Яўген Афнагель: Прыемна, калі цябе за кратамі віншуюць абсалютна незнаёмыя людзі

Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як сустракаў Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

“Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў праходзіць як звычайна”, – кажа палітык.

Нагадаем, што за акцыі ў падтрымку незалежнасці былі асуджаны да адміністрацыйнага арышту 11 чалавек. Алена Талстая выйшла на волю 31 снежня, 2 студзеня – актывісты Дзяніс Урбановіч, Максім Вінярскі і Яўген Афнагель.

За кратамі па-ранейшаму на ўчарашні вечар заставаліся гомельскі і аршанскі блогеры Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Казлоў, Стас Шашок, Леанід Кулакоў, Алесь Чахольскі, Максім Урбановіч і Павел Севярынец.

– Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў праходзіць як звычайна, – кажа палітык. – Ці то святы, ці то будні дзень – нічога не змяняецца. Хіба што пад Новы год былі чутны салюты на вуліцы і нейкія поклічы людзей.

Акрамя таго, атрымаў перад Новым годам словы падтрымкі ад розных людзей, якія, як я зразумеў, адгукнуліся на заклік у Інтэрнэце і павіншавалі. Было, натуральна, вельмі прыемна, калі віншавалі абсалютна незнаёмыя людзі.

– Бачылі там Паўла Севярынца і іншых вязняў, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі?

– Праз сцены перагукваліся. Але ў той дзень, калі я выходзіў на волю, убачыліся з Паўлам падчас прагулкі. Павіншавалі адзін аднаго са святамі, я яго яшчэ і з Днём народзінаў, які Севярынец адзначыў 30 снежня таксама на Акрэсціна.

Па галасах чуў, хто і дзе сядзіць, у якой камеры, але ўсіх “палітычных” там трымаюць паасобку. Двух палітвязняў у адной камеры не можа быць. Я, напрыклад, знаходзіўся ў камеры з чалавекам, які быў затрыманы нецвярозым на вуліцы. Таксама далі 15 сутак.

– Як супрацоўнікі ізалятара ставіліся да палітвязняў?

– Скажам так, усё было ў межах закона, апроч таго, што мне не дазволілі ўзяць у камеру асадку і пісьмовыя прыналежнасці.

– Гэта быў для вас першы Новы год на Акрэсціна?

– У такіх умовах навагодняе свята сустракаў упершыню, хаця, па вялікім рахунку, не так істотна, калі гэты год сустрэнеш. Таму, калі выйшаў на волю, з жонкай Новы год і адзначаылі. Важна, не калі, а што ты пажадаеш блізкім.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Леанід Сьвецік
  • Антон Койпіш
  • Мікіта Ліхавід
  • Анатоль Паўлаў
  • Аляксандар Казулін