Гары Паганяйла: Не выключаю, што хутка могуць з’явіцца новыя палітычныя справы

Каля месяца працягваецца судовы канвеер над тымі, хто выйшаў на вуліцу на акцыі ў падтрымку незалежнасці.

“Улады даюць сігнал грамадству: літасці ні да каго не будзе, незалежна ад таго, пад якімі лозунгамі людзі будуць выходзіць на акцыі”, – пракаментаваў сітуацыю сайту palitviazni.info юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла.

“Тым, хто ўдзельнічаў у снежаньскіх акцыях за незалежнасць, ужо выпісалі каля 127 тысяч рублёў штрафаў (амаль 60 тысяч долараў), – паведаміў палітык Павел Севярынец.11 чалавек асуджаныя агулам на 315 сутак арышту.

Пляцоўка салідарнасьці BY_help разам з праваабаронцамі праводзіць збор дапамогі для тых, каго аштрафавалі і асудзілі. Далучайцеся!”

– Гэты судовы канвеер спецыяльна запусцілі напярэдадні выбараў, – кажа Гары Паганяйла. – Беларускі кіраўнік даў указанне, каб у краіне навялі парадак, каб не было ніякіх усплёскаў “вакханаліі” і палітычнай актыўнасці. Зараз якраз і робяцца папярэджваючыя крокі на прафілактыку для таго, каб даць сігнал грамадству: літасці ні да каго не будзе, незалежна ад таго, пад якімі лозунгамі людзі будуць выходзіць на акцыі.

Народ па-ранейшаму працягваюць застрашваць, прывучаюць да жорсткай паслухмянасці і ўсведамлення таго, што любая актыўнасць будзе жорстка карацца. Беларуская ўлада вельмі баіцца грамадскай актыўнасці, бо прыкладаў наглядзеліся ў суседніх краінах.

Таму зараз дадзена каманда: нягледзячы на стан палітычнага надвор’я вакол Беларусі, унутры краіны павінна жорстка падаўляцца любая актыўнасць. Не толькі на вуліцы, але і ў сацыяльных сетках, таму мы бачым, як апошнім часам узяліся прэсаваць і блогераў.

– Пакуль суды абмяжоўваюцца штрафамі альбо суткамі адміністрацыйнага арышта. Ці могуць узмацніцца рэпрэсіі бліжэй да выбараў?

– Калі нехта выйдзе за межы адміністрацыйных правапарушэнняў і будуць падставы прыцягваць людзей да адказнасці па крымінальных справах, то гэта будуць рабіць. Не выключаю, што могуць з’явіцца новыя палітычныя справы. Гэта ўсё рэальна, бо ўладам неабходна падтрымліваць свой прынцып, ад якога яна не адступаюцца ўжо больш за дваццаць гадоў. Таму не варта нават разлічваць, што для грамадства будзе нейкае паслабленне ў плане рэпрэсій.

Жорсткасць і пакаранне – менавіта такімі інструментамі ўлада карыстаецца, каб задушыць грамадскую актыўнасць.

– Некаторым даюць суткі арышту, але не адразу адпраўляюць адбываць пакаранне, а чакаюць зручны момант, каб ізаляваць чалавека…

– Закон дазваляе так рабіць, хаця людзям ад гэтага не лягчэй. На чалавека ідзе псіхалагічны ціск, таму што ўсё-такі непрыемна жыць з разуменнем, што ў кожную хвіліну вас могуць кінуць за краты.

Задача тых, хто прымяняе такія рэпрэсіі, якраз і заключаецца ў тым, каб такім чынам стварыць людзям дыскамфорт. Каб людзі ведалі, што ў гэты момант не яны кіруюць сваім лёсам, а ім кіруюць чыноўнікі і сілавікі.

Такія загады ідуць з самага верху, а сілавікі і суды выконваюць іх без аніякіх пярэчанняў. Сістэма працуе па-старому. Ніякіх сістэмных зменаў не адбывалася і ў бліжэйшы час не адбудзецца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Малчанаў
  • Аляксей Шыдлоўскі
  • Зьміцер Паліенка
  • Аляксей Бондар