”, якія яму далі раней.

Але, відаць, рэжым настолькі перапужаўся кіламетровых чэргаў людзей, каб паставіць подпіс за Святлану Ціханоўскую, што вырашылі паклікаць на дапамогу “фрау Б.” Не пасаромеліся ні гэтую правакацыю па дзяржаўным тэлебачанні паказаць, ні абсурдную справу ўзбуджаць.

– У 2010 годзе ў дачыненні да вас таксама зладзілі правакацыю, пасля чаго была і крымінальная справа, і прысуд, і зняволенне…

– Калі дзесяць гадоў таму сілавікі мяне бралі, то падрыхтаваліся больш артыстычна. Знайшлі двух п’яніц, на якіх я быццам напаў, зладзілі, як маглі, тэатральную пастаноўку.

А ў выпадку з Ціханоўскім ужо нават больш-менш праўдзівую інсцыніроўку не парупіліся зрабіць. Мяркую, што гэта нават справакавала вялікія чэргі, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую, калі кінулі за краты яе мужа. Улады сваёй правакацыяй проста плюнулі ў бок грамадства. Маўляў, вы – ніхто, будзеце есці ўсё, што скажам.

І сёння нават апалітычныя людзі, з якімі я размаўляю, абураюцца ўладамі за такое грэблівае стаўленне да людзей. Таму яшчэ невядома, супраць каго распачатая крымінальная справа спрацуе.

– Ваш прагноз: што будзе далей з гэтай крымінальнай справай?

– Па логіцы яна павінна знікнуць гэдак жа, як у свой час знікла “справа “Белага легіёна”. Альбо, як знікла зброя Уладзіміра Някляева, які быццам бы хацеў у 2010 годзе здзейсніць дзяржаўны пераварот.

Мяркую, што да выбараў Ціханоўскага дакладна будуць трымаць за кратамі, каб ён не кідаў выклік уладзе і не збіраў тысячы людзей.

Іншая справа, што ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага можа быць асабістая помста беларускага кіраўніка, бо блогер кінуў яму моцны выклік. Гэта можа быць расцэнена як персанальная абраза. У такім выпадку чалавек можа атрымаць і рэальны тэрмін.

palitviazni.info

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні